«Цяпер выявілася, што ў гэтай магіі ёсць прынцып зваротнага дзеяння»

Тэлеграм-канал «Лісты да дачкі» ў чарговы раз прыкмеціў, наколькі балюча па беларускіх уладах б’е іх жа рыторыка, але ў вуснах апанентаў. А таксама разважае пра тое, што «суправаджальная шкода» часам бывае больш небяспечнай, чым наўпроставая.

756246247576964.jpg


Учора, публікуючы справаздачу па інфляцыі, Белстат насуперак звычцы пакінуў пасля коскі дзве лічбы. Спачатку ўрад замарозіў запланаванае на снежань павышэнне тарыфаў, а потым Белстату ўсё роўна прыйшлося звяртацца да матэматычных хітрыкаў, каб укласціся ў абяцаныя паказчыкі. Але мы з табой ведаем, і Белстат у глыбіні душы таксама ведае, што 9,97 адсотка ўсё роўна акругляецца да дзясяткі.

Але леташняя інфляцыя — справа мінулая. А вось спыненне «Літоўскай чыгункай» транзіту беларускіх калійных угнаенняў можа моцна нашкодзіць эканамічнай будучыні. Там, праўда, ёсць яшчэ прыватныя кампаніі, якія могуць падхапіць эстафету, але, як я сабе разумею, пра гэта літоўскія ўлады таксама збіраюцца паклапаціцца. Таму што яны не проста ж так спыняюць кантракт на транзіт. Яны ж абвясцілі гэты транзіт пагрозай нацыянальнай бяспецы.

Вось беларускія ўлады звыклі, што «пагроза нацыянальнай бяспецы» — аксіёма, якая не патрабуе доказаў. Магічная фраза, пасля якой можна рабіць усё, што хочацца, і нікому нічога не тлумачыць. А цяпер выявілася, што ў гэтай магіі ёсць прынцып зваротнага дзеяння.

95 адсоткаў калійнага экспарту, або амаль 2,5 мільярды долараў у цэнах 2020 года, ідзе праз Літву. А валютная выручка ад калійнага экспарту — адна з дзвюх галоўных знешніх крыніц папаўнення золатавалютных рэзерваў і, адпаведна, валютных інтэрвенцый для падтрымання курсу рубля. А яшчэ — крыніца выплат па знешніх даўгах. Так што істотнае скарачэнне гэтага экспарту можа мець вельмі непрыемныя мультыплікацыйныя эфекты.

Мы з табой, ужо была справа, не раз абмяркоўвалі сумнеўнасць альтэрнатыўных брацкіх маршрутаў для беларускага калію. Прыклад з перанакіраваннем беларускіх нафтапрадуктаў у расійскія порты ў дадзеным выпадку не падыходзіць. Таму што паміж наліўнымі і насыпнымі тэрміналамі ў портах ёсць непераадольная тэхналагічная розніца. Калі магутнасці порта дазваляюць заліць у танкер лішні бензін — гэта не азначае, што тыя ж самыя магутнасці дазваляюць засыпаць лішнія ўгнаенні.

І аніякія брацкія пачуцці не дапамогуць расійскім портам абзавесціся лішнімі тэрміналамі, каб іх хапіла яшчэ і на беларускі калій. У расійскіх портах нават для ўласных угнаенняў не хапае магутнасцей, і прыкладна траціну прыходзіцца вазіць праз порты балтыйскіх краін. Можна, вядома, паспрабаваць пацясніць «Уралкалій», каб вызваліць месца. Але я нешта не ўпэўнены, што «Уралкалій» захоча добраахвотна пацясніцца дзеля свайго галоўнага канкурэнта.

Так што рашэнне Літвы можа аказацца самай сур'ёзнай санкцыяй з усіх, якія да гэтага часу прымалі супраць беларускіх уладаў. Тым больш, што гэтае рашэнне можа мець яшчэ і ўскосныя наступствы ў выглядзе рэакцыі на яго беларускіх уладаў. І толькі ад гэтай рэакцыі залежаць аб’ёмы спадарожнай шкоды. І калі беларускія ўлады пакрыўдзяцца і захочуць адказаць асіметрычна, але адэкватна, то суправаджальная шкода можа аказацца нашмат больш, чым наўпроставая.

Хоць, як паказвае практыка прымянення контрсанкцый, гандлёвыя войны беларускія ўлады праводзяць у асноўным з дапамогай вербальных інтэрвенцый. Таму што інакш можна сабе што-небудзь фатальна пашкодзіць у транзітнай вобласці.

Увогуле, эканамічныя знакі ад пачатку года атрымліваюцца выключна неспрыяльнымі. А аперацыя па рэабілітацыі геапалітычнай велічы выйшла да крыўднага кароткатэрміновай.