Няма таго, што раньш было. Беларусы сёлета без «чорнай пятніцы»

Сімвал спажывання ва ўсім свеце — дзень велізарных скідак, «чорная пятніца» — выпадае ў гэтым годзе на 25 лістапада. Але ў Беларусі гэты дзень пройдзе пад знакам «жорсткага» рэгулявання коштаў. Ці змогуць грамадзяне краіны разлічваць на зніжкі і акцыі, якія былі так папулярны раней?

plain_no_tabbing_7.webp

Справа ў тым, што пытанне рэгулявання цэн у Беларусі — вельмі далікатнае. З акцыямі, зніжкамі і распродажамі многія ўжо ўляцелі. Калі Лукашэнка заявіў, што цэны падвышаць «за-ба-ра-ня-ец-ца», ён не думаў пра ўжо дзеючыя акцыі. І ў выніку атрымалася так, што калі на 5 кастрычніка дзейнічала акцыя, па якой тавар прадаваўся са зніжкай, да прыкладу, у 50%, то пасля заканчэння гэтай акцыі тавар усё роўна павінен прадавацца са зніжкай у 50%.

Тэарэтычна пасля 6 кастрычніка 2022 можна праводзіць новыя акцыі, накіраваныя на зніжэнне цэн. Але пасля іх заканчэння цана ўсё роўна не павінна перавышаць узровень цаны па стане на 5 кастрычніка 2022 года. Таму ў прынцыпе акцыі і зніжкі «чорнай пятніцы» праводзіць можна. Але прадаўцы, мяркуючы па ўсім, вырашылі перастрахавацца. У гэтым годзе распродажы, напэўна, не будуць маштабнымі.

Не ў трэндзе

Некаторыя гандлёвыя сеткі сёлета акцыю ігнаруюць — асабліва гэта тычыцца буйных сеткавых крамаў з прадуктамі. Напрыклад, на сайтах «Алмі» і «Еўраопта» ніякіх згадак пра акцыі «чорнай пятніцы» няма. У іх распавядаецца выключна аб звычайных зніжках, якія дзейнічаюць пастаянна або час ад часу, як, напрыклад, «еўраоптаўская» «чырвоная цана». Пра «чорную цану» не сказана нічога.

На сайце «Віталюра» «чорная пятніца» пазначана банэрам, але пры націску на яго на нічога не мяняецца — працягваюць вісець звычайныя зніжкі: «дзівосныя кошты», «кошт тыдня» і гэтак далей.

21vek таксама ігнаруе спецыяльны дзень дысконту. Замест гэтага на іх сайце звыкла можна паглядзець «рэгулярныя» зніжкі на тавары.

На сайце blackfridays.by вывешаны спіс з 32 крамаў і кампаній, якія, па ідэі, павінны прыняць удзел у свяце спажывання. Але на справе не ва ўсіх з іх ёсць зніжкавыя прапановы. Напрыклад, калі меркаваць па сайтах, не ўдзельнічаюць у распродажах гэтага года «Mark Formelle» і OZ.by — у іх таксама няма ніякіх аб'яў з нагоды «чорнай пятніцы». Але існуюць звычайныя акцыі і зніжкі, якія дзейнічаюць і без дня спажывання.

А некаторыя крамы наогул адмаўляюць наяўнасць «дня распродажаў». Напрыклад, салон «На сувязі» абвясціў, што ў яго «замест фальшывых зніжак — выдатныя кошты».

Няма таго, што раньш было

У некаторых крамах распродаж значна абмежавалі ў параўнанні з мінулымі гадамі. Напрыклад, на сайце мабільнага аператара Life ні пра якую «чорную пятніцу» таксама не згадваецца, а раздзел «Акцыі» прысвечаны, у асноўным, тарыфам на паслугі сувязі.

На сайце аператара А1 у «чорнай пятніцы» ўдзельнічаюць усяго тры прылады. У той час як у 2019 і 2020 годзе перад іх офісам на Мельнікайтэ выстройваліся вялізныя чэргі, а таварам «ночы зніжак» прысвячаліся шматстаронкавыя прома-буклеты.

Аператар МТС правёў «чорную пятніцу» ў поўным аб'ёме. Праўда, чамусьці пачалася яна ў іх 18, а скончылася 22 лістапада, у той час як класічная «чорная пятніца» — апошняя пятніца лістапада, якая фактычна адкрывае сезон калядных распродажаў.

І канешне «чорную пятніцу» падтрымалі буйныя крамы, якія гандлююць электронікай і іншымі таварамі працяглага карыстання. Прычым некаторыя з іх расцягнулі перыяд зніжак на тыдні, а тое і на месяц. У некаторых напісана, што «чорная пятніца» доўжыцца з 1 па 30 лістапада, у некаторых — з 10 па 30... Увогуле, «пятніца кожны дзень».

Каталогі Onliner, «5 элемент», «Электрасіла» даюць зніжкі на некаторыя свае тавары. Той жа «5 элемент» па прамакодзе выдаў зніжку ў 5% на ўсё, а асобныя тавары можна купіць з дысконтам у 25% і ніжэй. Праўда, чым вышэйшая зніжка — тым менш тавараў.

І нават інтэрнэт-пляцоўка будаўнічай крамы «ОМА» далучылася да распродажаў.

Ці парадуюць беларусаў зніжкі? Хутчэй не, чым так

Існуе меркаванне, што «чорная пятніца», прынамсі, у Беларусі — гэта суцэльнае ашуканства. Маўляў, прадаўцы спачатку завышаюць кошты, а потым у «зніжкавы дзень» зніжаюць іх да нармальнага ўзроўню. І, паглядзеўшы на сённяшнія зніжкі, з гэтым складана не пагадзіцца. «Чорнапятнічныя» тавары трапляюцца на вочы адныя і тыя ж.

