Зянон Пазьняк: Рыхтуймася да абароны краіны
Кіраўнік партыі КХП-БНФ перакананы, што апошнія гучныя падзеі — выхад фільма NEXTA і прызнанне былога байца САХР у забойстве апазіцыйных палітыкаў — спроба Масквы націснуць на Лукашэнку ў пытаннях інтэграцыі.
Такое меркаванне палітэмігрант выказаў на сайце «Беларуская Салідарнасць». Прыводзім яго цалкам.
«У інтэграцыйнай вайне па захопу Беларусі маскоўскі палітычны крымінал іграе па адных і тых жа нотах: шантаж і палоханне сатрапа, каб хутчэй здаваў Беларусь.
Звычайна выпускаюць прапагандысцкі відэаматэрыял, у якім паказваюць ягоныя крымінальныя ўчынкі, парушэнні закона ці выцягваюць нейкіх сведак, ці схаваныя дакументы і т. п.
Маскоўская палітмафія такім чынам палохае сваё “дзецішча” Лукашэнку, каб здаваўся, а то, маўляў, усё раскажам пра цябе грамадству і міжнароднай супольнасці — страціш уладу, невуч.
На невуча гэта асабліва ня дзейнічае па прычыне, што чхаць яму на грамадства, “народзец” і міжнародную супольнасць. Усё схоплена.
Па схеме палохання быў зроблены чарговы відэаматэрыял фірмы NЕХТА — “Лукашенко. Уголовные материалы” (па ідэалогіі – гэта прафесійны маскоўскі праект — канцэнтрацыя не на галоўным, а на “паралелях” і нічога — пра Расію.), якое набрала два мільёны праглядаў, але рэальна ні на што не паўплывала.
І вось цяпер мы бачым, што Масква як быццам збіраецца іграць “на банк” па старой песні. У 2018 годзе на Захад выязджае адзін з бандытаў (быццам бы) “эскадрона смерці”. Там ён дае паказанні ў відэа-інтэрв’ю “Нямецкай хвалі” аб забойстве беларускіх палітыкаў у 90-х гадах (фільм зроблены рускай службай, уся група пазначана ў цітрах). Акурат цяпер, у разгар маскоўскага гандлю па інтэграцыі, гэтае відэа з'яўляецца ў эфіры. Магчыма, што на Захад пераправілі ні аднаго “сведку”, каб задзейнічаць у справе Еўразвяз (а Масква — збоку).
Характэрна, што ў цяперашнім укідзе няма нічога новага, чаго б не было ўжо раней вядома і пацверджана пра забойства палітыкаў (”сведка” таксама паўтарае тое, што ўжо вядома). Але шум зроблены, Масква пацірае ручкі, гуляючы лёсам забітых людзей (якія яе не цікавяць). Тыповая псіхалогія і карціна канфлікту прапагандысцкай палітыкі.
Масква ўцягнула Лукашэнку ў крымінальныя забойствы, валодае ўлікамі і дакументамі гэтых забойстваў, выкарыстоўвае іх для дасягнення інтэграцыйнай акупацыі Беларусі шляхам шантажу свайго кліента, каб той падпісаў, што яны патрабуюць.
У іхным “загашніку” страшылак кліента яшчэ жахлівы выбух у мінскім метро (18 ахвяр), паспешны расстрэл падазраваных асобаў па недаказанай віне, “узрыўпакеты з сокам”, файерверкі, забойствы бізнесменаў і крымінальных “аўтарытэтаў”.
Пра якія макабарычныя рэчы прыходзіцца пісаць. Да чаго дажыліся мы, беларусы! Гэта ж якая цемра ўзнялася вырашаць жыццё і будучыню народа.
Зразумела, што супраць бандаў, якія захапілі ўладу ў Мінску і ў Маскве, мусіць быць грамадская мабілізацыя. Але гісторыя, на жаль, паказвае, што, каб застацца, банды хапаюцца за зброю. Без лішніх слоў, у дваццаць пяты раз паўтараю: рыхтуймася да абароны краіны. Усё спатрэбіцца».