Беларусаў падзеляць на гатункі

Распачатая два дзясяткі гадоў таму лічбавая рэвалюцыя прынесла людзям не чаканую роўнасць, а яшчэ мацнейшы падзел на багатых і бедных. У яшчэ больш выродлівай форме гэта можа выявіцца ў Беларусі, якую ўлады вырашылі ператварыць у «IT-краіну».

47_620x620.jpg

 


«Лічба» як крыніца няроўнасці


Пра гэта стараюцца не казаць, але і адмаўляць нельга: «лічбавая рэвалюцыя» прывяла да яшчэ большай няроўнасці паміж людзьмі, прадпрыемствамі і дзяржавамі. Мы жылі з міфамі пра тое, што лічбавая эканоміка здольная няроўнасць згладзіць, бо інфармацыйныя тэхналогіі танныя і ўсім даступныя. Але, як піша амерыканскі праграміст і IT-прадпрымальнік Марцін Форд, IT-сфера дэмакратычная толькі на першы погляд.
Сапраўды, каб стварыць IT-стартап, як правіла, не патрэбныя вялікія ўкладанні ці дыплом элітнага інстытута. Але адсутнасць бар'ераў у выглядзе нацыянальных межаў, мытаў і адлегласцяў прыводзіць да імклівай манапалізацыі рынка — нашмат большай, чым у рэальным сектары.
«Прыбыткі ад бізнесу ў інтэрнэце заўсёды адпавядаюць мадэлі размеркавання, у якой пераможца атрымлівае ўсё. Хоць у тэорыі інтэрнэт павінен зраўняць усіх з пункту гледжання магчымасцяў, прыбраўшы бар'еры на ўваходзе, фактычна бізнес у ім заўсёды прыводзіць да высокага ўзроўню няроўнасці», — піша Форд.

953jmmndfbw.jpg


IT-кампаніі даўно абганяюць прадпрыемствы рэальнага сектару эканомікі. У 2016 годзе рэйтынг найбольш дарагіх кампаній ЗША ўпершыню ўзначалілі спрэс «кампутаршчыкі», пацясніўшы Exxon Mobil Corp., якая з 1980 года ні разу не апускалася ніжэй за пяты радок. Пры тым у IT-карпарацыях працуе ў разы менш людзей. Для параўнання: Google паказаў прыбытак амаль у 14 млрд долараў, маючы ўсяго 38 тысяч супрацоўнікаў, у той час як у General Motors на момант яе росквіту працавала 840 тысяч чалавек. І сёння ўсе пяць кампаній з найвялікшай капіталізацыяй — менавіта «лічбавыя»: Google, Apple, Amazon, Facebook і Microsoft.
Нават Сусветны банк у сваім дакладзе «Лічбавыя дывідэнды» быў змушаны прызнаць: «Эфект ад выкарыстання лічбавых тэхналогій аказаўся слабейшы, чым чакалася, і размяркоўваецца нераўнамерна. Краінам неабходна займацца і «аналагавымі дадаткамі»: удасканальваць заканадаўства, якое забяспечвае канкурэнцыю паміж кампаніямі, прыводзіць кваліфікацыю працаўнікоў у адпаведнасць з патрабаваннямі новай эканомікі».
 

Па-за бортам «лічбы»


Асобная тэма — сацыяльныя наступствы IT-рэвалюцыі, якія выходзяць далёка за межы расслаення на «новых багатых» і «старых бедных». Сёння беларускія чыноўнікі на чале з кіраўніком дзяржавы нас пераконваюць: «Развіццё лічбавай эканомікі павялічыць дабрабыт грамадзян краіны». Хітруюць. Лічбавая эканоміка сапраўды павялічвае дабрабыт людзей, але толькі тых, хто распрацоўвае інфармацыйныя тэхналогіі. І адначасова яна пазбаўляе працы іншых грамадзян праз аўтаматызацыю іх дзейнасці. Гэта ўжо добра відаць у банкаўскім сектары: укараненне сістэм самаабслугоўвання праз інтэрнэт вядзе да масавага звальнення аперацыйнага персаналу і скарачэння офісаў.
У Беларусі 60-70% працаўнікоў наўпрост ці ўскосна залучаныя ў масавую вытворчасць. Паводле прагнозаў, доля аўтаматызацыі працэсаў у вытворчасці і лагістыцы дасягне да 2035 года 95%, а 50-70% цяперашніх працоўных месцаў перастануць існаваць.
Новыя працоўныя месцы наўзамен скарочаных сапраўды з'яўляюцца, але для адных людзей гэта высокааплатныя месцы распрацоўшчыкаў новых тэхналогій, а для іншых — працоўныя месцы на працаёмкіх вытворчасцях і іншая руцінная праца. Нават проста купляючы тавары ў інтэрнэце, адзін чалавек вызваляе сабе час для росту сваіх інтэлектуальных магчымасцяў, але іншы, які страціў працу і змушаны ісці працаваць кур'ерам у інтэрнэт-краму ці таксістам у Uber, страчвае атрыманую ва ўніверсітэце кваліфікацыю. Лічбавыя тэхналогіі дазваляюць скараціць час на камунікацыі, паскорыць усе эканамічныя працэсы. Але што ў выніку паскарэння гэтых працэсаў адбудзецца — росквіт ці дэградацыя эканомікі, — залежыць ад вектару развіцця, які якраз цяпер задае ўлада.
І ў гэтым сэнсе ліхаманкавае ператварэнне Беларусі ў «IT-краіну» насцярожвае, хоць павіннае цешыць. Давайце паглядзім, чаму.

