Беларус збег ад «хіміі», стварыў прыкладанне і прыцягнуў паўмільёна долараў інвестыцый

Андрэй Пазняк быў вымушаны пакінуць Беларусь у 2020 годзе. Яго затрымалі 11 жніўня, а пасля асудзілі на 3 гады «хіміі» па абвінавачванні ў арганізацыі масавых беспарадкаў. У тым жа годзе ён з'ехаў з Беларусі ва Украіну, а за некалькі месяцаў да пачатку вайны пераехаў у Польшчу.

music_gd6507ee75_1920.jpg


Ён распрацаваў прыкладанне Peech, якое ператварае тэкст у чалавечую мову, якая гучыць «цалкам натуральна», піша Е*рарадыё са спасылкай на спецыялізаванае выданне TechCrunch.

Гэтая распрацоўка прыцягнула 550 тысяч долараў інвестыцый.

Peech даступны на 50 мовах. Журналісты TechCrunch пішуць, што гэтае прыкладанне не заменіць добрую аўдыёкнігу, але дазволіць праслухоўваць доўгія артыкулы ў інтэрнэце або дакументы, калі няма часу іх чытаць.

Распрацоўка беларуса грунтуецца на 6-7 розных мадэлях машыннага навучання, сярод якіх — распрацоўкі Google і Microsoft. Некаторыя мадэлі створаныя камандай самога Пазняка.

Журналісты заўважаюць, што такое прыкладанне можа быць карысным не толькі для аматараў падкастаў і аўдыёкніг, але і для людзей са слабым зрокам, дыслексіяй або іншымі праблемамі, якія ўскладняюць чытанне. Каб «агучыць» тэкст, дастаткова ўставіць у Peech URL-адрас артыкула і папрасіць прыкладанне яго прачытаць.