Чаго няма, таго і не будзе

Беларусаў ужо абвінавацілі ў спробах рээкспарту ў Расію еўрапейскіх гародніны і садавіны. Расійскія крыніцы сцвярджаюць, што асобныя краіны ЕС пачалі адпраўляць у Беларусь прадукцыю, якая падаецца вырабленай у Турцыі ці Сербіі, ці нават у Зімбабвэ, а насамрэч вырашчаная ў Грэцыі ці Нідэрландах. 



rog_izobiliya1.jpg

Шэф Рассельгаснагляду Сяргей Данкверт патлумачыў, што ягоныя людзі падчас кантрольных праверак выявілі, што садавіна і гародніна завозяцца з Польшчы, Нідэрландаў, Літвы і іншых еўрапейскіх краін, а не з Беларусі. Пры гэтым асобныя партыі прадукцыі не маюць дазваляючых фітасанітарных беларускіх папер.
Расіяне быццам бы «актыўна манітораць сітуацыю», каб пазбавіць беларускіх негацыянтаў магчымасці дамовіцца з так званымі краінамі «прыкрыцця», якія спрабуюць прадаць у РФ еўрапейскую садавіну пад нееўрапейскімі наклейкамі. У кожным з такіх выпадкаў, расейцы збіраюцца абмяжоўваць пастаўкі з Беларусі. 

Трэба адзначыць, што браты-саюзнікі даўно вінавацяць беларусаў у «шэрым рээкспарце» ў Расію замежнай паводле паходжання мясной і малочнай прадукцыі. Ці расійскіх нафтапрадуктах у «астатні свет», як гэта было ў 2010 годзе з растваральнікамі і распушчальнікамі. Навар аказаўся неслабы — некалькі мільярдаў зусім не беларускіх рублікаў.


Старая традыцыя ў супрацоўніцтве надзейных сябрукоў, пачатак якой датуецца 1995 годам, стварэннем гандлёва-экспазіцыйнага прадпрыемства «Гандальэкспа» (быццам, каб забяспечыць насельніцтва шырспажывам, па гэтай прычыне яно было вызвалена ад падаткаў і мытаў). Але «Гандальэкспа» на самай справе стала звычайнай мытнай «дзіркай», праз якую Лукашэнку, па меркаванні экспертаў, трапіла 4,5 мільярда долараў чыстых прыбыткаў. 
Ужо цяжка пералічыць, колькі было гандлёвых войнаў, якія Старэйшы Брат абвяшчаў Лукашэнку праз свайго галоўнага санітарнага ўрача спадара Анішчанку. То мясныя, то малочныя. У самыя напружаныя моманты, у сезон, калі на перапрацоўчыя прадпрыемствы паступала «вялікае малако» з фермаў. 
Што ж, на вайне як на вайне. Дзесьці страляюць у людзей, узрываюць іх хаты, а тут на транзітнай тэрыторыі ставяць жалезную заслону польскім яблыкам ды грэцкім алівам. 
У нейкім сэнсе можна сказаць, што яблыкі ў Расіі ёсць, і адначасова іх няма. Верагодна, садоў там не меней, чым у Польшчы, а магчыма нават болей, чым гэта патрэбна. Прыкладам, ворнай зямлі ў Расіі болей, чым патрабуецца для пракорму 140 мільёнаў чалавек насельніцтва. Але дзе тыя расійскія яблыкі, на якой стадыі — ад выспявання да продажу — яны знікаюць? Вось і атрымліваецца, што ўсё ёсць — і нічога няма. 
Увогуле, не наша гэта справа, у нас свой урад. У Беларусі таксам ёсць яблыкі. Шмат іншай садавіны і гародніны. І вырошчваюць іх амаль ля кожнай хаты, на кожным лецішчы. Але такога, амаль індустрыяльна-таварнага садаводства, як у Польшчы, няма. Таму замяніць Польшчу ў якасці галоўнага імпарцёра садавіны да сталу «дарагім расіянам» Беларусь не здольная.
Чаго няма, таго няма. Не толькі садавіны, але і мяса, і малака. У мінулым годзе Беларусь прадала ў Расію 307,8 тысячы тон мяса і мясападуктаў, што склала 1/3 ад вырабленых у краіне. Як павялічыць фізічныя і вартасныя памеры паставак, калі ўлічыць, што вытворчасць жывёлагадоўлі памяншаецца? Калі ўлічыць, што летась экспарт мяса падвысілі на 10%? Можна прадаць у Расію ўсе так званыя далікатэсы, а ўласнаму насельніцтву пакінуць малаякаснае мяса, «умоўна ядомыя» мяса-раслінныя сурагаты. Але лепш, не баючыся абвінавачванняў у «перанаклеечным бізнэсе» беларускае мяса прадаваць Расіі, а польскае купляць для свайго спажыўца. 
Да таго ж апошнім часам Беларусь пастаўляла ў Расію прыкладна 100 тысяч тон свініны і сама імпартавала каля 80 тысяч тон. Менавіта з Польшчы. Можна перагледзіць меню ў бок павялічэнне порцый. Можна з гэтай нагоды пасміхацца, як гэта робяць расейцы, але лепш пагадзіцца з простым фактам, што мяснік робіць свае кілбасы з пакупнога мяса. Ніхто, прыкладам, не здзіўляецца, калі купляе англійскі чай, хоць гэта расліна там не расце.
Гэта ж факт, што ў беларускіх вадаёмах няма марской рыбы, малюскаў і ракападобных. Але (паводле афіцыйных дадзеных) палова «рыбы і рыбапрадуктаў» рэалізуецца беларускімі брэндамі. Вось вам і беларускія амары, і беларускія малюскі.
Што ёсць, тое і ёсць. Чаго няма, таго і не будзе.