Белнафтахім пакуль трымаецца і шукае спонсараў
Па выніках першага квартала бягучага года ў цэлым па канцэрну «Белнафтахім» аб’ёмы прамысловай вытворчасці не скараціліся. У той час як іншыя галіны гаспадаркі эканамічны крызіс перажываюць даволі складана, напрыклад, у машынабудаванні аб’ёмы вытворчасці ўпалі на 30 працэнтаў. Але варта адзначыць, што скарачэнне аб’ёмаў прадукцыі і яе экспарту ўсё ж закранула асобныя прадпрыемствы канцэрна.
Па выніках першага квартала бягучага года ў цэлым па канцэрну «Белнафтахім» аб’ёмы прамысловай вытворчасці не скараціліся. У той час як іншыя галіны гаспадаркі
эканамічны крызіс перажываюць даволі складана, напрыклад, у машынабудаванні аб’ёмы вытворчасці ўпалі на 30 працэнтаў. Але варта адзначыць, што скарачэнне аб’ёмаў прадукцыі і яе
экспарту ўсё ж закранула асобныя прадпрыемствы канцэрна.
Тэмп росту прадукцыі прамысловасці па канцэрну «Белнафтахім» за чатыры месяцы склаў 113,4 працэнта ў супастаўных цэнах. Суадносіны запасаў гатовай прадукцыі на складах да
сярэднемесячнага аб’ёму вытворчасці роўныя 41,8 працэнта — самы нізкі паказчык у параўнанні з іншымі галінамі гаспадаркі, адзначаюць у канцэрне.
Асноўны прырост прадукцыі прамысловасці ў цэлым па канцэрну быў дасягнуты за кошт павелічэння аб’ёмаў вытворчасці ў паліўнай галіне. У параўнанні з пачаткам 2009 года павысілася эфектыўнасць
гаспадарчай дзейнасці ў нафтахімічным комплексе, вырасла рэнтабельнасць рэалізаванай прадукцыі ў хіміі і нафтахіміі. Найлепшыя паказчыкі з прыростам вытворчасці ў 10 і больш працэнтаў
прадэманстравалі адкрытыя акцыянерныя таварыствы «Гомельскі хімічны завод», «Гродна Азот», «Бархім».
Паводле дадзеных Нацыянальнага статыстычнага камітэта, у першым квартале скарацілася вытворчасць мінеральных угнаенняў — 49,5 працэнта да ўзроўню першага квартала 2008 года, хімічных
валокнаў — 73,1 працэнта, вытворчасць шынаў склала 89,2 працэнта да аналагічнага ўзроўню мінулага года. Па шэрагу пазіцый адзначаецца значны спад экспарту ў параўнанні з першым кварталам
2008 года: калійныя ўгнаенні — 19,4 працэнта, нафтапрадукты — 84,1, шыны — 69,4 працэнта.
Як паведаміў журналістам намеснік старшыні «Белнафтахіма» Браніслаў Сівы, прадпрыемства «Полацак-Шкловалакно» з-за ранейшых санкцый ЗША вымушана было выйсці з
праекту па стварэнні сучаснага лайнера, для якога яно павінна было пастаўляць вогнеўстойлівае арганічнае шкло. Браніслаў Сівы адзначыў, што была «праведзена вялікая праца па заваёўванню
рынку ЗША і ўкладзена шмат сродкаў», але «пакупнікі не будуць заключаць кантракты з прадпрыемствам, у дачыненні да якога ў любы момант могуць увесці санкцыі». Але,
падкрэсліў ён, «гэта не драматычна, вытворчасць працуе», цяжкасці маюць прадпрыемствы, якія арыентаваныя на экспарт. Што тычыцца лідскай «Лакафарбы», то для яе
санкцыі ўмоўныя, паколькі на амерыканскім рынку яна не працуе.
