Бязвізавы рэжым з'явіцца ў Брэсце, а ў Гродне будзе працягнуты да 10 дзён

Бязвізавы рэжым у Гродне і ў Брэсце будзе прадоўжаны да 10 дзён, паведаміла БЕЛТА са спасылкай на віцэ-прэм'ера Анатоля Калініна.

vizy_net.jpg


— Цяпер на завяршальнай стадыі ўзгаднення знаходзіцца праект указа кіраўніка дзяржавы, які тычыцца ўстанаўлення бязвізавага парадку ўезду і выезду замежных грамадзян. Гаворка ідзе пра Брэст і Гродна, а таксама прылеглыя да іх тэрыторыях, дзе бязвізавы рэжым будзе прадоўжаны да 10 дзён, — сказаў віцэ-прэм'ер.
Пасля гэты тэрмін таксама можа быць павялічаны, дадаў ён. Па словах Анатоля Калініна, гэтыя меры будуць садзейнічаць павелічэнню патоку замежных турыстаў у Беларусь.
Бязвізавы рэжым у Гродне быў уведзены ў мінулым кастрычніку. Зараз замежнікі могуць без візы прыязджаць на тэрыторыю Аўгустоўскага канала і прылеглыя населеныя пункты Гродзенскага раёна і Гродна. Уехаць у бязвізавую зону турысты могуць праз тры кантрольна-прапускныя пункты: з боку Польшчы — «Лясная»/«Рудаўка» і «Брузгі»/«Кузніца Беластоцкая», а з боку Літвы праз пункты пропуску «Прывалка»/«Швяндубрэ» і «Прывалка»/«Райгардас». Нядаўна ў Гродне сустрэлі 50-тысячнага бязвізавага турыста.
У Брэсцкай вобласці бязвіз дзейнічае на беларуска-польскім пераходзе «Пярэраў — Белавежа». Турыстам дастаткова мець пры сабе пашпарт і дакумент, які пацвярджае права замежнага грамадзяніна на наведванне НП «Белавежская пушча» — знаходзіцца на тэрыторыі Беларусі яны могуць 3 дні.
12 лютага ў Беларусі запрацаваў пяцідзённы бязвізавы рэжым для грамадзян 80 краін. Скарыстацца гэтай магчымасцю могуць толькі тыя, хто прыляціць у аэрапорт Мінск на міжнародным рэйсе. Па бязвізу ў Беларусь у гэтым годзе прыляцелі каля 80 тысяч турыстаў.
Паводле «Нашай Нівы»