Саміт ЕС-ЗША: кіраўніцтва Беларусі павінна адказаць за парушэнні правоў чалавека і інцыдэнт з Ryanair

Па выніках саміту лідараў Еўрасаюза і ЗША прыняты сумесны дакумент, паведамляе Свабода.

7dfd1b3c_c21d_4914_99f5_e20426cd492e_w1023_r1_s.webp


У дакуменце адзначаецца, што кіраўніцтва Беларусі павінна панесці адказнасць за парушэнне правоў чалавека, а таксама за інцыдэнт з самалётам авіякампаніі Ryanair.
«Мы поўныя рашучасці заклікаць рэжым Лукашэнкі да адказу за эскалацыю нападак на правы чалавека і асноўныя свабоды і за стварэнне пагрозы бяспекі палётаў у выніку беспрэцэдэнтнай і непрымальнай прымусовай змены кірунку руху пасажырскага самалёта ЕС пад ілжывымі падставамі і наступны арышт журналіста ў рамках бесперапыннай атакі на галасы апазіцыі і свабоду прэсы», — гаворыцца ў дакуменце.
Саміт адбыўся напярэдадні сустрэчы прэзідэнта ЗША Джо Байдэна з прэзідэнтам Расійскай Федэрацыі Уладзімірам Пуціным, якая запланаваная на 16 чэрвеня ў Жэневе.
Паведамляецца, што амерыканскі прэзідэнт ужо прыбыў у Жэневу.
Як паведамляе карэспандэнт Свабоды ў Брусэлі, ужо заўтра будуць прынятыя новыя санкцыі супраць 78 чалавек і 7 юрыдычных асобаў.