«Дрэнна не тое, што эканоміка ў ж…, а тое, што мы ў ёй уладкоўваемся»

Большасць эканамічных крызісаў не бяруцца з ніадкуль. Іх з'яўленню папярэднічае мноства «званочкаў», пачуўшы і зрэагаваўшы на якія, урад можа прадухіліць бяду ці, зменшага, змякчыць наступствы. Але гэта толькі ў выпадку, калі ўрад гатовы пачуць сігналы.

У выпадку з Беларуссю мы чуем не «званочкі», а голасныя трывожныя набаты, але ўсе ва ўладзе стараюцца іх не заўважаць, з усіх сіл сімулюючы сітуацыю «ўсё ідзе па плане», піша тэлеграм-канал «Нашы грошы».

На канкрэтным прыкладзе мы пабачым сёння, як адзін з макраэканамічных параметраў вельмі выразна паказвае нам, што нягледзячы на ўсе пераможныя рэляцыі, якія мы чуем цяпер ад дзяржаўных СМІ, усё далёка не так добра, як нам імкнуцца давесці.

Адзін расійскі эканаміст сказаў нядаўна грубавата, але вельмі дакладна: «Дрэнна нават не тое, што эканоміка ў ж…, а тое, што мы ў ёй уладкоўваемся». Нешта падобнае мы назіраем цяпер і ў Беларусі.

Паглядзім на адзін з сістэмных, доўгатэрміновых трэндаў, якія дэманструюць рэальны стан у эканоміцы — статыстыку сацыяльных трансфертаў і даходаў ад прадпрымальніцтва ў агульным аб'ёме даходаў насельніцтва.

Даходы насельніцтва ў агульным складваюцца са многіх паступленняў, у тым ліку пенсій, сацвыплат і дапамог і гэтак далей. Усё гэта — трансферты, або тое, што дае дзяржава. З іншага боку, ёсць даходы, якія самастойна зарабляе прадпрымальнік — тыя людзі, якія не працуюць «на дзядзьку», а з'яўляюцца сутнасцю і рухальнай сілай прыватнага бізнесу.

Вывучаючы статыстыку па агульным аб'ёме грашовых даходаў насельніцтва з 2010 года, мы бачым вельмі непрыемную карціну. Увесь гэты час — 13 доўгіх гадоў! — доля трансфертаў, гэта значыць сацыяльных выплат тым, хто ў іх мае патрэбу, няўмольна расце.

Хай адбываецца гэта хвалепадобна, але агульны трэнд відавочны: 13 гадоў таму доля трансфертаў складала 20,4% ад агульнага аб'ёму даходаў, а ў першым квартале 2023 года ўжо 23%. Хутка кожны чацвёрты рубель сярэднестатыстычнаму беларусу будзе даваць наўпрост дзяржава. Гэта — вельмі вялікая залежнасць.

Разам з тым мы бачым, што ад 2010 года няўмольна падаюць даходы ад прадпрымальніцкай дзейнасці. Прычым тут нават няма нейкіх ваганняў, іх доля ў агульным аб'ёме даходаў насельніцтва становіцца ўсё меншай і меншай: за разгляданы перыяд яна скацілася з 12,7% да 7,8%. Увогуле ў катле даходаў доля грошай, якія беларусы зарабілі самастойна, упала вельмі прыкметна.

photo_2023_06_15_14_49_56.jpg


А ў цэлым, назіраючы гэту карціну, можна сказаць, што беларускае грамадства ўсё больш робяць залежным ад дзяржаўных датацый і пры гэтым усё менш даюць умоў для таго, каб зарабіць самастойна, праявіўшы прадпрымальніцкую ініцыятыву.

Логіка цяперашняга кіраўніцтва краіны відавочная: гэтаму левіяфану прадпрымальнік чужы як від, сам па сабе ІП — гэта поўная супрацьлегласць усім тым эканамічным, палітычным і нават класавым ідэям, якія цяпер транслююцца ўрадам.

Праблема, з якой даводзіцца сутыкацца ўладзе, заключаецца ў тым, што прыватная ініцыятыва значна больш прадуктыўная, чым дзяржсектар. Нейкі час дзвюм гэтым супрацьлегласцям удавалася адносна мірна суіснаваць: прадпрымальнікам давалі магчымасць працаваць, за гэта яны кармілі ўладу, дзяржсектар і не падавалі голасу. Аднак, калі забяспечаных і свабодных людзей стала шмат, яны захацелі заявіць пра сябе, што мы і ўбачылі ў 2020 годзе. Менавіта таму цяпер назіраецца экстранны «адкат».

Але разам з уплывам даводзіцца браць на сябе і адказнасць: прадпрымальнікаў становіцца менш, а значыць, сацыяльная нагрузка кладзецца на плечы дзяржпрадпрыемстваў, многія з якіх толкам і сябе пракарміць не могуць.

Гледзячы на графік, мы бачым, як сістэма павольна, але дакладна скочваецца ў пастку, пры якой, вобразна кажучы, хочацца кіраваць усёй планетай, але кампетэнцый і рэсурсаў хапае толькі на невялікае сельскагаспадарчае прадпрыемства.

І розніца паміж «хочацца» і магчымасцямі з кожным годам усё прыкметней.