Краіна невывучаных урокаў

Нядаўна ехаў я на працу — і мой позірк зачапіўся за рэкламу: «Набывайце зараз, плаціце праз два месяцы!» Рэклама не арыгінальная — ці мала зараз крамаў прадаюць тавар з растэрміноўкай. Здзівіў асартымент — у растэрміноўку прапанавалася набыць… асадкі і школьныя сшыткі! Гэта ж да чаго трэба давесці краіну, каб на капеечныя школьныя прыналежнасці трэба браць растэрміноўку!

rasterminoschka.jpeg

Многія бацькі зараз заклапаціліся зборам дзетак у школу. Гэта адбываецца кожны год, і кожны год яны ўздрыгваюць. А чыноўнікі ўвесь час спрабуюць іх заспакоіць.

Як распавяла нядаўна намесніца начальніка ўпраўлення арганізацыі гандлю і грамадскага харчавання — начальнік аддзела спажывецкага рынку Міністэрства антыманапольнага рэгулявання і гандлю Наталля Мельнікава, цяпер па ўсёй краіне тавары для школьнікаў прадаюць каля 6 тысяч гандлё­вых аб’ектаў. Пашыраны гандаль школьнымі таварамі пачаўся з 15 ліпеня і працягнецца да 1 кастрычніка.

У рэгіёнах краіны працуе больш чым 500 школьных кірмашоў, праходзяць выставы-продажы. Там можна купіць усё неабходнае — ад алоўкаў да заплечніка і школьнай формы.

«Беллегпрам» паведаміў, што прадпрыемствы канцэрна на 70% абнавілі асартымент адзення для школьнікаў. Да навучальнага года выпушчана 360 мадэляў прадметаў гардэроба школьніка, з якіх 300 — новыя. 60 з тых, што засталіся, — мадэлі, якія ў мінулым годзе карысталіся вялікім попытам у пакупнікоў, таму іх было вырашана пакінуць.

Вытворцы дзіцячага абутку прапанавалі 226 новых мадэляў туфляў і чаравік для хлопчыкаў і дзяўчынак.

Але тая ж Мельнікава зазначыла: у гэтым годзе «аптымальная экіпіроўка, уключаючы адзенне, абутак, галантарэйныя тавары, школьныя пісьмовыя і канцылярскія прылады, для вучняў малодшых класаў абы­дзецца ў суму да 750 рублёў, для старэйшых класаў — да 890».

То-бок, ад 350 да 450 долараў! У той час, як «нядрэнныя» заробкі ў рэгіёнах складаюць 250–300 долараў. Гэта значыць, каб «аптымальна» (не максімальна!) сабраць адно дзіця ў школу, бацькам давядзецца развітацца з месячным сямейным бюджэтам. А калі дзяцей двое-трое? І ўсе яны ў дадатак хочуць есці?

І пры гэтым нашая ўлада ўвесь час кажа пра «дэмаграфічную бяспеку» і патрабуе нараджаць дзяцей яшчэ і яшчэ. А годных заробкаў, каб іх накарміць і апрануць, пакуль што не прадбачыцца.

Заробкі — ладна, грошай заўсёды мала. Але за апошняе дзесяцігоддзе мы багата чулі пра мадэрнізацыю прадпрыемстваў лёгкай прамысловасці, заводаў па вытворчасці паперы і цэлюлозы і гэтак далей. Дык у што вылілася гэтая мадэрнізацыя — у падаражанне прадукцыі? Падаецца, павінна было б быць наадварот. А калі людзям ад той мадэрнізацыі толькі горш становіцца — ці была яна патрэбная ўвогуле? І чаму пры «мадэрнізацыі» Добрушскай папяровай фабрыкі ці будаўніцтва Светлагорскага цэлюлознага камбінату людзі вымушаныя купляць сшыткі ў растэрміноўку?

Зразумела, бацькі неяк выкручваюцца: шукаюць падпрацоўку, нехта спрабуе зарабіць на ўласных падворках. Але і з гэтым праблемы. Напачатку лета ў Лунінецкім раёне ў чэрвені цэны на трускаўку ў вытворцаў знізіліся да 20 капеек за кілаграм. Гэтыя кошты не акуплялі працу, таму некалькі вёдраў людзі высыпалі прама пад ногі скупшчыкам. Здымкі трапілі ў інтэрнэт, іх пабачыў кіраўнік краіны і выказаў сваё абурэнне. Сітуацыю тэрмінова выправілі.

