Беларускія мастакі праз каронавірус не могуць пакінуць Чарнагорыю
Група беларускіх мастакоў з'ехала на пленэр яшчэ 2 сакавіка.
Гэтае мерапрыемства арганізаваў чарнагорскі бізнэсмэн Ратка Паповіч, прычым робіць ён гэта ўжо не першы год. Высока ў гарах прадастаўляе беларускім мастакам жыллё і харчаванне за свой кошт, і людзі месяц спакойна займаюцца творчасцю. Расплачваюцца, як гэта прынята, сваімі карцінамі. Вось і гэтай вясной чацвёра мастакоў — Аляксей Марачкін, Наталля Піневіч, Алесь Палей і Настасся Патворава — прыехалі ў Чарнагорыю ў пачатку сакавіка. І ў Мінск павінны былі вярнуцца не пазней за 3 красавіка. Але зараз іх ад'езд адкладаецца як мінімум на 20 дзён, бо на час каранціну авіязносіны спынены. Зрэшты, дзіўная справа: настрой ва ўсіх мастакоў, як паведаміў нам сын Аляксея Марачкіна, які трымае сувязь з групай, шыкоўны. Ігар Марачкін падзяліўся такімі сямейнымі навінамі:
— Бацька з галавой сышоў у працу. Ён, праўда, схуднеў, але затое як добра выглядае! Усё таму, што ходзіць па гарах, п'е хатняе вінаграднае віно і не есць салодкага, як у Мінску прывык: зефір, разынкі і вафлі. Да мора няблізка, трэба спускацца дзесяць кіламетраў. Так, у іх распараджэнні ёсць аўтамабіль, але ў машыне можна ехаць толькі па двое: кіроўца і пасажыр на заднім сядзенні. Такія цяпер у Чарнагорыі правілы. Наогул краіна з-за віруса абязлюдзела: гасцініцы на ўзбярэжжы не працуюць, кафэ зачыненыя, дарогі на пляж перакрыты. Застаюцца толькі горы. Дарэчы, дзень таму там выпаў вялікі снег. Бацька радуецца: нарэшце з кветак, з нацюрмортаў ён пяройдзе на зімовыя краявіды. Засумаваў па снезе.
Як паведамляюць інфармацыйныя агенцтвы, у Чарнагорыі зарэгістраваныя 22 выпадкі заражэння COVID-19, пад наглядам знаходзяцца 5565 чалавек. Адзін чалавек — 65-гадовы жыхар Герцег-Нові, у якога было хранічнае захворванне лёгкіх, — памёр некалькі дзён таму.
nv-online.info