Чыноўнікі таксама «скарачаюцца». Дзяржкіраванне становіцца непрывабным для працаўладкавання
Чынавенства, як частка рынку працы, з'яўляецца неаддзельным спадарожнікам дзяржавы. У Беларусі гэта далёка не самы распаўсюджаны і нават не самы прэстыжны, як, напрыклад, у Расіі, від занятасці.
У 2021 годзе сфера дзяржкіравання Беларусі складалася з 181,7 тыс чалавек, падлічыў тэлеграм-канал «Нашы грошы». Гэта азначае, чыноўнікам быў прыкладна кожны 25-ы заняты ў эканоміцы.
І хай такая праца істотна ніжэй аплачваецца, але ўсё ж заробкі ў дзяржкіраванні некалькі вышэйшыя за сярэднія паказчыкі па краіне. Так, у 2021 годзе пры сярэдняй намінальнай заработнай плаце ў 1443,5 рублёў ($569), чыноўнікі атрымлівалі 1674,5 ($660) або на 16% вышэй за сярэдні паказчык.
У апошнія гады занятасць у сферы дзяржаўнага кіравання паступова зніжаецца. Так, у 2020 годзе гэтая сфера пазбавілася 64 чалавек (розніца паміж прынятымі і звольненымі), у 2021 яшчэ 1399 чалавек, а за 11 месяцаў 2022 года сферу пакінулі 542 чалавекі.
Дынаміка колькасці чыноўнікаў у бягучым годзе мае цікавыя асаблівасці. Пры агульным зніжэнні сітуацыя моцна адрозніваецца ў абласным разрэзе. Больш за ўсё парадзелі шэрагі чыноўнікаў Гродзенскай і Гомельскай абласцей. Тут за 11 месяцаў 2022 года зніжэнне склала 157 і 140 чалавек адпаведна. А вось сталіцы ўдалося выйсці ў нуль — колькасць прынятых за 11 месяцаў адпавядае колькасці звольненых у гэтай сферы. Падобная сітуацыя таксама ў Віцебскай вобласці.
Адным словам, калі на фоне праблем апошняга часу дзяржапарат і становіцца меншым, то галоўным чынам за кошт скарачэння рэгіянальных чыноўнікаў. У сталіцы ж, дзе і прымаюцца ўсе самыя важныя рашэнні, колькасць не меншае.