Аздараўленне без лекаў
У наступным годзе нас сапраўды чакае нейкая маштабная палітычная кампанія. Гэта бачна па тым, як ужо зараз заварушыліся ўлады, рэалізуючы ўяўна папулісцкія крокі.
З найбольш важнага — наш любы Аляксандр Рыгоравіч падпісаў чарговы ўказ «Аб фінансавым аздараўленні сельскагаспадарчых арганізацый». Дакумент вельмі дзіўны.
Так, указам выключаецца правядзенне судовай працэдуры банкруцтва неплацежаздольных калгасаў. Судовыя працэдуры банкруцтва ў дачыненні да арганізацый, да якіх яны ўжо пачаліся, спыняюцца. Паўнамоцтвы на «ажыццяўленне фінансавага аздараўлення неплацежаздольных сельгасарганізацый» надаюцца старшыням райвыканкамаў.
Замацоўваецца права работнікаў (за выключэннем кіраўніка, яго намеснікаў і галоўнага бухгалтара) на захаванне працоўных адносін у сельгасарганізацыі, якая перадаецца ў арэнду або давернае кіраванне, на ўмовах, прадугледжаных працоўнымі дамовамі.
Прадугледжана таксама павелічэнне статутнага фонду гаспадарчага таварыства ў межах сумы запазычанасці, якая ўтварылася з перадачай акцый (доляў у статутным фондзе) ва ўласнасць крэдытора; заключэнне міравога пагаднення з крэдыторамі аб змене парадку выканання абавязацельстваў, і гэтак далей.
Указ змяшчае нормы аб эмісіі абл- і райвыканкамамі каштоўных папер для перакладвання запазычанасці на мясцовыя органы ўлады; перадачы ўдзельнікамі гаспадарчага таварыства акцый ва ўласнасць крэдытора, поўнае альбо частковае вызваленне ад маёмасных абавязкаў па пагашэнні запазычанасці.
«Гэта правільны, стымулюючы фактар, — сказаў віцэ-прэм’ер Міхаіл Русы. — Хіба краіна страціць, калі мы знойдзем эфектыўнага ўласніка, яго прастымулюем, а ён нам будзе даваць выручку?»
Але што атрымаецца, калі расказаць пра ўказ простымі словамі? Усё застаецца на сваім месцы. «Права работнікаў на захаванне працоўных адносін» дэ-факта азначае немагчымасць іх звальнення. А немагчымасць іх звальнення — значыць, немагчымасць перапрафілявання калгасаў. Які інвестар будзе набываць стратны і закрэдытаваны калгас, не маючы магчымасці ім распараджацца паводле свайго меркавання?
Ніякі. Ва ўладзе гэта выдатна разумеюць, таму пераклалі «фінансавае аздараўленне» на старшыняў райвыканкамаў альбо «перадачу акцый ва ўласнасць крэдытора». Такім чынам, задачай ратавання стратных калгасаў зоймуцца альбо мясцовыя ўлады (чытай, на гэта пойдуць грошыкі з бюджэту), альбо банкі, якіх «добраахвотна-прымусова» абавязвалі выдаваць крэдыты сельскай гаспадарцы. І якая гэтыя крэдыты не вяртала.
«Нормы аб дадатковай эмісіі каштоўных папер» — увогуле дзіва. Колькі ні выпускай дадатковых акцый стратнага прадпрыемства, стратным ад гэтага яно быць не перастане. І чым будуць забяспечаныя дадатковыя акцыі? Пазыкамі?
Самае цікавае: указ ніяк не прымушае варушыцца самі калгасы і іх працаўнікоў. Яны як былі на крэдытным, бюджэтным і іншым забеспячэнні, так там і застаюцца. А звольніць нядбайнага працаўніка па-ранейшаму немагчыма.
Такім чынам, стратную сельскую гаспадарку пераклалі «з хворай галавы на здаровую», па-сутнасці нічога не змяняючы ў яе сістэме. Канешне, і банкі, і райвыканкамы цяжка назваць «здаровай галавою», але кіраўнік краіны зрабіў адно — забяспечыў калгаснікам «стабільнасць» і захаванне іх установаў. І толькі.
