Каардынацыйная група ЕС-Беларусь правяла чацвёртую сустрэчу

У Бруселі 19-20 снежня 2017 года адбылося пасяджэнне Каардынацыйнай групы Еўрапейскага саюза і Беларусі. Папярэднія сустрэчы ў такім жа фармаце прайшлі ў красавіку 2016 года, лістападзе 2016 года і красавіку 2017 года.

belarus_eu_1.jpg

Гэтая сустрэча дала магчымасць бакам абмяняцца поглядамі на апошнія палітычныя падзеі ў рэгіёне і абмеркаваць, як прасоўваць супрацоўніцтва з улікам вынікаў саміта Усходняга партнёрства і пагаднення аб 20 канкрэтных задачах на перыяд да 2020 года. У сувязі з гэтым яны вылучылі тыя сферы, якія маюць асаблівае значэнне для Беларусі: спрашчэнне ўмоваў гандлю з краінамі Усходняга партнёрства, якія не заключалі дамоў аб стварэнні паглыбленых і ўсёабдымных зон свабоднага гандлю (DCFTA); камунікацыя і асвятленне дзейнасці не толькі Еўрапейскага саюза ў краінах-партнёрах, але і краін-партнёраў у Еўрапейскім саюзе; супрацоўніцтва з трэцімі краінамі, напрыклад, з Кітаем ці Індыяй. ЕС і Беларусь у цяперашні час знаходзяцца ў прасунутай стадыі перамоў па новых, спецыяльна распрацаваных Прыярытэтах партнёрства ЕС-Беларусь. Асноўнымі сферамі, якія ўяўляюць інтарэс у рамках Прыярытэтаў партнёрства, з'яўляюцца эканамічнае развіццё і мадэрнізацыя, умацаванне інстытутаў і належнае кіраванне, ўзаемазвязанасць і кантакты паміж людзьмі.
Як і на папярэдніх сустрэчах, было праведзена асобнае пасяджэнне, прысвечанае правам чалавека і палітычным свабодам. ЕС падняў пытанне аб неабходнасці аднаўлення працы па ўсебаковым удасканаленні выбарчага заканадаўства ў адпаведнасці з рэкамендацыямі Бюро па дэмакратычных інстытутах і правах чалавека (БДІПЧ) і Венецыянскай камісіі; выступіў супраць далейшага прымянення смяротнага пакарання ў Беларусі; выказаў заклапочанасць у сувязі з арыштамі журналістаў, а таксама пакараннем штрафамі ўдзельнікаў грамадскіх мерапрыемстваў і дэманстрацый. Еўрапейскі бок таксама прывёў прыклады канкрэтных спраў, якія выклікаюць асаблівую заклапочанасць з пункту гледжання выканання міжнародных абавязацельстваў па абароне дзяцей. Былі таксама абмеркаваныя пытанні многіх напрамкаў галіновага супрацоўніцтва, у тым ліку мабільнасці, кантактаў паміж людзьмі, гандлю, энергетыкі, мытнага кантролю, транспарту, экалогіі, навукі, адукацыі, санітарных і фітасанітарных стандартаў, сельскай гаспадаркі і сацыяльнай абароны. У ходзе дыскусій па энергетыцы еўрапейскі бок падкрэсліў неабходнасць поўнай празрыстасці і супрацоўніцтва па пытаннях ядзернай бяспекі, у прыватнасці, звязаных з новай атамнай электрастанцыяй у Астраўцы. Падпісанне дакумента аб паразуменні на высокім узроўні паміж Еўрапейскім саюзам і Беларуссю на палях саміта Усходняга партнёрства, у якім вызначаюцца арыентыровачныя карты па апорных сетках TEN-T, было ўхвалена як аснова для павышэння транспартнай узаемазвязанасці і вызначэння агульных інфраструктурных прыярытэтаў.
Еўрапейскі саюз пацвердзіў сваю прыхільнасць забеспячэнню стабільнай, дэмакратычнай і заможнай будучыні для Беларусі на карысць яе народа і будзе працягваць сваю працу з усімі зацікаўленымі бакамі ў дасягненні гэтай важнай мэты. Ён таксама прэзентаваў існуючыя праграмы дапамогі ЕС і распавёў пра магчымасці для пашырэння гэтага набору інструментаў дапамогі.
Дэлегацыю Еўрапейскага саюза ўзначальваў Томас Майр-Хартынг, выканаўчы дырэктар па пытаннях Еўропы і Цэнтральнай Азіі ў Еўрапейскай службе знешніх дзеянняў. У дэлегацыю ўваходзілі прадстаўнікі Еўрапейскай службы знешніх дзеянняў і генеральных дырэктаратаў Еўрапейскай камісіі, адказных за пытанні Еўрапейскай палітыкі суседства, гандлю, энергетыкі, унутраных спраў, сельскай гаспадаркі, фінансаў, мытнага кантролю, даследванняў, адукацыі і культуры. Беларуская дэлегацыя працавала пад кіраўніцтвам Алега Краўчанкі, намесніка міністра замежных спраў Рэспублікі Беларусь, і ўключала ў сябе прадстаўнікоў іншых зацікаўленых міністэрстваў. У сустрэчах таксама бралі ўдзел эксперты і прадстаўнікі няўрадавых арганізацый з Беларусі.
Паводле eeas.europa.eu