«Чуллівая субстанцыя»: Пяскоў не стаў адказваць на пытанне пра перанакіраванне беларускага калію праз Расію
Прэс-сакратар Крамля Дзмітрый Пяскоў не стаў адказваць на пытанне пра магчымае перанакіраванне беларускіх калійных угнаенняў праз Расію ў выпадку поўнага закрыцця транзіту праз Літву.
«Я пакідаю без адказу ваша пытанне. Чуллівая субстанцыя», — сказаў Пяскоў, паведамляе REFORM.by.
Ён таксама не адказаў на пытанне, ці плануюць абмяркоўваць пастаўку ўгнаенняў Лукашэнка і Пуцін.
Нагадаем, учора ўрад Літвы падтрымаў высновы спецыяльнай камісіі і прызнаў кантракт «Літоўскай чыгункі» і «Беларуськалія» не адпавядаючым патрабаванням нацыянальнай бяспекі. Гэта дае магчымасць ЛЧ скасаваць яго з 1 лютага. Кіраўніцтва ЛЧ гатова выканаць рашэнне ўрада, але дапускае звароты іншых заказчыкаў, якія будуць зацікаўлены ў перавозках угнаенняў. Чыгунка будзе праводзіць кансультацыі па такіх зваротах з дзяржорганамі. Учора міністр транспарту Літвы Марыюс Скуодзіс таксама заявіў, што магчымыя дамовы з іншымі заказчыкамі перавозак калію будуць таксама ацэньваць на прадмет адпаведнасці патрабаванням нацыянальнай бяспекі.
Беларусь летась змагла перанакіраваць значную частку экспарту нафтапрадуктаў з портаў Літвы ў порты Ленінградскай вобласці. Таксама была праведзена пробная пастаўка калійных угнаенняў у Кітай праз Мурманск па Паўночным марскім шляху. Аднак за ёй масавых перавозак не было.
Трэба сказаць, што перанакіраванне ўгнаенняў у расійскія порты з'яўляецца праблематычным з-за адсутнасці свабодных магутнасцей. Тэрмінал у Ленінградскай вобласці толькі будуецца. Беларусь выказвала жаданне прыняць удзел у яго будаўніцтве.