Атамная сталіца Беларусі — рост дабрабыту і чаканне будучыні ў Астраўцы

З пачатку будаўніцтва АЭС насельніцтва Астраўца павялічылася ў два разы, а заробкі працоўнага насельніцтва перавысілі мінскія. Ці надоўга там такое свята дабрабыту, разбіралася «Deutsche Welle».

aes_7_.jpg

Нядаўна ў Астраўцы адзначылі 555-годдзе з моманту першай згадкі пра гэты населены пункт, што ў Гродзенскай вобласці. Доўгі час ён лічыўся пасёлкам, колькасць жыхароў ледзь перавышала восем тысяч чалавек. Жыццё Астраўца і наваколля кардынальна змянілася ў 2011 годзе, калі тут пачалося будаўніцтва Беларускай атамнай электрастанцыі (БелАЭС) — першай у краіне. Астравец атрымаў статус горада, насельніцтва якога з тых часоў павялічылася амаль у два разы.

Свята за кошт «Расатама»

Паказальна, што самым папулярным месцам падчас святочных мерапрыемстваў з нагоды юбілею Астраўца стала пляцоўка «Расатама». Па сутнасці, расійская дзяржкарпарацыя, якая з'яўляецца генеральным праекціроўшчыкам БелАЭС і вытворцам рэактараў для яе, стала і галоўным спонсарам свята. Сярод запрошаных на ўрачыстасці былі і артысты з Расіі.

Самі жыхары Астраўца таксама прызнаюць, што ўсе перамены ў іх жыцці звязаныя з пабудаванай і працуючай побач АЭС. «Жыву тут ужо 40 гадоў і, калі пераехала, нават уявіць не магла, што горад так зменіцца, — дзеліцца пенсіянерка Святлана. — Працавала настаўніцай, і раней нават прымаўка была "Астравец — свету канец". У тым сэнсе, што гэта ўскраіна, дзе ёсць толькі сельская гаспадарка, а да абласнога цэнтра Гродна — амаль 240 кіламетраў».

Цяпер жа, адзначае Святлана, у горадзе шмат моладзі, якая прыехала сюды з іншых рэгіёнаў Беларусі. У Астраўцы з моманту пачатку будаўніцтва АЭС, акрамя жылля, з'явіліся дзве новыя школы, чатыры дзіцячыя садкі, аўтавакзал, стадыён і нават лядовая арэна. Да цяперашняга юбілею адкрылі паліклініку. «Мы ж разумеем, што гэтага нічога б не было без атамнай станцыі, а яе самой — без расійскага крэдыту (на будаўніцтва БелАЭС. — Заўв. рэд.), — дадае Святлана. — Хоць людзі рознае кажуць і не ўсе вераць, што АЭС акупіцца, я гляджу ў будучыню з аптымізмам — справа ж добрая».


Глядзіце таксама

Па ўзроўні заробкаў Астравец абагнаў нават Мінск

Паводле афіцыйных звестак, будаўніцтва атамнай электрастанцыі ў Астраўцы каштавала 11 мільярдаў долараў — з улікам стварэння той самай інфраструктуры, якая з'явілася ў горадзе. Пры гэтым, паводле планаў уладаў у Мінску, меркаваны тэрмін акупнасці БелАЭС павінен скласці 15-20 гадоў. Між тым, пачатак пагашэння выдадзенага Расіяй крэдыту ў 10 млрд. долараў на будаўніцтва БелАЭС быў зноў адсунуты па просьбе Мінска, які таксама, як паведамлялася, дамагаўся і змяншэння аб'ёму плацяжоў.

Апошні раз бакі абмяркоўвалі гэтае пытанне і дасягнулі кансенсусу ў канцы лютага бягучага года, калі быў падрыхтаваны праект пратакола, згодна з якім пагашэнне крэдыту пачнецца праз 6 месяцаў пасля ўводу БелАЭС у эксплуатацыю, але не пазней за 1 красавіка 2024 года (роўна на год пазней за устаноўлены тэрмін). І будзе ажыццяўляцца толькі ў расійскіх рублях 30 роўнымі долямі кожныя 6 месяцаў. У сакавіку 2021 года была ўстаноўлена фіксаваная працэнтная стаўка па крэдыце — 3,3% гадавых. Першапачаткова ў крэдытным пагадненні была замацаваная змяшаная (або плаваючая) стаўка.

Жыхар Астраўца Сяргей расказвае, што для мясцовых жыхароў з'яўленне гэтага аб'екта пакуль нясе толькі плюсы, што ў першую чаргу адбіваецца на даходах: «Плацяць на АЭС вельмі добра, і мае прыяцелі, якія працуюць на станцыі, стабільна маюць заробак у тры тысячы беларускіх рублёў і нават больш».


