Эканаміст: У 2018 годзе будзе значна горш
Каго ўтрымае ад эміграцыі новы дэкрэт, ува што выльецца блізарукае стаўленне да занятасці і каго ратуе анабалічны рост — кіраўнік навукова-даследчага цэнтра Мізэса Яраслаў Раманчук падводзіць вынікі гэтага года і прагназуе, як эканоміка будзе развівацца ў 2018-м.
Аб халастых стрэлах
Адыходзячы год прайшоў пад знакам абяцанняў палепшыць дзелавы клімат у краіне.
— І тое, што ўбачылі 23 лістапада ў дэкрэце № 7 «Аб развіцці прадпрымальніцтва», вядома ж, было расчараваннем, — лічыць Яраслаў Раманчук. — Нельга сказаць, што дэкрэт — гэта цалкам халасты стрэл, але зацверджаныя рашэнні не азначаюць разняволенне бізнэсу да той ступені, пры якой ён можа стаць новай крыніцай эканамічнага росту краіны.
Дакументы па развіцці прадпрымальніцтва ў наступным годзе дапамогуць асобным грамадзянам заняць сябе і ўтрымаюць пэўную катэгорыю ад эміграцыі. Але не больш, падкрэслівае эксперт.
Аб ганебных 0,6%
Вялікім правалам ў 2017 годзе стала сацыяльная палітыка, адзначае Яраслаў Раманчук і нагадвае перш за ўсё пра падзеі вакол дэкрэта №3, дзеянне якога пасля пратэстаў вымушаныя былі прыпыніць.
— Працягнулася сляпое і блізарукае стаўленне да паняцця беспрацоўя і занятасці. У нас па-ранейшаму ганебныя 0,6% афіцыйнага беспрацоўя. Але замоўчванне праблемы не азначае яе адсутнасць, і тым больш яе рашэнне, — кажа эканаміст.
Аб пазітыўных пачынаннях і пераўпакоўцы
Год адзначыўся адноснай макраэканамічнай стабільнасцю.
— Мы на час паверылі ў здольнасць Нацбанка кантраляваць інфляцыю і ажыццяўляць прадказальную курсавую палітыку, што, безумоўна, з'яўляецца пазітывам, — лічыць Яраслаў Раманчук. — Але добрыя пачынанні Нацбанка не падхапілі ва ўрадзе, які працягнуў кіраваць шырокім нерэфармаваным дзяржаўным сектарам у старым рэжыме.
Сутнасць гэтага ўпраўлення выказаў у аўторак Аляксандр Лукашэнка, адзначыўшы, што недапушчальна пастаянна перакладаць праблемы прадпрыемстваў і банкаў на бюджэт. Паводле яго слоў, толькі ў 2015 і 2016 гадах у праблемныя прадпрыемствы ўлілі 1,8 млрд даляраў. Усяго ж сума такіх даўгоў перавышае 10 млрд даляраў. У адыходзячым годзе іх зноў пераўпакавалі, але праблема не вырашаецца.
Аб допінгу ў эканоміцы
Нязначны рост у эканоміцы быў забяспечаны уліваннем гіганцкіх і вельмі дарагіх крэдытаў.
— Напрошваецца аналогія са спартсменам, які ў пачатку дыстанцыі атрымаў магутную дозу анаболікаў і спадзяецца, што на наступных этапах не будзе допінг-кантролю і ён зможа дабегчы да фінішу, — характарызуе сітуацыю эканаміст.
Анабалічны рост у эканоміцы выгадны 70-100 дзяржпрадпрыемствам-манапалістам, якія нічога не хочуць мяняць. Яны здолелі ўмяшацца ў працэс дыялогу ўлады і бізнесу і выхапіць разумныя і добрыя прапановы, падрыхтаваныя экспертнай супольнасцю ў рамках распрацоўкі палажэнняў дэкрэта №7.
Аб таксічных актывах
Каб разняволіць бізнэс трэба, каб дзяржсектар складаў не 80% у эканоміцы, а мінімум у два разы менш — такі рэцэпт ад Яраслава Раманчука.
— Але ўрад нічога не робіць для павелічэння прыватнага сектара, — лічыць эксперт. — Значыць, у наступным годзе будзе яшчэ больш таксічных актываў, яшчэ больш узмоцніцца ціск на бюджэт і банкі з мэтай павелічэння крэдытавання.
Лукашэнка ў аўторак сказаў пра «заклёны, стогны ды плачы». У 2018-м яны з боку дзяржсектара працягнуцца.
У наступным годзе, па прагнозах эканаміста, наўрад ці можна чакаць такога ж спрыяльнага збегу абставін у выглядзе росту паставак нафты, экспарту калійных угнаенняў і харчавання на расійскі рынак. Будзе значна горш, асабліва ў святле прадказальных праблем расійскага рубля і расійскай эканомікі, якая з высокай ступенню верагоднасці будзе альбо ў нулявой зоне росту, альбо наогул у зоне падзення.
Пра наяўнасць палітычнай волі ў Лукашэнкі да пераменаў
Ці з'явіцца ў кіраўніка дзяржавы палітычная воля, якая дазволіць змяніць сістэму кіравання эканомікай?
— Пакуль такіх прыкмет я не бачыў. Але ў пятніцу адбудзецца вялікая сустрэча Лукашэнкі з пашыраным складам Савета па развіцці прадпрымальніцтва (па вялікім рахунку з бізнес-супольнасцю), у якой я таксама буду ўдзельнічаць. Цікава будзе паслухаць, што ён адкажа на пытанне такога роду, — кажа Яраслаў Раманчук.
Паводле Заўтра тваёй краіны