Два месяцы без рынку

Вось ужо два месяцы ў Беларусі з-за сумнавядомага ўказа №222 амаль не працуюць рынкі. Адна частка прадпрымальнікаў дамагаецца права на працу на Кастрычніцкай плошчы Мінска, другая — перамаўляецца з уладамі.



chalavechki_1_logo.gif

Каб ад указа №222 быў эфект, уладам трэба зачыніць мяжу з Расіяй

«Вымушаны страйк» ІП ужо заўважыла афіцыйная статыстыка. Узровень афіцыйнага беспрацоўя ў студзені вырас на 0,1% — да 1,1% ад эканамічна актыўнага насельніцтва — і на 1 лютага 2016 года дасягнуў 47,7 тысячы беспрацоўных. Гэта ў 1,6 разы больш, чым год таму.

Хутчэй за ўсё, рост беспрацоўя працягнецца, бо пакуль ІП яшчэ маюць надзею «пераламіць» уладу. Імаверна, на біржу працы пайшлі некаторыя наёмныя працаўнікі прадпрымальнікаў, а не самі дробныя бізнесоўцы.

Немагчымасць прадпрымальнікам працаваць выклікала прыняцце такіх скандальных пастановаў, як абмежаванне кошту і вагі замежных пасылак (22 еўра і 10 кілаграмаў) і новыя квоты для правозу рэчаў праз мяжу (не больш за 300 еўра і 20 кілаграмаў, калі ездзіш больш, чым раз на тры месяцы). Сувязь простая: калі прадпрымальнікі не завозяць тавар — трэба за ім ехаць самім. Зараз, па аналогіі з французскім лозунгам пасля расстрэлу рэдакцыі сатырычнага часопіса «Шарлі Эдбо», калі французы разгарнулі кампанію «Я — Шарлі», мы ўсе можам сказаць: «Я — прадпрымальнік».

Але абмежавальныя захады ўлады ва ўмовах адкрытай мяжы з Расіяй проста бессэнсоўныя. Чыноўнікі ў чарговы раз прынялі непапулярныя меры, толькі раззлаваўшы насельніцтва. Эканамічнага эфекту ад усёй гэтай кампаніі — ледзьве не нуль без палачкі. Прынамсі, мары падняць даўно сканаўшы айчынны легпрам і абмежа­ваць вываз валюты за мяжу не спраўдзіліся.

Пастанова наконт пасылак набудзе моц толькі ў сярэдзіне красавіка, але ўжо зараз знайшліся магчымасці яе абысці праз адкрыццё абаненцкай скрыні на пошце ў Бранску ці Смаленску. Пасылкі будуць прыходзіць туды, а ў сучасных умовах дзень прыбыцця гэтага адпраўлення замоўніку стане вядомы нават хутчэй, чым паштоваму аддзяленню. Толькі і застанецца — з’ездзіць у Смаленск і забраць замоўленае.

Тое ж самае тычыцца «шопінгу за мяжой». Абмежаванне на ўвоз тавару тычыцца толькі той мяжы, дзе ёсць нармальная мытня і памежны кантроль. Як даведацца, выехаў ты раз у тры месяцы, альбо кожны тыдзень — на мяжы з Расіяй штампаў у пашпарт не ставяць. Мытні няма: як падлічыць, вязеш ты тавараў больш чым на 300 еўра альбо проста піва папіць ездзіў?

Аматары замежнага шопінгу ўжо зараз пераключыліся са звыклых супермаркетаў Беластоку і Вільні на той жа Смаленск.

Туды «на закупы» ўжо з’ездзіў журналіст «Радыё Свабода». Што ён ужо заўважыў? Аўтобусы ў Смаленск адпраўляюцца адзін за адным. Па квіткі лепш звяртацца загадзя, у пятніцу месцаў ужо амаль не бывае. У дарозе ўсё часцей сустракаюцца машыны з беларускімі нумарамі, прычым не толькі «памежнымі» — быва­юць і мінскія, і магілёўскія, і нават гродзенскія. На паркоўцы ля гандлёвага цэнтра «Галактыка» пераважная большасць беларускіх аўто. І гіпермаркет «Карусель» прыцягвае беларусаў да такой ступені, што праз пару гадзін пасля адкрыцця некаторыя паліцы застаюцца нават пустымі.

У крамах адзначаюць значны рост беларусаў у апошнія месяцы. «Вядома, будзе расці. Бо нашых прадпрымальнікаў душаць, і мы ў Смаленск неўзабаве будзем ездзіць ужо не толькі за сукенкамі-касцюмамі, а за майткамі і шкарпэткамі», — кажа мужчына, заходзячы ў аўтобус з надпісам «Заходняя губерня». Гэта наваполацкая фірма, якая раней вазіла на шопінг у Вільню і Беласток, адкрыла новы маршрут — у Смаленск, адзначае карэспандэнт «Свабоды».

Гэта толькі бачныя вачыма наступствы ўказа №222. А ёсць і нябачныя. Па-першае, як кажа эканаміст, намеснік старшыні Аб’яднанай грамадзянскай партыі Леў Марголін, ужо моцна церпяць мясцовыя бюджэты, асабліва ў невялікіх гарадах і райцэнтрах. Бо прадпрымальнікі не працуюць і не плацяць падаткаў у гэтыя бюджэты. Тое ж тычыцца арэнднай платы, што апасродкавана, праз арганізацыі спажыўкааперацыі, якім у большасці належаць рынкі, усё роўна атрымлівалі бюджэты.

Па-другое, Марголін прагназуе значны рост «шэрай» эканомікі: калі тыя ж прадпрымальнікі, каб выжыць, будуць прадаваць свае тавары шляхам «сеткавага маркетынгу» праз знаёмых, потым знаёмых іх знаёмых, бацькам дзяцей — аднакласнікаў іх дзяцей, і гэтак далей. Адпаведна, ніякіх падаткаў ад іх не дачакаешся.

І, канешне, рост беспрацоўя. Бо нават калі ІП пачнуць працаваць па правілах указа №222, кошт іх тавараў падскочыць на 30–50%. І тады ўжо дробныя бізнесоўцы прагараць эканамічна: ва ўмовах нізкіх заробкаў дарагі тавар ніхто купляць не будзе.

Карацей, пакуль  што адзіны станоўчы эканамічны эфект ад указа №222 — ажыўленне пасажырапатоку ў напрамку Смаленску. Больш нічога, апроч шкоды, няма.

Для таго, каб ад яго быў чаканы эфект, уладам трэба закрыць мяжу з Расіяй. Але, баюся, у гэтым выпадку ў краіне замест тавараў з’явяцца «зялёныя чалавечкі» і «ветлівыя людзі».