77889.jpg


«Беларусь лічбавая» vs «Беларусь аналагавая»


«Штучны інтэлект, беспілотныя аўтамабілі, тэхналогіі блокчэйн, лічбавыя валюты… Пералічваць можна доўга. Наша задача — стварыць такія ўмовы, каб сусветныя лідары ў гэтых сферах адкрывалі ў Беларусі свае прадстаўніцтвы, цэнтры распрацовак і стваралі запатрабаваны ў свеце прадукт з высокай дададзенай вартасцю», — заявіў кіраўнік дзяржавы ў красавіцкім пасланні народу і парламенту.
Збіраючыся ўсёй моцай дзяржапарату будаваць лічбавую эканоміку напрыканцы другога дзесяцігоддзя XXI стагоддзя, Беларусь чарговы раз спазняецца ў параўнанні з перадавымі краінамі. Лічбавая рэвалюцыя ўжо адбылася, бізнес перайшоў на электронныя формы ўзаемадзеяння — як са сваімі партнёрамі і кліентамі, так і з уласнымі супрацоўнікамі. Тое, што ў нас яшчэ не развітая сістэма лічбавых подпісаў, няма электроннага ўзаемадзеяння паміж дзяржавай і бізнесам, паміж краінамі ЕАЭС, не інтэграваныя інфармацыйныя сістэмы ведамстваў, — гэта праблемы той самай трухлявай электроннай дзяржавы, якая ўсё ніяк не можа саспець.

866e88eab332933.jpg


Лічбавая эканоміка тут зусім ні пры чым, яна ўжо існуе, проста яе трэба падтрымаць заканадаўча. Аднак у нас гэта чамусьці прымае гратэскавыя формы. Цяпер у сеціве абмяркоўваюць праект новага прэзідэнцкага дэкрэта, пакліканага радыкальна палепшыць становішча ПВТ. Настолькі, каб не проста прыцягнуць у Беларусь IT-кампаніі з усяго свету, а наогул стварыць у краіне новую лічбавую эканоміку, паралельную старой — аналагавай. Невыпадкова найбуйнейшыя айчынныя IT-бізнесмены аб праекце дэкрэта выказваюцца ў сэнсе «гэта занадта добра, каб быць праўдай».
Сапраўды, для IT-кампаній, айчынных і замежных, у Беларусі мяркуецца стварыць умовы беспрэцэдэнтнай эканамічнай свабоды. Апроч лаяльнага падаткаабкладання айцішнікам дазволяць вельмі шмат што яшчэ — ад крыптавалюты і дронаў да самых незвычайных бізнес-мадэляў і адсутнасці валютнага кантролю. А «вішанька на торце» — тое, што да IT-кампаній у ПВТ будзе ўжывацца не беларускае заканадаўства, а брытанскае права! Як той казаў: «Канстытуцыя? Не, не чуў».
Таксама, згодна з праектам, ПВТ пашырыць сваю дзейнасць і на навукаёмістую прамысловасць, і на IT-адукацыю, і на рэгуляцыю крыптавалют, і на венчурнае фінансаванне, і на сучаснае інвестыцыйнае правапрымяненне, на беспілотны транспарт і іншыя рэчы. Аднак увесь бізнес у краіне па вызначэнні не можа быць IT-бізнесам: хтосьці павінен пячы хлеб, будаваць дамы і гэтак далей. Нарэшце, нікуды не падзенуцца шматлікія стратныя дзяржпрадпрыемствы, якія не маюць аніякага дачынення да «лічбавай эканомікі».

1b6fe7642.jpg


Паралельная Беларусь


Калі дэкрэт пра ПВТ будзе прыняты ў яго цяперашнім выглядзе, у краіне сфармуюцца дзве паралельныя эканомікі: прывязаная да ПВТ (але ў нашмат шырэйшых межах, чым сёння) і «традыцыйная». Адпаведна, замест структурных рэформаў для ўсіх мы атрымаем падзел беларускіх прадпрыемстваў на «карысныя» (якія звязаныя з IT) і «баласт». Першыя атрымаюць цяплічныя ўмовы існавання і надзаконны статут для рэзідэнтаў падатковага гета, другія працягнуць прадзірацца скрозь церні дзяржаўнага рэгулявання.
Такая ж лінія падзелу пройдзе і па беларускім грамадстве. Ужо сёння, усяго за дзясятак гадоў існавання ПВТ, у Беларусі сфармавалася каста айцішнікаў — людзей з узроўнем заробкаў, на парадак вышэйшым, чым у «электарату». І ў будучым інфармацыйным грамадстве прывілеяваным класам стануць супрацоўнікі IT-сферы — распрацоўнікі софту, сістэмныя адміністратары, менеджары IT-кампаній і да т.п. І тут ізноў мы бачым падзел дзяржаўнай палітыкі: людзі, «датычныя» да лічбавай эканомікі, змогуць жыць практычна ў іншай рэальнасці — зусім не ў той, у якой застанецца большасць насельніцтва.