Эксперты: страты адной толькі транспартнай галіны з-за санкцый складуць сотні мільёнаў долараў
У выпадку ўвядзення больш жорсткіх санкцый толькі на рынку экспарту транспартных паслуг Беларусь страціць сотні мільёнаў долараў. Да такой высновы прыйшлі эксперты Цэнтра сацыяльна-эканамічных даследаванняў CASE Belarus, распавядае TUT.BY.
Колькі Беларусь зарабляе на транспартных паслугах за мяжой
Традыцыйна Беларусь мае адмоўнае сальда ў гандлі таварамі і станоўчае ў гандлі паслугамі. Прычым 40% апошняй — гэта транспартныя паслугі. Напрыклад, у 2020 годзе агульны экспарт паслуг склаў 8,785 млрд долараў, з іх 3,682 млрд — транспартныя, 2,232 млрд — кампутарныя.
Амаль 40% экспарту транспартных паслуг забяспечваюць беларускія перавозчыкі грузаў аўтамабільным транспартам — 1,392 млрд долараў. Далей ідуць грузавы чыгуначны транспарт (842 млн долараў) і трубаправодны (548 млн долараў). Абедзве галіны скончылі 2020 год з падзеннем прыкладна на 10-15%.
У той час, як чыгунка і трубаправоды абслугоўваюцца выключна дзяржаўнымі
манапалістамі, знешнегандлёвыя перавозкі аўтатранспартам практычна цалкам
ажыццяўляюцца прыватнымі кампаніямі. Гэта блізу 20 тысяч транспартных сродкаў і
блізу 30 тысяч кіроўцаў, паказваюць аўтары ў аналізе «Якімі стратамі
транспартнай галіны Беларусі пагражаюць санкцыі?»
Яшчэ адна крыніца даходаў у гэтым кірунку — экспарт паслуг
паветранага транспарту, які да пандэміі каронавіруса паказваў найбольш
ўстойлівы рост у параўнанні з іншымі відамі. Аднак у 2020 годзе рынак
авіяперавозак моцна пацярпеў: аб'ём экспарту паслуг паводле вынікаў года
знізіўся да 298 млн долараў з 490 млн у 2019 годзе. Каля 56% з іх прыпадае на
пасажырскія авіяперавозкі.
Па якіх відах транспартных паслуг санкцыі ўдараць мацней
Аўтары даследавання вылучаюць некалькі кірункаў уплыву сектаральных санкцый, у выпадку іх увядзення, на даходы беларускай эканомікі ад знешнегандлёвай дзейнасці.
Непазбежным будзе зніжэнне паступленняў за пралёт паветраных
судоў праз тэрыторыю Беларусі і аб'ёму збіраных аэрапортамі збораў. Прычым
здарыцца гэта незалежна ад зместу чацвёртага пакета санкцый, бо абмежаванні
для авіяперавозчыкаў ўжо ўведзеныя. Дзяржпрадпрыемства «Белаэранавігацыя» на выплатах за транзіт самалётаў атрымлівае ў год
каля 50-60 млн долараў. Калі краіны ЕС увядуць забарону не толькі на палёты
сваіх самалётаў над тэрыторыяй Беларусі, але адмовяцца ўпускаць у сваю
паветраную прастору любога, хто пралятаў у беларускай паветранай прасторы, то
гэтыя паступленні скароцяцца больш чым напалову, бо застануцца толькі зборы за
прылёт у Беларусь і з яе самалётаў кампаній Расіі і некаторых іншых краін.
У 2019 годзе Нацыянальны аэрапорт «Мінск» прапусціў праз сябе
больш за 5 млн пасажыраў. З гэтага аўтары даследавання робяць выснову, што
агульная сума збораў аэрапорта можа скласці па самых сціплых падліках 50 млн
долараў.
Пасля закрыцця Украінай свайго неба для беларускіх
самалётаў, Нацыянальны аэрапорт «Мінск» страціў функцыю хаба, які актыўна
абслугоўваў транзітныя патокі Украіна — Расія і Грузія — Расія. У сувязі з
скарачэннем палётаў у гэтых напрамках «Белавія» страціць не толькі на
еўрапейскім кірунку, але і на расійскім. Падзенне выручкі можа вылічацца
сотнямі мільёнаў долараў, лічаць аўтары аналізу.
Яшчэ адзін буйны гулец на рынку транспартных паслуг — БЧ.
Больш за 60% грузаабароту Беларускай чыгункі прыпадае на транзіт і вываз
прадукцыі айчынных прадпрыемстваў за мяжу. Штогадовы абарот па такіх відах
перавозак перавышае 1 млрд долараў. Аператар беларускай сеткі чыгунак можа
страціць у выпадку ўвядзення ЕС прамых абмежаванняў на транзіт (менш транзітных
перавозак) або сектаральных абмежаванняў на экспарт, напрыклад, нафты,
нафтапрадуктаў, угнаенняў і іншых важных экспартных тавараў Беларусі.
Для аўтамабільнага грузавога транспарту асноўным напрамкам
перавозак з'яўляецца ЕС — краіны ЕАЭС. У зваротным напрамку тры з чатырох машын
ідуць пустымі. Сур'ёзным ударам не столькі па перавозчыкам, колькі па
вытворцам, можа стаць, напрыклад, абмежаванне імпарту ЕС беларускіх
піламатэрыялаў. Гэты тавар мае настолькі нізкі кошт у пераліку на масу, што
накіроўваць яго на рынкі ЕС праз расійскія парты, напрыклад, пад выглядам
расійскага лесу, альбо па чыгунцы ў Кітай з эканамічнага пункту гледжання будзе
бессэнсоўна, адзначаюць аўтары даследавання.