«Няхай вайна іх накорміць»: Зяленскі заклікаў мір байкатаваць гандлёвыя адносіны з Расіяй

У прыватнасці, ён просіць адмовіцца ад нафты і нафтапрадуктаў з Расіі, а таксама не пастаўляць у РФ тавары і паслугі.

uladzimir_zjalenski.jpg

Пра гэта Зяленскі заявіў у сваім відэазвароце:
«Мы абараняемся ад уварвання ўжо 12-ы дзень. Мы ніколі не хацелі гэтай вайны, але яе прынеслі да нас. Мы ніколі не марылі забіваць, але нам даводзіцца выбіваць ворага з нашай зямлі і з нашага жыцця. Нам даводзіцца цярпець тое, чаго ніводзін іншы народ Еўропы не бачыў 80 год. І менавіта на нашай зямлі вырашаецца, ці стане хто-небудзь іншы ў Еўропе ахвярай такой жа агрэсіі», — адзначыў прэзідэнт.
Па словах Зяленскага, ён абмяркоўваў гэта з лідарамі свету і чуў, што яны згаджаюцца: будучыню кантынента вырашае Украіна сваім супрацівам і яе сябры сваёй дапамогай.
«Калі ўварванне працягваецца і Расія не адмовілася ад сваіх планаў супраць Украіны, значыць патрэбны санкцыйны пакет, новыя санкцыі, новыя санкцыйныя крокі супраць вайны дзеля міру. Патрэбен байкот расійскага экспарту, у прыватнасці, адмова ад нафты і нафтапрадуктаў з Расіі. Гэта можна называць эмбарга, а можна проста мараллю. Калі адмаўляешся даваць грошы тэрарысту», — падкрэсліў ён.
Кіраўнік Украіны таксама заклікаў байкатаваць пастаўкі тавараў у РФ.
«Калі не могуць выконваць цывілізаваныя правілы, то не павінны атрымліваць і тавараў і паслуг. Няхай вайна іх накорміць», — падкрэсліў ён.
Зяленскі заявіў, што міжнародная супольнасць павінна дзейнічаць яшчэ больш рашуча. «Калі хтосьці губляе розум, трэба страціць страх і забыцца пра камерцыю. Трэба абараняцца. Трэба быць маральнымі і дзяржавам, і кампаніям. Трэба змагацца супраць бесчалавечнай сілы, якая хоча разбурыць саму чалавечнасць. Поспех украінскай арміі, воля ўкраінскага народа, прынцыповасць міжнародных санкцый — вось шлях да міру», — сказаў Зяленскі.