Дзяржава хавае інфармацыю пра фінансы ад грамадзян. А грамадзяне — ад дзяржавы

Нацбанк апублікаваў свежую статыстыку аб шырокай грашовай масе — аб'ёме грошай, якія ёсць у беларускай эканоміцы. Тэлеграм-канал «Нашы грошы» заўважае цікавую тэндэнцыю: беларусы гатовыя ў любы час «падкласці свінню» дзяржаве.

9903127.jpg


З верасня да кастрычніка шырокая грашовая маса вырасла з 54,2 млрд рублёў да 55,2 мільярдаў, гэта значыць на 1,8%. Гэта досыць шмат для аднаго месяца. Яшчэ важна адзначыць, што захоўваецца вялікая доля наяўных грошай у звароце, мала таго, — яна цяпер знаходзіцца на гістарычна самых высокіх межах за апошняе дзесяцігоддзе — 6,1 млрд рублёў або 11,1%. Для параўнання, у пачатку года доля наяўных грошай у шырокай грашовай масе была 8,7%.

Колькасць наяўных у беларускай эканоміцы сур'ёзна расце напрацягу апошніх гадоў, а дакладней — з 2016 года: тады доля «налу» складала ўсяго 5% і нават апускалася крыху ніжэй. Нягледзячы на тое што Беларусь ганарыцца сваімі шматлікімі анлайн-сэрвісамі, «кэша» чамусьці менш не становіцца.

Чаму 11,1% наяўных — гэта трывожны для ўрада паказчык? Справа ў тым, што гэтыя грошы не ляжаць у банках. Калі яны знаходзяцца на рахунках, — імі можна кіраваць, дакладна разумець, што адбываецца, уносіць, калі неабходна, карэктывы ў эканамічную палітыку, накіроўваць сродкі на крэдытаванне эканомікі. Калі дзясятая частка грашовай масы ў гатоўцы, — усе гэтыя мільярды знаходзяцца як быццам «у ценю», і вельмі цяжка спрагназаваць, дзе яны «вылезуць». А што, калі нечакана, пасля чарговага няўдалага выступу Лукашэнкі, значная частка насельніцтва схопіць свае наяўныя і пабяжыць купляць у абменніках долары ці еўра?

Вялікая колькасць гатоўкі таксама можа казаць пра тое, што ў краіне ўсё больш развіваюцца «шэрыя зоны» эканомікі. Усё больш і больш плацяжоў праходзіць міма ўсёвідушчага вока дзяржавы. Таксама 11,1% ускосна пацвярджаюць страту даверу насельніцтва да банкаў, а ў іх асобе — да дзяржавы.

Апошні раз такі высокі працэнт гатоўкі рэгістраваўся падчас крызіснага 2011 года. Калі хочаце, мы бачым тэндэнцыю, якую можна назваць «калектыўнай мудрасцю», якая як бы нам на нешта намякае…

Іронія заключаецца ў тым, што пачаўся ўзаемны працэс. Дзяржава сёння ўсё больш закрывае інфармацыю па эканамічных даных для насельніцтва, але пры гэтым яна разлічвае максімальна кантраляваць грашовыя патокі грамадзян. Беларусы ж у адказ, адчуваючы ўсё менш даверу да дзяржавы, сыходзяць у гатоўку, «шыфруючы» свае даходы, зберажэнні і выдаткі.

Яшчэ адна важная змена: на 9% выраслі пераводныя дэпазіты прадпрыемстваў, усяго на іх рахунках свабодных грошай стала больш на 572 млн. Прычым, рост паказчыка працягваецца не першы месяц. У жніўні пераводныя дэпазіты выраслі на 1 млрд 157 млн рублёў. Пры эканоміцы, якая добра працуе, можна было б выказаць здагадку, што гэта дадатковая выручка. Але беларускія прадпрыемствы сёння займаюцца тым, што спрабуюць масава нагнаць упушчаную выгаду ад гандлю з усім светам пераарыентацыяй на расійскі рынак, і пра добра працуючую эканоміку казаць не прыходзіцца. Таму можна меркаваць, што рост грошай на рахунках — прыкмета таго, што дзяржава дапамагае дзяржпрадпрыемствам, вылучаючы крэдыты, даруючы даўгі ці нейкімі іншымі спосабамі. У тым ліку, цалкам верагодна, уключаючы «друкавальны станок».

На што яшчэ можна звярнуць увагу? На тое, што большая частка ўсіх грошай — гэта дэпазіты ў замежнай валюце. Гэта балючая кропка нашай эканомікі, бо любыя скокі курсаў валют могуць імкліва перафарматаваць структуру шырокай грашовай масы. Як толькі долару ў Расіі, напрыклад, «загадаюць» быць даражэй, гэта адразу ж адаб'ецца на нашай эканоміцы.