Беларускай мадэлі засталося на тры дні?

На зыходзе трэцяга дзесяцігоддзя будаўніцтва беларускай мадэлі ва ўвесь рост паўстала праблема «выжывання большасці галін» — а значыць, і мадэлі ў цэлым!

Ілюстрацыйнае фота. Дзмітрый Дзмітрыеў

Ілюстрацыйнае фота. Дзмітрый Дзмітрыеў

«Жил старик со своею старухойУ самого синего моря;Они жили в ветхой землянкеРовно тридцать лет и три года»А. С. Пушкин


Вялікае бачыцца на адлегласці. Спатрэбілася пражыць два разы па трыццаць тры гады, а потым яшчэ тры гады, каб усвядоміць усю глыбіню «Казкі пра рыбака і рыбку». Яна не пра рыбака і рыбку. Яна пра Саюзную дзяржаву, дакладней, пра яе самоту.
Не верыце? Тады звярніцеся да прэс-рэлізу аператыўнай нарады з вайскоўцамі на галоўным сайце краіны: «Трэба быць разам з тым, хто... Ну з кім мы можам быць разам? З палякамі? Ніколі. Вы бачыце іх пазіцыю. З прыбалтыйскімі рэспублікамі? Дык яны самі прыткнуліся да кагосьці. З украінцамі — вы бачыце, што ў нас атрымалася».
Што ў сухім астатку? Наша Расія. Матухна Расія. Расія-карміцелька. Для тых, хто з такім поглядам на сухі астатак не згодны, працытую: «Гэта ў нашых інтарэсах. Калі хто-небудзь думае: «Вы ведаеце, гэта не наша», добра, тады мы павінны разумець, што гэта не наша. Расія не наша. Але трэба разумець, што мы павінны працаваць і жыць, як ва Украіне. Прыродны газ 1200 долараў за тысячу кубоў».
Наша яна, матухна, наша. Не сумнявайцеся. Таму і газ за 128,52 «зялёных». Розніца на парадак! Без гэтай розніцы не відаць сярэднестатыстычнаму беларусу сярэднестатыстычнага заробку ў 657 долараў у снежні. Аднак гэта ў снежні — з улікам выплат па выніках года і пры курсе ў 2,55 рублі за долар. А якім ён будзе ў сакавіку?
Не ўсё ў руках Божых, сёе-тое і прэзідэнту Джозэфу Байдэну дасталося. Днямі ён распарадзіўся пра ўвядзенне ў дачыненні да Расіі новых «магутных» санкцый: «Мы абмяжуем магчымасць для Расіі весці бізнес у доларах, еўра, фунтах, енах, быць часткай сусветнай эканомікі».
Дык ці ж тое пагроза! Ніколі ў сваёй гісторыі Расія не імкнулася стаць нечай часткай, таму жылі, жывуць і будуць жыць большасць расійскіх старых людзей у старых зямлянках, але з пачуццём прыналежнасці да вялікай дзяржавы.

«Ціха сам з сабою...»

Адным з сінонімаў слова «імпартазамяшчэнне» з'яўляецца слова «ананізм». Абодва маюць прамое дачыненне да слова «самазадавальненне». Вікіслоўнік дазваляе азнаёміцца і са значэннямі слова. Ён рэкамендуе чытачам, зацыкленым на эканамічнай тэматыцы, кнігу гісторыка Арона Гурвіча «Катэгорыі сярэднявечнай культуры».
Сярэднявечная культура, сярэднявечная эканоміка натуральным чынам заточаныя на самазадавальненне. Але, як аказалася, і сучаснасць яму не чужая.
Канкрэтны прыклад. Паводле звестак партала Aviation Experts, 93 працэнты замежных самалётаў забяспечваюць практычна ўсе пасажырскія перавозкі ў Расіі. 60 працэнтаў рынку займаюць пры гэтым самалёты Airbus і Boeing.
З таго ж дакумента вынікае, што да 2030 года авіякампаніям Расіі спатрэбіцца каля 700 новых самалётаў. Эксперты нагадваюць, што адзіным грамадзянскім самалётам, які выпускаецца серыйна на постсавецкай прасторы, з'яўляецца Superjet 100. У 2021 годзе выраблена 23 самалёты, у 2022 годзе чакаецца яшчэ 18.Невялікае ўдакладненне наўздагон: на 80% расійскі суперсамалёт складаецца з імпартных дэталяў.
Пытанне пра забарону імпарту ў Расію самалётаў і запчастак да іх практычна вырашанае. Гэта азначае, што не толькі авіяпарк не будзе папаўняцца, але і ўжо набытыя самалёты ў бліжэйшы час будуць пастаўленыя на прыкол у краіне, якая распасціраецца на 11 (!) часавых паясоў.
З імпартазамяшчэннем вас, дарагія таварышы! З самазадавальненнем!

«Вы гатовыя плаціць?»

У сваёй публічнай лекцыі, прачытанай за дзень да пачатку расійскай агрэсіі супраць Украіны, прафесар Чыкагскага ўніверсітэта Канстанцін Сонін прывёў, сярод іншых, і наступны факт: «Прыкладна з 2008 года ідзе стагнацыя — сярэднія тэмпы росту меншыя, чым падчас застою 1970-х гадоў».
Чым скончыўся застой, мяркую, можна не нагадваць. Адным з трыгераў, якія запусцілі лавінападобны працэс дэградацыі савецкай мадэлі, паслужыў увод войскаў у Афганістан. Але дзе той Афганістан і дзе Украіна? Калі да таго (да ўвядзення маштабных эканамічных санкцый) расійская эканоміка стагнавала, дык чаго варта чакаць цяпер?
Памыліцца той, хто палічыць апошняе пытанне рытарычным. У Пасланні–2022 на яго быў дадзены разгорнуты адказ: «Мы многае, калі не ўсе, зможам зрабіць самі. Гэта ўмова захавання нашага суверэнітэту, патрэбна толькі сістэмная і ўпарадкаваная праца па забеспячэнні эканамічнай самадастатковасці краіны.
Усё ў нас гэта ёсць. Таму намечаныя планы па імпартазамяшчэнні з'яўляюцца асновай выжывання большасці галін, дазволяць адысці ад санкцыйнай уразлівасці. Пытанню імпартазамяшчэння будзе нададзеная першасная ўвага ў наступнай пяцігодцы».
На зыходзе трэцяга дзесяцігоддзя будаўніцтва беларускай мадэлі ва ўвесь рост паўстала праблема «выжывання большасці галін» — а значыць, і мадэлі ў цэлым!
Думка пра тое, што мадэль аказалася каля чырвонай рысы, чырвонай жа ніткай праходзіць праз усё Пасланне–2022. Пра гэта, калі хто не зразумеў, і тры пытанні, звернутыя да беларускага грамадства. Не магу ўтрымацца, каб не нагадаць іх: «Ці гатовыя вы, беларусы, плаціць за ўласную абарону, за ўласную дзяржаву?», «Вы гатовыя плаціць за гэта дарагую цану, імя якой — суверэнітэт і незалежнасць?» і «Ці гатовыя вы быць ініцыятыўнымі і працаваць на сябе?»
Як тут ні прыгадаць плакат часоў Грамадзянскай вайны з чырвонаармейцам: «Ты запісаўся...», « Ты гатовы...».Асабіста я быць ініцыятыўным і працаваць на сябе гатовы. І гэты опус — яскравае таму сведчанне.