Беларусь і Расія дамовіліся аб схеме кампенсацый за падатковы манеўр

Расія пакрые Беларусі страты ад падатковага манеўру, увёўшы зваротны акцыз для беларускіх НПЗ, сцвярджаюць крыніцы РБК. Сума субсідый можа скласці да 1,5 млрд долараў.

1498701984_1023408981.jpg

Вырашана, што Расія дасць беларускім НПЗ так званы адмоўны акцыз, кажуць дзве крыніцы РБК, знаёмыя з ходам перамоваў. Гэта падатковы вылік, уведзены для расійскіх НПЗ у рамках падатковага манеўру з 2019 года. Пра тое, што такі варыянт абмяркоўваецца, у лістападзе заявіў расійскі віцэ-прэм'ер Дзмітрый Казак. Паводле яго слоў, беларускія прадпрыемствы змогуць атрымліваць вылік, як і расійскія, калі дзве краіны ўніфікуюць Падатковы кодэкс у рамках эканамічнай інтэграцыі. Рэальна гэта здарыцца не раней за 2022 года, сказаў БелТА ў пачатку снежня пасол Беларусі ў Расіі Уладзімір Сямашка. Да гэтага часу Расія зможа кампенсаваць страты Беларусі ад манеўру, але толькі ў пэўным аб'ёме за кошт змянення цэнаўтварэння на нафту, адзначыў Сямашка. Паводле яго слоў, наступны год беларускія заводы павінны прайсці бязбольна.
Нафтаперапрацоўчая галіна з'яўляецца для Беларусі крытычна важнай, не менш як чвэрць усяго экспарту краіны складае яе прадукцыя. Таму МВФ лічыць, што падатковы манеўр з'яўляецца галоўнай небяспекай для беларускай эканомікі: калі Расія адмовіцца кампенсаваць Беларусі страты ад манеўру, гэта можа прывесці да рэцэсіі.
Перамовы аб кампенсацыі — частка працы па ўзгадненні ўмоў паглыблення інтэграцыі Беларусі і Расіі. 20 снежня ў Санкт-Пецярбургу чарговую сустрэчу па гэтай тэме правядуць Аляксандр Лукашэнка і Уладзімір Пуцін.
Іншым балючым для Мінска пытаннем застаецца цана на газ з Расіі з 2020 года, канстатаваў Сямашка. Яна павінна быць узгодненая ў бліжэйшыя два тыдні, бо дзеючы дагавор аб пастаўках расійскага газу ў Беларусь мінае 31 снежня і да гэтага часу не вызначаныя ні аб'ёмы паставак, ні цана. Мінск просіць газ танней 100 долараў за 1 тыс. куб. м (цяпер Масква прадае яму газ па 127 долараў за 1 тыс. куб. м), распавяла РБК крыніца, знаёмая з перамовамі з расійскага боку. Удакладніць суму суразмоўца адмовіўся, аднак адзначыў, што Беларусь больш не настойвае на тым, каб Расія пастаўляла ёй газ па такім жа кошце, як і Смаленскай вобласці, гэта значыць па 73 долара за 1 тыс. куб. м.