Глядзіце таксама

Рост дабрабыту фіксуе і дзяржстатыстыка. На пачатку гэтага лета Астравецкі раён аказаўся лідарам у Беларусі па сярэднім заробку, які дасягнуў 2750 беларускіх рублёў. Па гэтым паказчыку раён, на тэрыторыі якога размяшчаецца АЭС, абагнаў нават Мінск і Салігорскі раён, дзе здабываюць сільвініт і вырабляюць калійныя ўгнаенні.

«Пакуль усё гэта — жыллё, сацыяльныя аб'екты, годны заробак — выглядае прывабна для тых, хто пераехаў у Астравец нядаўна», — разважае Зміцер (імя змененае), які працуе ў транспартнай арганізацыі, што абслугоўвае Гродзенскую вобласць. Аднак, паводле яго слоў, ёсць сумневы ў тым, што БелАЭС застанецца прывабным аб'ектам і праз пару гадоў, калі станцыю неабходна будзе запусціць на поўную магутнасць, каб пачаць пагашаць мільярдныя крэдыты.

«Літоўцы проста нам зайздросцяць»

Сумневы ў дадзеным выпадку звязаныя з тым, што, задумваючы праект БелАЭС, улады Беларусі разлічвалі экспартаваць электраэнергію, якая вырабляецца станцыяй, у тым ліку і ў еўрапейскія краіны — да суседзяў. Аднак яшчэ на стадыі праектавання і будаўніцтва аб'ект у Астраўцы падвергнуўся жорсткай крытыцы з боку Літвы, якая сваю Ігналінскую АЭС закрыла яшчэ ў 2009 годзе (гэта было адным з патрабаванняў пры ўступленні краіны ў ЕС), а планы пабудовы новай, у тым ліку сумесна з Латвіяй і Эстоніяй, так і не рэалізавала.

БелАЭС размешчана ўсяго ў 40 км ад Вільні, і літоўскія ўлады сцвярджаюць, што яна стварае пагрозу для экалагічнай бяспекі краіны. У якасці аргументаў яны згадваюць спрэчны выбар пляцоўкі для АЭС і адсутнасць празрыстасці пры ўзвядзенні станцыі. У выніку Літва адмовілася купляць у Беларусі электраэнергію і мае намер не дапусціць яе закупкі краінамі Еўрасаюза.


Глядзіце таксама

У нядаўнім інтэрв'ю дзяржСМІ генеральны дырэктар Беларускай АЭС Міхаіл Філімонаў прызнаў, што канфлікт уладзіць не ўдаецца: «Крытыкаў было шмат. Яны ёсць і цяпер. Але мы ўпэўненыя ў правільнасці свайго выбару на карысць атамнай энергетыкі, таму цвёрда і рашуча ідзём па сваім шляху». Тым не менш, БелАЭС на дадзены момант працуе і, мабыць, у агляднай перспектыве будзе працаваць толькі на ўнутраныя патрэбы: рынак Расіі прафіцытны, а астатнія суседзі Беларусі з палітычных прычын не будуць купляць у яе электраэнергію.

Жыхарка Астраўца Святлана перакананая, што негатыўная рэакцыя Вільні на з'яўленне АЭС у Беларусі не звязаная з экалогіяй і бяспекай: «Я думаю, яны проста зайздросцяць. Сваю атамную станцыю паспяшаліся закрыць, пра гэта пашкадавалі, а цяпер выстаўляюць прэтэнзіі беларусам, што мы зрабілі нешта не так». Такі пункт гледжання даволі распаўсюджаны не толькі ў Астраўцы — яго транслююць і беларускія ўлады.

АЭС суседнічае са знакамітым храмам

Менш чым за дзесяць кіламетраў ад БелАЭС знаходзіцца вёска Гервяты, якая стала славутасцю задоўга да з'яўлення ў краіне атамнай станцыі. Адбылося гэта дзякуючы рымска-каталіцкаму касцёлу Святой Тройцы: яго многія лічаць самым незвычайным і прыгожым храмам у Беларусі.

У саміх Гервятах цяпер пражывае прыкладна 500 чалавек, і мясцовыя жыхары з настальгіяй згадваюць тыя часы, калі іх знакаміты касцёл часам прымаў тысячы турыстаў за дзень. «Многія прыязджалі з Польшчы і Літвы, таму што дзе яшчэ ў Беларусі ўбачыш храм, пабудаваны ў неагатычным стылі і які захаваўся да нашых дзён», — расказвае жыхар Гервятаў Мікалай.

Паводле яго слоў, цяпер замежных гасцей зусім няшмат, але наўрад ці таму віной з'яўленне БелАЭС: «Больш за ўсё адбілася пандэмія, калі былі закрытыя межы. А потым і сітуацыя ў краіне пасля прэзідэнцкіх выбараў у жніўні 2020 года». Што тычыцца беларускіх турыстаў, то для іх наведванне касцёла ў Гервятах часцяком становіцца часткай адзінага маршруту, які праходзіць і паблізу атамнай электрастанцыі. «Гэта ўспрымаецца як экзотыка — сфатаграфавацца ля шпіля нашага касцёла, а потым — на фоне трубы БелАЭС», — падсумаваў Мікалай.