Сёлета прадпрыемствы канцэрна рэалізуюць пяць інвестыцыйных праектаў. За чатыры месяцы ў асноўны капітал было накіравана 1,1 трыльёна беларускіх рублёў інвестыцый. Вытворчасць мадэрнізуюць такія
прадпрыемствы, як «Белшына», «Лакафарба», «Беларуськалій», «Гродна-Азот». Намеснік старшыні канцэрна
«Белнафтахім» паведаміў, што для ацэнкі ўмоў стварэння і варыянту развіцця нафтахімічнага комплексу на базе ААТ «Палімір» і ААТ «Нафтан», будзе
прыцягнутая кансалтынгавая кампанія.
Нагадаю, што варыянт аб’яднання двух нафтахімічных прадпрыемстваў і продаж пакета акцый расійскім інвестарам разглядаўся ў мінулым годзе, да фінансавага крызісу. «Гэты праект каштуе
вялікіх грошай, і ён досыць рызыкоўны», — патлумачыў Сівы. «Цяпер уводзяцца ў строй магутнасці па вытворчасці поліпрапілену і поліэтылену нізкага ціску ва ўсходнім рэгіёне,
дзе выкарыстоўваецца больш танная сыравіна. «Пад праект мы шукалі не столькі грошы, колькі інвестара, які будзе гарантаваць пастаўкі сыравіны. Нам не патрэбна рэканструкцыя дзеля
рэканструкцыі. Прадпрыемства старэе, а яно павінна мець перспектыву. А якую перспектыву яно мае, мы пакуль не бачым», — адзначыў намеснік старшыні канцэрна
«Белнафтахім».
Летась былі размовы наконт магчымага стварэння нафтахімічнага холдынгу з Расіяй. Тады пасол Расіі ў Беларусі Аляксандр Сурыкаў паведаміў, што ёсць працоўная група, якая займаецца гэтым пытаннем.
Аднак намеснік старшыні канцэрна «Белнафтахім» Браніслаў Сівы заявіў журналістам, што ніякіх дакументаў наконт холдынгу кіраўніцтва канцэрна не мае, і ўвогуле падобную структуру ў
Расіі няма з кім ствараць. «Сёння ў Расіі такога монстра, як мы, які б аб’ядноўваў столькі прадпрыемстваў, няма», — падкрэсліў спецыяліст.
Пытанні інвестыцый у хімічную галіну краіны ўздымаліся і падчас сустрэчы Аляксандра Лукашэнкі са старшынёй рады дырэктараў ААТ «Мінеральна-хімічная кампанія «Еўрахім»
Андрэем Мельнічэнкам. Кіраўнік Беларусі заявіў пра гатоўнасць разгледзець прапановы расійскага інвестара па мадэрнізацыі беларускіх прадпрыемстваў хімічнай прамысловасці. Лукашэнка адзначыў тры
беларускія прадпрыемствы хімічнага профілю, якія паспяхова працуюць на сусветных рынках. «Мы ўмеем вырабляць азотныя, фосфарныя, калійныя ўгнаенні. У нас вызначаны вялікі аб’ём
мадэрнізацыі гэтых прадпрыемстваў», — адзначыў беларускі лідэр. Паводле яго меркавання, тэхнічным пераабсталяваннем хімічнай прамысловасці варта было б заняцца больш аператыўна.
Андрэй Мельнічэнка падкрэсліў, што Беларусь з’яўляецца вельмі цікавым рынкам для кампаніі, і адзначыў, што летась «Еўрахім» паставіла ў Беларусь прадукцыі на 200 мільёнаў
долараў.
ААТ «Мінеральна-хімічная кампанія «Еўрахім» — буйнейшы вытворца мінеральных угнаенняў у Расіі. Кампанія ўваходзіць у тройку еўрапейскіх і дзесятку сусветных
лідэраў у гэтай галіне. Старшыня рады «Еўрахіма» Андрэй Мельнічэнка валодае 50- працэнтамі акцый Сібірскай вугальна-энергетычнай кампаніі, а таксама
з’яўляецца буйным акцыянерам шэрагу электраэнергетычных кампаній Сібіры і Далёкага Усходу.