Віцебск. Прадпрымальнікам забаранілі праводзіць сходы ў гандлёвым цэнтры «Эвіком»
Гэты цэнтр быў месцам правядзення прадпрымальніцкіх сходаў на працягу двух апошніх месяцаў. Аднак адміністрацыя папярэдзіла: сходы, на якіх прысутнічаюць прадпрымальнікі з іншых гандлёвых аб'ектаў, «непажаданыя».
Фота з сайта spring96.org
«Калі мы даведаліся пра пазіцыю адміністрацыі, то вырашылі выйсці ў двор падчас мінулага сходу. З аднаго боку, мы выканалі патрабаванне адміністрацыі, але з другога — з'явілася небяспека, што нас могуць пакараць за несанкцыянаваную акцыю. Да прыкладу, за «мітынг», бо абмеркаванні наяўных праблем адбываюцца вельмі эмацыйна. А права на мірныя сходы ў Беларусі ігнаруецца, і скарыстацца ім мы не можам», — разважае Ірына Яскевіч, кіраўніца аргкамітэту па стварэнні прафсаюзу прадпрымальнікаў “Разам”.
Тыдзень таму суд Маскоўскага раёну Мінска якраз аштрафаваў яе на 25 базавых велічынь (5 мільёнаў 250 тысяч рублёў) “за ўдзел у несанкцыянаванай акцыі” — у сходзе прадпрымальнікаў, які праходзіў Мінску 18 студзеня.
Гандлёвы цэнтр “Эвіком”, які з пачатку году стаіць пусты, стаў традыцыйным месцам сходаў віцебскіх прадпрымальнікаў. Вядома, што на абмеркаванне перспектыў працы ва ўмовах дзеяння ўказа №222 сюды збіраліся прадстаўнікі розных гандлёвых аб’ектаў — бо гэтая праблема хвалюе іх усіх.
Ірына Яскевіч не выключае, што чарговы сход віцебскіх прадпрымальнікаў, запланаваны на другую палову бягучага тыдня, давядзецца праводзіць на вуліцы. Рызыкаваць давядзецца ў любым выпадку: або сабрацца ў гандлёвым цэнтры і падпасці пад рэпрэсіі з боку адміністрацыі “Эвікома”, якую не задавальняе прысутнасць на сходзе “чужых” прадпрымальнікаў, або выйсці на вуліцу з рызыкай быць прызнанымі парушальнікамі заканадаўства аб масавых мерапрыемствах.