Зараз аналагічная праблема ўзнікла ў жыхароў Столінскага раёна: закупачныя цэны ўпалі да 30 капеек за кілаграм памідораў. І нават пры такіх цэнах прадаць ураджай немагчыма, таму што няма пакупнікоў.

«Трэба зрабіць так, як зрабілі ў Лунінецкім раёне з трускаўкай. Вывезці прадукцыю на сметнік і выставіць фота ў інтэрнэт. Можа быць, тады ўрад зверне ўвагу на праблему вяскоўцаў і пачне вырашаць пытанні з будаўніцтвам у краіне перапрацоўчых заводаў», — заяўляюць фермеры.

Але ж у крамах зараз таматы — зусім не па 30 капеек. І яны чамусьці не беларускія — польскія, іспанскія, турэцкія — якія заўгодна. Айчынных — малавата. Пры гэтым у краіне безліч чыноўнікаў і кантралюючых органаў, якія, нібыта, павінны глядзець за прыярытэтам беларускіх вытворцаў — той жа МАРГ, напрыклад.

Больш за тое — у нас існавала адпаведная праграма па пабудове перапрацоўчых прадпрыемстваў садавіны і гародніны! Іх абяцалі мадэрнізаваць яшчэ ў 2009 годзе, а тагачасны прэм’ер-міністр Сяргей Сідорскі і ўвогуле заяўляў пра пабудову 12 (!) новых (!) заводаў па перапрацоўцы сельскагаспадарчай прадукцыі. Дзе гэта ўсё? І куды падзеліся грошы, выдаткаваныя на будоўлю прадпрыемстваў, калі іх дагэтуль не хапае?

Між тым, нягледзячы на надзённыя і вельмі важныя праблемы, краіна працягвае «шыкаваць». Раней былі Еўразійскія гульні, ваенныя парады, Купаллі. Днямі нас ашчаслівілі яшчэ і тым, што Лукашэнка абмеркаваў падрыхтоўку да будаўніцтва ў Мінску нацыянальнага футбольнага стадыёна і басейна міжнароднага стандарту. А таксама ў нас неўзабаве будзе і чарговае «свята» — датэрміновыя (што б там ні казалі) выбары ў Палату прадстаўнікоў.

Самае цікавае, што гэтыя выбары па плане павінны былі прайсці ў 2020 годзе, а таму ў бюджэце сродкаў на іх правядзенне сёлета не прадугледжана. Ва ўказе Лукашэнкі аб прызначэнні выбараў Савету Міністраў прадпісана забяспечыць фінансаванне расходаў «за кошт сродкаў бюджэту, прадугледжанага на іншыя агульнадзяржаўныя пытанні». Па словах кіраўніцы ЦВК Лідзіі Ярмошынай, выбары будуць каштаваць краіне прыкладна 23 мільёны рублёў.

Таму дзяржава і спрабуе выцягнуць грошы на свае «святы» з гаманцоў грамадзян — а адкуль іх узяць яшчэ? Напрыклад, ДАІ пачынае аперацыю «Тэхагляд» — праверкі тэхагляду, верагодна, пройдуць па ўсёй краіне. МУС паведамляе, што яны будуць адбывацца «ў розных населеных пунктах». А паколькі тэхагляд звязаны з непадымным транспартным падаткам, шмат хто ездзіць без яго — і будзе вымушаны заплаціць даволі сур’ёзныя штрафы.

Нягледзячы на тое, алкагалізацыя ў Беларусі даўно стала вялікай праблемай, Лукашэнка ўказамі ад 5 жніўня дазволіў гандаль алкаголем і цыгарэтамі з крамаў duty free на борце самалётаў. Што, безумоўна, не дадасць бяспекі палётам.

Гэтак мы «дамадэрнізуемся» да поўнай галечы. Хаця, калі ўжо сшыткі прадаюцца «ў крэдыт» — куды далей?