Ці могуць лацінаамерыканскія краіны выратаваць экспарт Беларусі?

Беларускія дэмсілы заклікаюць Лацінскую Амерыку не супрацоўнічаць з рэжымам Лукашэнкі. Ці зможа Мінск перанакіраваць у краіны рэгіёна свой экспарт, для якога закрытая Еўропа?

sklad_min_udobreniy.jpg


Падчас свайго нядаўняга візіту ў Мадрыд прадстаўнікі Офіса лідара беларускіх дэмсіл Святланы Ціханоўскай, сярод іншага, уздымалі тэму сувязей лацінаамерыканскіх краін з Беларуссю. Апазіцыя лічыць, што трэба пазбавіць рэжым Аляксандра Лукашэнкі падтрымкі дзяржаў Лацінскай Амерыкі. Як рэальна ідуць справы з супрацоўніцтвам Беларусі з краінамі рэгіёна і ці могуць яны стаць своеасаблівым выратавальным кругам для Лукашэнкі ва ўмовах беспрэцэдэнтна жорсткіх заходніх санкцый?

Дэмсілы хочуць абмежаваць сувязі Лукашэнкі з вонкавым светам

Паводле слоў прадстаўніка Ціханоўскай па міжнародных справах Валерыя Кавалеўскага, адна з мэт дэмсіл цяпер — аказаць максімальны ціск на рэжым Лукашэнкі праз абмежаванне палітычных і гандлёва-эканамічных сувязяў Мінска.

Валерый Кавалеўскі. Фота: dw.com

Валерый Кавалеўскі. Фота: dw.com


«Лацінская Амерыка — немалаважны партнёр рэжыму. Бразілія, напрыклад, закупляе значную колькасць калійных угнаенняў, хоць цяпер ёсць праблемы з дастаўкай. Венесуэла была прыкладам актыўнага ўзаемадзеяння з Беларуссю, але гэта антыпрыклад, паколькі яно будавалася на карупцыйны сувязях Лукашэнкі з кіраўнікамі Венесуэлы», — тлумачыць Кавалеўскі.
І хоць паездкі прадстаўнікоў Офіса Ціханоўскай у Лацінскую Амерыку пакуль не плануюцца, у дэмсіл ёсць пастаянны кантакт на ўзроўні паслоў. «Для нас важна паказаць, што і там рэжым успрымаецца гэтаксама, як і ў Еўропе, што там падтрымліваюць дэмакратычны выбар народу Беларусі», — адзначыў Кавалеўскі.


Рынак Лацінскай Амерыкі перспектыўны для Беларусі

Гаворачы пра эканамічнае супрацоўніцтва, аналітык Цэнтра эканамічных даследаванняў «BEROC» Леў Львоўскі канстатуе, што ў дадзеным рэгіёне для Беларусі ёсць магчымасці: «Там у меншай ступені арыентуюцца на заходнія краіны і прасцей ставяцца да пытанняў фальсіфікацыі выбараў. Акрамя таго, гэтыя краіны спецыялізуюцца на сельскай гаспадарцы, а Беларусь якраз з'яўляецца пастаўшчыком тавараў, звязаных з ёю — гэта калійныя ўгнаенні, а таксама сельгасмашынабудаванне».

Леў Львоўскі. Фота: «BEROC»

Леў Львоўскі. Фота: «BEROC»


Канкрэтныя лічбы тавараабароту паміж Беларуссю і лацінаамерыканскімі краінамі прывесці складана, бо праз заходнія санкцыі ўлады ў Мінску яшчэ ў 2021 годзе засакрэцілі замежнагандлёвую статыстыку. Але калі зірнуць на больш раннія даныя, то, напрыклад, у Бразілію ў 2019 годзе РБ экспартавала 1,082 млн тон калію, а ў 2020-м — 1,521 млн. Паводле інфармацыі «Беларуськалія», на долю Бразіліі прыпадала 17% экспартных паставак прадпрыемства.
Акрамя гэтага, у канцы сакавіка 2022 года міністр прамысловасці Пётр Пархомчык з гонарам гаварыў пра экспарт у Лацінскую Амерыку. «Да прыкладу, у 2021 годзе мы паставілі сельскагаспадарчыя камбайны ў Аргенціну (на 900 тыс. долараў) і Бразілію (на 325 тыс.), металапрадукцыю — у Бразілію (на 8,1 млн), Эквадор (на 3,3 млн) і Мексіку (на 4,7 млн), кар'ерныя самазвалы рознай грузападымальнасці — у Чылі (на 32,2 млн), трактары — на Кубу (на больш чым 6 млн) і ў Нікарагуа (на 810 тыс.)», — паведаміў Пархомчык.
Пра супрацоўніцтва з Калумбіяй у траўні распавядаў амбасадар РБ у гэтай краіне Мікалай Аўсянка. Паводле яго слоў, летась тавараабарот паміж Беларуссю і Калумбіяй дасягнуў 90 млн долараў, а ў 2016 годзе гэты паказчык складаў 47 млн.

