Дарагое золата пакіне Беларусь без валютных штаноў
У той час, як сусветныя кошты на золата падаюць, у Нацбанка яны растуць.
Афіцыйны курс беларускага рубля ў адносінах да замежных валют і кошыка замежных валют на 05.07.2013 ад Нацыянальнага банка практычна нічым не адрозніваецца ад падобнага ж курсу на 01.07.2013 года. Беларускі рубель слабее да даляра і еўра, але мацнее да расійскага рубля.
На фоне нядаўніх заяваў расійскіх эканамічных уладаў пра неабходнасць правядзення дэвальвацыі ў жніўні, лёс «прырэчанага» расійскага рубля ні ў каго не выклікае аптымізму.
Калі параўноўваць ліпеньскі і студзеньскі кошыкі валют, можна нават адзначыць рост курсу беларускага рубля ў кошыку. Амаль на 0,8 адсотка. Вось толькі гэты рост у большай меры звязаны з прасадкай уніз рублёвага курсу нашых усходніх суседзяў.
І калі расійцы плануюць дэвальвацыю, то курс беларускага рубля да кошыка замежных валют можа ўмацоўвацца і далей, нягледзячы на падзенне да курсу даляра (-2,8% за паўгода) і еўра (-0,88% за аналагічны перыяд). Расійскі рубель, які саступіў беларускаму сабрату 5,85% з пачатку года, будзе цягнуць беларускую карціну ў плюс падобна лакаматыву.
Прыкладна такая ж сітуацыя з коштам 1 грама золата ад Нацыянальнага банка. Кошт продажу юрыдычным і фізічным асобам з 31 траўня 2013 года да 4 ліпеня гэтага года вырас нязначна: з 503 450 да 509 800 беларускіх рублёў (на 1,26%).
Паглядзім на каціроўкі тройскай унцыі золата на міжнародным рынку. Жоўты метал працягвае сваё падзенне.
1 чэрвеня гэтага года тройская ўнцыя золата каштавала 1388 даляраў, 4 ліпеня ўсяго 1248 даляраў. Падзенне на 10,1%. Атрымліваецца, што за адзін месяц беларусы сталі плаціць за 1 грам золата амаль на 11,36% больш.
У той жа час на сусветных біржах назіраецца падзенне коштаў і на іншыя каштоўныя металы: срэбра і плаціну.
За месяц срэбра патаннела на 13,2%, у Нацыянальнага банка падаражэла на 1,15%. За срэбра мы сталі плаціць на 14,35% больш.
Плаціна патаннела на 9,9%, у Нацыянальнага банка плаціна патаннела на 5,2%.
Значыць, дынаміка коштаў на плаціну ад Нацбанка больш-менш адпавядае сусветнай тэндэнцыі, а вось кошты на золата і срэбра значна адрозніваюцца ад сусветных коштаў.
«Казаць пра грамы і рублі, калі золата на сусветных біржах гандлюецца тройскімі ўнцыямі за даляры, не зусім карэктна, таму што існуе яшчэ і дынаміка курсу даляра ў адносінах да беларускага рубля. Але калі сусветныя кошты на золата падаюць, а ў Беларусі растуць — гэта можа азначаць адно.
Нацыянальны банк калісьці закупіў золата на нейкай біржы па больш высокім курсе, чым існуе цяпер, і па гэтым жа кошце хацеў бы прадаць жоўты метал. Гэта дрэнна, таму што насельніцтва будзе купляць золата не ў Нацыянальнага банка, а дзе-небудзь у іншым месцы, у Расеі, напрыклад», — лічаць эксперты ў банкаўскай сферы.
Журналісты праверылі дынаміку змянення коштаў на золата ў Расійскай Федэрацыі.
Па дадзеных Ашчадбанка, кошт залатога злітка 1 грам у стандартнай упакоўцы на 04.06.2013 складаў 1956 расійскіх рублёў. Кошт на 04.07.2013 быў 1828 рублёў. Розніца ў кошце — 128 расійскіх рублёў (па сярэднім курсе 32 расейскіх рубля за даляр, атрымліваем 4 даляра).
У расійскім Ашчадбанку кошт практычна ўвесь чэрвень падаў уніз. А гэта азначае, што любы жадаючы беларус, ці беларуская арганізацыя, маглі купіць расійскія рублі ў Беларусі, нездарма ж яны таннеюць, і за іх набыць у Ашчадбанка Расіі золата, якое таннее.
Навошта звяртацца ў Нацбанк, які не толькі не зніжае кошты на золата і срэбра, а, наадварот, прыўздымае іх?
Напрыканцы журналісты праверылі ўліковыя кошты на каштоўныя металы ад Нацыянальнага банка Беларусі — там усё практычна адпавядае сусветным трэндам. Але вось дынаміка коштаў продажу для фізічных і юрыдычных асоб наводзіць на думкі ці то пра незачыненую зімой фортачку, ці то пра чорную дзірку.