Урад Літвы пачаў працэдуру скасавання дамовы з «Беларуськаліем» з 1 лютага
У сераду 12 студзеня ўрад Літвы ўхваліў заключэнне спецыяльнай камісіі, у якой пагадненне паміж Літоўскай чыгункай і «Беларуськаліем» было ацэненае як неадпаведнае інтарэсам нацыянальнай бяспекі Літвы.

Пра гэта пасля сустрэчы паведаміў міністар транспарту і камунікацый Марыюс Скуодзіс, якога цытуе Delfi.lt.
«Ацаніўшы ўсе абставіны, камісія пастанавіла, што пагадненне не адпавядае інтарэсам нацыянальнай бяспекі і з 1 лютага больш не дзейнічае», — сказаў Марыус Скуодзіс на прэс-канферэнцыі.
Міністар сказаў, што да 1 лютага павінны спыніцца перавозкі ўгнаенняў чыгуначным транспартам, бо для гэтага ўжо няма прававой базы.
«Ці могуць быць іншыя перавозчыкі, якія будуць перавозіць ці нешта рабіць? Я лічу, што вельмі важным аспектам з’яўляецца тое, што любы перавозчык, які жадае перавозіць угнаенні, будзе правяраць, колькі розных здзелак юрыдычных асоб адпавядаюць інтарэсам нацыянальнай бяспекі Літвы», — адзначыў ён.