Глядзіце, хто сышоў! Хто закрывае і адкрывае бізнес у Беларусі
Прэм'ер Беларусі Раман Галоўчанка заявіў аб росце, насуперак санкцыям, прамых замежных інвестыцый. Па яго словах, у I квартале прамыя замежныя інвестыцыі выраслі на 18%, а на чыстай аснове — на 45%. Але…
У той жа час ён заявіў, што «востра зацікаўлены ў прыходзе на наш рынак азіяцкіх вытворцаў». «Цяпер, ва ўмовах згортвання заходнімі кампаніямі вытворчасцяў у Расіі разгорнецца сапраўдная барацьба за інвестыцыі азіяцкія. Іх прыцягненне таксама з'яўляецца вельмі запатрабаваным напрамкам працы кіраўнікоў замежных устаноў у адпаведных краінах», — цытуе Галоўчанку АФН.
Цікава паглядзець, хто сышоў з Беларусі, і хто прыйшоў замест іх.
У Беларусі за апошнія паўгода каля 40 замежных кампаній спынілі сваю дзейнасць, а 20 — атрымалі дазвол на адкрыццё, піша thinktanks.by са спасылкай на Офіслайф.
Пайшлі
Пераважная колькасць тых, хто зачыніўся, — заходнія кампаніі, якія пайшлі па сваёй волі пасля 24 лютага.
У Мінску, паводле звестак, размешчаных на сайце Мінгарвыканкама, за першыя паўгода згарнулі сваю дзейнасць 34 замежных прадстаўніцтва. Заснавальнікі сямі з іх прынялі такое рашэнне да пачатку ваенных дзеянняў ва Украіне, астатнія — пасля 24 лютага. Яшчэ адзін нюанс: калі ў «даваенным» перыядзе ініцыятарам спынення дзейнасці большасці былі мінскія ўлады, то потым 24 з 27 кампаній зрабілі гэта па сваім рашэнні.
Калі параўноўваць з першым паўгоддзем 2021 года, то ў ім па сваёй волі або па рашэнні зверху ў сталіцы зачыніліся прадстаўніцтвы 20 замежных кампаній. Бягучае паўгоддзе пакуль, праўда, не «пераплюнула» шэсць «кавідных» месяцаў 2020-га: тады сталічны рэестр прадстаўніцтваў недалічыўся амаль 45 замежных бізнесаў.
Сярод сямі кампаній, якія зачынілі прадстаўніцтва ў працягу першых паўтары месяцаў 2022 года, — чатыры расійскія і па адной прадстаўляюць Канаду, Кітай і Ганконг.
Пераважная большасць бізнесаў, якія прынялі рашэнне аб ліквідацыі сваёй прысутнасці пасля 24 лютага, — гэта кампаніі альбо з краін ЕС, альбо з Украіны, альбо расійскія «дочкі» еўрапейскіх і адной японскай карпарацыі.
Сярод «еўрапейцаў», напрыклад, фігуруюць нямецкія REHAU і Lactoland Trockenmilchwerk (уваходзіць у Krueger Group, вядомую па шакаладах Mauxion і Schogetten) і літоўская Snegas, з еўрапейскіх і іншых «расійцаў» — Electrolux, Delfingen, Bibicall і Hitachi.
У рэгіёнах згарнулі сваю дзейнасць прадстаўніцтва замежных кампаній на Віцебшчыне, Гарадзеншчыне і Берасцейшчыне.
Хто прыйшоў
Практычна ўсе, хто адкрыўся ў першым паўгоддзі, прыйшлі з Расіі.
Па колькасці офісаў, якія адкрыліся, першае паўгоддзе гэтага года амаль не адрозніваецца ад аналагічных перыядаў 2021-га і 2020-га гадоў.
У гэтым годзе Мінгарвыканкам выдаў дазволу на адкрыццё 14 прадстаўніцтваў, у мінулым фактычны прырост склаў 15, у пазамінулым — 13.
Розніца ў гэтым годзе ў тым, адкуль прыходзяць кампаніі.
Калі ў 2020-2021 гадах сярод іх было дастаткова бізнесаў з Еўрасаюза, іншых краін Еўропы, ЗША, Украіны, то цяпер, пераважна, гэта фірмы з расійскім капіталам.
Адзіным выключэннем у сталічным рэестры з'яўляецца зарэгістраванае ў траўні бягучага года прадстаўніцтва расійскай «Кока-Кола Софт Дрынк Кансалтынг» — адной з трох кампаній, якія адказвалі за бізнес The Coca-Cola Company на рынку Расіі. «Кока-Кола Софт Дрынк Кансалтынг», у прыватнасці, займаецца фарміраваннем партфоліо напояў, развіццём брэндаў, спажывецкім маркетынгам і рэкламай. Дазвол на адкрыццё яе прадстаўніцтва быў выдадзены за некалькі тыдняў да таго, як іншая кампанія, якая адказвае непасрэдна за вытворчасць і дыстрыбуцыю, — «Кока-Кола ЭйчБіСі Еўразія» заявіла аб сыходзе з Расіі.
У рэгіянальных рэестрах пачаткоўцы — толькі ў Мінскай вобласці. Затое іх адразу пяць: большасць — гэта прадстаўніцтва аўтатранспартных кампаній з Расіі і Казахстана.
Таксама выдадзены дазволы на адкрыццё офісаў расійскай кампаніі «ВНИИРА-АУС», якая спецыялізуецца на сістэмах і сродках кіравання паветраным рухам, і адной з брытанскіх фірмаў.
Мала таго, што кампаній прыйшло ў два разы менш, чым сышло, але і якасць іх інвестыцый — таксама пад пытаннем.