Напрыклад, смартфон Xiaomi Redmi Note 10 Pro прадаецца «на зніжках» практычна ўсюды. Ён ёсць па цане 799 рублёў у «Электрасіле» — і гэтая ж цана са зніжкай у рамках «чорнай пятніцы».

За тыя ж 799 рублёў і таксама са зніжкай у адпаведны дзень яго можна знайсці ў краме «Xіstore».

У салоне «На сувязі», які, як мы памятаем, у «чорнай пятніцы» не ўдзельнічае, але прапануе «выдатныя кошты» замест дысконту, тэлефон таксама каштуе 799 рублёў.

У каталогу Onliner гэты ж смартфон можна выбраць у некалькіх пастаўшчыкоў нават танней — ад 750 рублёў.

І ў «чорнапятнічнай» прапанове МТС гэты ж смартфон фігураваў па цане 779 рублёў.

Яшчэ адна цікавая пазіцыя — «разумная калонка Аліса», якая афіцыйна называецца «Яндэкс станцыя 2». У краме «5 элемент» на зніжках яе прапануюць за 599 рублёў — па кошце «чорнай пятніцы».

У краме «Xіstore», якая анансавала зніжку да 40% у дзень распродажаў, гэтая калонка таксама ацэнена ў 599 рублёў.

Салон «На сувязі» з «выдатнымі коштамі» прадае яе аналагічна за 599 рублёў.

І, нарэшце, у краме «Электрасіла» гэтая разумная калонка не трапіла ў тавары, на якія распаўсюджваюцца зніжкі. Наогул без дысконту — адгадаеце цану? Правільна, усё тыя ж 599 рублёў.

opera_snimok_2022_11_22_120538_5element.by.png
opera_snimok_2022_11_22_120605_nsv.by.png


opera_snimok_2022_11_22_173110_sila.by.png

Гэта значыць, ніякай «чорнай пятніцы» няма. Ёсць выразная рынкавая цана.

Але больш за ўсё мяне парадавалі «зніжкі» ў «ОМА». Хлопцы, я рабіла рамонт у кватэры паўтара гады таму. І я ведаю, што звычайны трохкнопкавы выключальнік, хай нават самы супер-пупер замежны і брэндавы, не можа каштаваць 37 рублёў! 15 долараў за выключальнік — ён тады павінен быць са стразамі ад Свароўскі. Аднак менавіта ад цаны 37 рублёў «ОМА» робіць «чорнапятнічную» зніжку ў 80% і прадае выключальнік па нармальнай цане.

Кавалачак пластыка са шрубай — менавіта так выглядае мантажная скрынка пад разетку — не можа каштаваць пяць рублёў! У іх цана заўсёды была 60 — 80 капеек за штуку, ну, да рубля, калі яны моцна ўжо мудрагелістыя. Але «ОМА» ставіць «звычайную цану» ў 4 рублі 88 капеек, робіць ад яе 78%-ную зніжку, і вуаля — 1 рубель 4 капейкі.

Ці іншы кавалачак пластмасы, нават без шрубы — рамка для выключальніка або разетак. Ці аддасць нехта за яе 47 рублёў? Амаль 20 долараў за кавалак пластыку? Ды ніхто! Але пры гэтым выстаўляецца такая «нармальная цана», і ад яе робіцца зніжка аж у 88%! Літаральна адарвалі ад сэрца! І вось яна ўжо па 5 рублёў…

opera_snimok_2022_11_22_164819_www.oma.by.png

Пры чым тут Саўмін?

Калісьці даўно алігарх Барыс Беразоўскі медыйна ваяваў з мэрам Масквы Юрыем Лужковым. «Тэлекілер» Сяргей Дарэнка так шчыраваў у крытыцы Лужкова з экрана, што пра гэта пачалі складаць анекдоты. Напрыклад, у эфіры Дарэнка кажа: «І апошняя навіна: у заапарку нарадзілася сланяня. Здавалася б, пры чым тут Лужкоў? Але задумайцеся пра тое, што Лужкоў заўсёды аказваецца ні пры чым».

Здавалася б, пры чым беларускі ўрад да «чорнай пятніцы»? Але адказ дастаткова відавочны: узяўшыся за «рэгуляванне цэн» і стварыўшы блытаніну з цэнаўтварэннем, чыноўнікі значна звузілі прадаўцам «абсяг манеўру». Яны, прадаўцы, можа быць, і радыя былі б прапанаваць беларусам рэальныя зніжкі. Але ж потым менавіта гэтым прадаўцам прыйдзецца заканчваць «чорную пятніцу». А потым тлумачыць, чаму яны павысілі цану са «зніжкавай» да нармальнай. І добра яшчэ, калі яны гэта будуць тлумачыць якому-небудзь чыноўніку ў выканкаме, а не следчаму.


Самы мяккі варыянт, які можа быць — гэта зноў узгадняць «нармальную» цану на тавар пасля правядзення «чорнай пятніцы». Бо быццам бы пастанова ўрада і дазваляе цяпер ладзіць распродажы. Але калі ў краіне «не да законаў», калі ты не ведаеш, якая яшчэ «разумная ідэя» прыйдзе ў галаву гэтаму ўраду заўтра і ці не запатрабуюць там пад пагрозай крымінальнага пераследу пакінуць на месцы «чорнапятнічныя» кошты…

Не, лепш не рызыкаваць. Лепш альбо ўвогуле ў гэта не ўлазіць, альбо пад выглядам «зніжак» усталяваць нармальную цану. Тады і тлумачыць нічога нікому не давядзецца.

Вось толькі беларусы, па вялікім рахунку, засталіся без «чорнай пятніцы».