Чаму прыватнік павінен «валяцца ў нагах», каб вярнуць свае ж грошы
Вядомы беларускі эканаміст Леанід Фрыдкін пра тое, што дзяржсектар для беларускай эканомікі «таксічны», нягледзячы на яго сацыяльны эфект.
У Беларусі назіраецца відавочны перакос у бок дзяржкампаній, заявіў на канферэнцыі "30 гадоў БНПА. Дзелавы клімат Беларусі: сумленна пра перспектывы" член Савета БНПА, эканаміст Леанід Фрыдкін.
Ён нагадаў, што на дзяржаўныя прадпрыемствы ў краіне прыпадае як 50% выручкі, так і тры чвэрці пратэрмінаванай крэдыторскай запазычанасці.
— Дзяржава сістэматычна не выконвае свае дагаворныя абавязкі, і зрабіць з гэтым нічога не атрымліваецца. Як можна дапускаць масавае ігнараванне правоў уласнікаў, якім не вяртаюць іх грошы? — цытуе эксперта «Штодзённік».
Леанід Фрыдкін прывёў прыклад, калі спачатку прыватнік вымольвае у дзяржпрадпрыемства заказ, а потым, выканаўшы яго, зноў павінен «валяцца ў нагах», каб вярнуць свае ж грошы.
Па словах Фрыдкіна, адсюль закрэдытаванасць, карупцыя і мноства іншых негатыўных наступстваў.
— Гэта адваротны бок таго, што мы спрабуем захаваць дамінуючае становішча ў эканоміцы дзяржсектара, — сказаў ён.
На думку эксперта, дзяржсектар застаецца па-ранейшаму для беларускай эканомікі «таксічным» і як бы мы не спасылаліся на яго сацыяльны эфект, эканамічны пераважыць любы сацыяльны.