Цьмяная будучыня малога бізнесу
Супольнасць індывідуальных прадпрымальнікаў краіны працягвае ліхаманіць — чыноўнікі на словах дазволілі працаваць на старых умовах, але юрыдычна гэта ніяк не прапісана.
Новы ўказ Лукашэнкі, які мусіць надаць пэўнасці сітуацыі, пакуль не падпісаны. У краіне назіраецца агульны спад у эканоміцы, гандлёвыя шэрагі пустуюць без наведвальнікаў, а ІП быццам бы
прапануюць адкупіцца ад абавязковай сертыфікацыі прадукцыі павышанымі падаткамі. Толькі, гавораць ІП, адкупляцца няма чым.
Міністэрства па падатках і зборах анансавала прыняцце новага ўказа прэзідэнта, які дазволіць індывідуальным прадпрымальнікам — плацельшчыкам адзінага падатку прадаваць тавары лёгкай
прамысловасці без сертыфікацыі. Але за гэта прадугледжваецца выплата адзінага падатку з прымяненнем павышальнага каэфіцыента 2 і выплата ПДВ у фіксаваных сумах у павялічаных памерах.
Па словах кіраўніка прадпрымальніцкага аб’яднання «Перспектыва» Анатоля Шумчанкі, у прапанове «адкупіцца» ад сертыфікатаў не ўсё адназначна.
«Большасць не змогуць плаціць такія падаткі, асабліва ў рэгіёнах. І дзяржаве варта было б не перагібаць палку падатковага ціску. Але, на жаль, не ў той сітуацыі наша грамадства, каб
дыктаваць свае ўмовы. І ў гэтым мы вінаватыя самі, канешне. У нас многа перашкодаў, каб адстойваць свае правы...» — гаворыць кіраўнік аб’яднання
прадпрымальнікаў.
Разам з тым Шумчанка спадзяецца, што сітуацыя неяк вырашыцца, бо сёлета выбары, і ўвогуле няпроста цяпер у Беларусі. Але зразумела, як гэта будзе прадстаўлена публіцы: «прэзідэнт пачуў
прадпрымальнікаў».
На днях у Мінску была сустрэча прадстаўнікоў прадпрымальніцкага руху з кіраўніком Дэпартаменту па прадпрымальніцтву Мінэканомікі. На гэтай сустрэчы прысутнічала прадпрымальніца са сталічнага
рынку «Ждановічы» Таццяна Міронава. Яна распавяла, што прадпрымальнікам прапанавалі ўвайсці ў склад працоўнай групы ды зрабіць свае прапановы, што могуць увайсці ў
новы ўказ.
«Мы прапанавалі панізіць павышаючы каэфіцыент на адзіны падатак да 1,5 ды дазволіць працаваць некалькі гадоў без сертыфікацыі, тым больш у краіне цяпер нездаровая эканамічная
сітуацыя», — распавяла Таццяна Міронава.
Была сустрэча і ў Міністэрстве па падатках і зборах, але там дыялогу не атрымалася зусім. На ўсе спробы давесці, што высокія падаткі для шэрагу дробных бізнесоўцаў могуць стаць
непад’ёмнымі, візіцёры атрымалі адказ: «Гэта ваша праблема».
«На рынку «Ждановічы» некаторыя пайшлі ў адпачынак, але каля 80% працуюць. Калі я выйшла на працу 3 сакавіка, то цягам пяці дзён увогуле нічога не зарабіла. Людзі
перасталі хадзіць на рынак недзе з сярэдзіны снежня. Мы ўвесь час ці ў нуль, ці ў мінус працуем. З нармальным падыходам у крызісны час трэба падаткі зніжаць, каб даць людзям магчымасць працаваць у
прынцыпе. Ну, павысяць нам падатак, будзем тры тыдні на яго працаваць. А есці што? Ведаеце, некаторыя ўжо грошы пазычаюць, каб падатак сплаціць. Хаця ў прадпрымальнікаў заўсёды былі абаротныя грошы
на тавар, нейкая падушка бяспекі. У многіх ужо гэтага няма», — распавяла прадпрымальніца Таццяна Міронава.
Кіраўнік Каардынацыйнай рады прадпрымальнікаў Алесь Макаеў гаворыць, што «будучыня трывожныя», але гэта не апошні «падарунак»
прадпрымальнікам.
«Чыноўнікі пралічвалі, што пасля ўступлення ў сілу ўказа 222 застанецца каля 10 тысяч ІП па краіне, якія гандлююць тварамі легпрама. Меркавалася, што нішу ІП зоймуць буйныя
гандлёвыя сеткі, і яны ж прынясуць вялікія падаткі ў бюджэт. Але ў краіне здарыўся крызіс, і ўвогуле цяпер не вядома, што будзе», — рэзюмуе Макаеў.
Нагадаем, 1 сакавіка павінен быў уступіць у сілу ўказ № 222, па якім ІП не маглі прадаваць тавары лёгкай прамысловасці без дакументаў. То бок абавязковых сертыфікатаў якасці. Прадпрымальнікі
заявілі, што многія з іх будуць не ў стане выканаць гэтыя патрабаванні, бо тавары часта возяцца малымі партыямі, а сертыфікацыя каштуе дорага і, аўтаматычна, істотна падвышае цану на тавар.
За дзень да ўступлення дакумента ў сілу намеснік міністра эканомікі Дзмітрый Круты паведаміў: «Усе могуць працаваць у спакойнай абстаноўцы... У праекце новага ўказа
мы пастараемся адказаць на самыя надзённыя пытанні... канчаткова выпрацаваць механізм па легалізацыі рэшткаў тавараў». Таксама было паабяцана, што не будзе штрафаў і канфіскацый на
гандлёвых месцах да ўступлення ў сілу новага ўказа. Між іншым, штраф за гандаль таварам без дакументаў — каля 9 мільёнаў.
Цяпер, па інфармацыі прадпрымальніцкіх аб’яднанняў, у краіне не працуюць каля 80% дробных прадпрымальніка