Праз санкцыі ў Лацінскую Амерыку практычна немагчыма нічога даставіць

Разам з тым пасля пачатку ўварвання Расіі ва Украіну ў Мінску ў гандлі з лацінаамерыканскімі краінамі паўстала праблема лагістыкі з-за новых санкцый. «Раней у нас быў літоўскі порт, але цяпер транзіт праз яго немагчымы, як і праз Украіну, дзе ідзе вайна. Аператыўных даных няма, магчыма, нейкія драбніцы праз Расію і мы пастаўляем, але нічога сур'ёзнага цяпер туды даставіць немагчыма», — канстатуе Львоўскі.
Намеснік кіраўніка Народнага антыкрызіснага ўпраўлення (НАУ), экс-амбасадар РБ у Аргенціне Уладзімір Астапенка таксама мяркуе, што ў цяперашняй сітуацыі беларускі калій наўрад ці даходзіць да краін Лацінскай Амерыкі. Адносна цесных сувязей з Венесуэлай, публікацыі пра якую некалькі гадоў таму не сыходзілі са старонак дзяржаўных СМІ, адстаўны дыпламат кажа, што там супрацоўніцтва даўно зайшло ў тупік.

Уладзімір Астапенка. Фота: «Наша Ніва»

Уладзімір Астапенка. Фота: «Наша Ніва»


«Былі планы па стварэнні сумесных вытворчасцей грузавікоў, трактароў, будматэрыялаў, узаемадзеяння па нафце. Але, як я разумею, гэта ўсё даўно спынілася і ніякага развіцця няма. Гэта тая самая "далёкая дуга", куды эканоміка Беларусі яшчэ не дабралася. А з улікам апошніх санкцый — наўрад ці дабярэцца», — лічыць Астапенка.

Ці можа Лацінская Амерыка выратаваць праселы экспарт Беларусі?

Адказваючы на пытанне пра тое, ці ў стане Лацінская Амерыка стаць альтэрнатыўным рынкам для экспарту Беларусі, якая праз заходнія санкцыі губляе да 18 млрд долараў у год, Валерый Кавалеўскі паведаміў, што краіны рэгіёна ўспрымаюць сітуацыю ў Беларусі адстаронена, у іх іншыя знешнепалітычныя прыярытэты.
«Тым не менш у нашых кантактах мы чуем адназначную ацэнку, што тое, што адбываецца ў Беларусі, недапушчальна. Так, гэтыя краіны не прымаюць канкрэтных мер у выглядзе санкцый, але ёсць абмежаванні на дыпламатычным узроўні і ўжо няма інтэнсіўнага супрацоўніцтва. Таму не думаю, што ў Лукашэнкі шмат шанцаў выкарыстаць гэты рэгіён як запасны аэрадром. А прыхільнікі Лукашэнкі — Куба і Венесуэла — занадта слабыя эканамічна», — мяркуе Кавалеўскі.
Леў Львоўскі, у сваю чаргу, звяртае ўвагу на гарызонт планавання: цяпер пастаўкі беларускіх тавараў морам амаль немагчымыя, але ж даўно ходзяць размовы пра будаўніцтва беларускага тэрмінала ў адным з расійскіх партоў. «Раней гаварылі — паўгода, цяпер Лукашэнка заяўляе, што на будаўніцтва сыдзе два гады. Верагодна, да гэтага часу нейкую мінімальную частку будуць вазіць праз расійскія парты, а потым ужо са сваім тэрміналам Беларусь цалкам зможа вырашыць праблемы і аднавіць экспарт у тую ж Бразілію», — сказаў на заканчэнне эканаміст.
Паводле dw.com.