Беларуская чыгунка можа перайсці на чатырохдзёнку

Беларуская чыгунка знізіла перавозкі пасажыраў і грузаў на фоне пандэміі каронавіруса і праблем у розных галінах эканомікі. Частка персаналу могуць адправіць на чатырохдзёнку.

belzhd_naznachila_bolee_80_dopolnitelnykh_poezdov_na_prazdniki.jpg

У апошні час Беларуская чыгунка сутыкнулася з шэрагам праблем. Па грузавых перавозках назіраецца значнае зніжэнне абаротаў.
Паводле дадзеных БЧ, за два месяцы гэтага года перавезена 18,1 млн тонаў грузаў. Гэта на 21,2% менш, чым за аналагічны перыяд мінулага года. Увоз грузаў знізіўся на 1,3% (да 2,4 млн тон), вываз — на 26,9% (да 6,4 млн тон), транзіт — на 39,3% (да 4,4 млн тон).
Зніжэнне грузавых перавозак адбылося з-за скарачэння паставак нафтапрадуктаў і калійных угнаенняў. Афіцыйныя дадзеныя па гэтых пазіцыях пакуль ёсць толькі за студзень. Так, экспарт нафтапрадуктаў скараціўся на 69,6% (да 305,9 тысячы тон), калійных угнаенняў — на 32,8% (да 435,9 тысячы тон) у параўнанні са студзенем 2019 года.
Акрамя таго, знізіўся транзіт паміж Расіяй і Латвіяй, а таксама транзіт кантэйнерных цягнікоў, паведамляецца на старонцы ва «Укантакце» суполкі Беларускай чыгункі.
«Упаў транзіт на краіны Балтыі. У дадатак у гэтым годзе зіма цёплая, таму цяпер няма вугалю, які ішоў праз нас. Па калію таксама ёсць праблемы, але яны пачынаюць трохі ўздымацца на ногі. Нафта, натуральна, адбілася. Раз няма перапрацоўкі, няма і адгрузкі. Увогуле, ёсць шмат фактараў. Але гэта яшчэ было цярпіма, калі б не закрыццё межаў. Гэта самае страшнае, што адбылося», — распавялі Naviny.by у аб'яднанай галіновай прафсаюзнай арганізацыі чыгуначнікаў і транспартных будаўнікоў Беларускага прафесійнага саюза работнікаў транспарту і камунікацый.
З-за пандэміі каронавіруса нашы суседзі зачынілі межы. Часова спыненыя перавозкі пасажыраў паміж Беларуссю і Польшчай, Літвой, Латвіяй і Украінай. У Расію ходзіць толькі два цягнікі: Мінск — Масква і Брэст — Санкт-Пецярбург. Скараціліся і перавозкі пасажыраў унутры краіны.
«Унутраныя перавозкі усё жыццё былі стратнымі, а міжнародныя былі прыбытковымі, але іх проста не стала. Тыя, што засталіся два цягнікі, якія будуць хадзіць, сітуацыю не выправяць. Такога ніколі не было», — падкрэслілі ў прафсаюзе.
Там распавялі, што на фоне праблемы, якая паўстала некаторых работнікаў БЧ просяць браць адгулы і адпачынкі. Разглядаецца пытанне аб пераводзе часткі персаналу на чатырохдзёнку.
«У кагосьці ёсць перапрацоўкі, у кагосьці яшчэ не выкарыстаныя адпачынкі. На чатырохдзёнку мы пакуль не пераходзілі. Але пытанне такое прапрацоўваецца», — распавялі ў прафсаюзе.
Там адзначылі: калі будзе прынята афіцыйнае рашэнне аб пераходзе на чатырохдзёнку, то яно закране далёка не ўсіх работнікаў, а ў першую чаргу тых, хто займаецца пасажырскімі перавозкамі. Такіх каля 5 тысяч чалавек. Усяго на БЧ працуе больш за 70 тысяч чалавек.
«Калі і пяройдуць, то не ўсе. Тысячы дзве. У асноўным гэта закране тых, хто звязаны з перавозкамі пасажыраў. Гэта цягніковая і лакаматыўная брыгады і рамонтны персанал», — сказалі ў прафсаюзе.
Там падкрэслілі, што пераход на чатырохдзёнку варта расцэньваць як рашэнне, якое накіравана на тое, каб захаваць працоўны калектыў.
«Звольніць людзей прасцей за ўсё, а потым што рабіць, калі пойдзе аб'ём? Гэта не так проста — потым узяць людзей з боку», — распавялі ў прафсаюзе.
tut.by