Дзяржаўнае агенцтва «Белта» запусьціла сайт на кітайскай мове

2018 год будзе абвешчаны Годам турызму Беларусі ў Кітаі, плануецца актывізаваць супрацоўніцтва, паведамляе «Радыё Свабода».

Здымак Белта

Здымак Белта


Беларускае тэлеграфнае агенцтва (БЕЛТА) адкрыла кітайскую моўную вэрсію інтэрнэт-сайту. Як адзначаецца на сайце агенцтва, «інфармацыя пра Беларусь сёння запатрабаваная кітайскамоўнай аўдыторыяй: сумесна з КНР паспяхова рэалізуюцца двухбаковыя праекты, расце цікавасць да беларускай тэматыкі з боку кітайскіх бізнесмэнаў, інвестараў і турыстаў».
Такім чынам, сайт БЕЛТА цяпер даступны на 4 замежных мовах: кітайскай, ангельскай, гішпанскай і нямецкай, а таксама на дзяржаўных беларускай і расійскай. Найбольш аператыўна абнаўляецца расійскамоўная версія сайту, на беларускай навіны з'яўляюцца са спазненнем.
Гэта працяг «кітаізацыі» Беларусі. Восенню гэтага году ў Нацыянальным аэрапорце «Мінск» з'явілася табло адлёту-прылёту самалётаў на кітайскай мове. Абвесткі ў аэрапорце загучалі на расійскай, ангельскай і кітайскай мовах, у той час як беларускай мовы ў аэрапорце не чуваць і не відаць. Акрамя гэтага, абазначэнні на кітайскай мове ёсць на шыльдах для турыстаў у Мінску на тэрыторыі Верхняга горада.
На турыстычным партале minsktourism.by створаная старонка для гасцей з Кітаю, выдадзеныя інфармацыйна-рэкламныя матэрыялы пра турыстычныя адметнасці беларускай сталіцы на кітайскай мове. Брашура «Топ-16 месцаў Мінска» на кітайскай мове будзе даступная ў сталічных гатэлях, турфірмах, Нацыянальным аэрапорце «Мінск», інфакропках.
2018 год будзе абвешчаны Годам турызму Беларусі ў Кітаіюць, бакі плануюць актывізаваць супрацоўніцтва ў сферы турызму.