Дзякуючы кіраўніку дзяржавы ў чарговы раз пацярпела антыалкагольная ініцыятыва МУС і Мінгарвыканкама. Апошнія зноў паспрабавалі абмежаваць продаж алкаголю ўначы, матывуючы гэта ростам злачыннасці і правапарушэнняў. Лукашэнка распарадзіўся абмежаванні адмяніць на працягу сутак.
Прэзідэнцкія чыноўнікі, нібыта, занепакоеныя, што замест чаканага станоўчага выніку адбудзецца рост ценявога рынку і крымінальнай сферы, у тым ліку павелічэнне прапановы кантрафактнай прадукцыі. «Попыт заўсёды знаходзіць прапанову. Продажы гарэлкі тымі ж таксістамі, рост ужывання любых вадкасцяў з утрыманнем спірту, праблема кантрафакту... І, як вынік, павелічэнне колькасці правапарушэнняў і атручванняў, дадатковая нагрузка на сістэму аховы здароўя», — заявілі ў Адміністрацыі прэзідэнта.
Што мы бачым з гэтага? Тое, што Лукашэнка меў рацыю, калі казаў, што многія кіраўнікі высокага рангу «закладалі за каўнер». Інакш адкуль у Адміністрацыі прэзідэнта настолькі дэталёвыя веды пра тое, дзе можна набыць алкаголь у часы забароны яго продажу, і якія вадкасці можна ўжываць замест гарэлкі?
Канешне, забаронамі праблему алкагалізацыі насельніцтва не вырашыш, але насамрэч яна была даволі бяскрыўднай. На двухмільённы Мінск — хіба з дзясятак крамаў, якія гандлююць кругласуткава. Сумняваюся, каб забарона на начны продаж алкаголю істотным чынам паўплывала б на аб’ёмы гандлю. Але, мажліва, яна б спрацавала як стрымліваючы фактар для аматараў начной «дагонкі».
А вось для тых, хто больш заможны, пакуль ніякіх добрых навінаў няма. Міністр сувязі і інфарматызацыі Беларусі Канстанцін Шульган на тыдні паведаміў, што ліміт у 22 еўра, які існуе для бяспошліннага ўвозу тавараў у міжнародных паштовых адпраўленнях у Беларусь, можа быць павялічаны да 200 долараў і 31 кілаграма. Такі праект указа толькі «прапрацоўваецца».
Зазначым, што гэтыя нормы існавалі да красавіка 2016 года. А тады ўказам Лукашэнкі норма была зніжаная да 22 еўра на месяц. Бачна, гэта нічога не дало, але вяртаць усё назад не спяшаюцца.
Пэўныя праблемы ўзніклі ў «Белавіі». Яна планавала прадаваць «безбагажныя» квіткі па меншых коштах, але міністр транспарту і камунікацый Анатоль Сівак кажа, што для гэтага трэба ўнесці змены ў заканадаўства.
«Мы хочам, каб нас падтрымалі іншыя партнёры (не адзін Мінтранс прымае рашэнне, ёсць Міністэрства фінансаў, Міністэрства па падатках і зборах), і на кожным рэйсе «Белавія» былі квіткі, пра якія любіць пісаць спажывец «зусім танныя». Кошт такіх квіткоў таксама можа быць увязаны з пэўнай глыбінёй продажаў. Гэтая сістэма будзе падобная на прынцыпы працы лаўкостаў», — адзначыў Сівак. Але калі заканадаўства зменіцца? Невядома.
Такім чынам, мы бачым, што Лукашэнка паклапаціўся пра калгаснікаў і алкаголікаў. А пра тых, хто карыстаецца інтэрнэтам, замаўляючы тавары на «Аліэкспрэсе», ці лётае самалётамі — не. То бок, кіраўнік дзяржавы ашчаслівіў выключна свой электарат. А значыць, разлічвае на іх падтрымку. То бок, хутка выбары?