Гомельскія прадпрымальнікі выйшлі на мітынг супраць Указа 222
Каля 400 прадстаўнікоў дробнага бізнесу сабраліся ля будынка аблвыканкама, каб давесці ўладам сваю нязгоду з абавязковай сертыфікацыяй тавараў лёгкай прамысловасці.

У натоўпе гучаць у асноўным эканамічныя патрабаванні. Прадпрымальніцкі лідар Алег Шабетнік падкрэслівае, што ёсць магчымасць для кампрамісу паміж бізнесоўцамі і ўладай.
— Людзі, якіх нават па ацэнках гомельскіх уладаў больш за 6 тысячаў, застаюцца без працы. Гэта трэба памножыць на сем’і і наёмных людзей, якіх нам дазволілі. З усёй вобласці, наколькі я ведаю, адправілі прапановы, адмяніць указ № 222. Я лічу, што адмяняць трэба толькі першую частку, бо ў другой ідзе гаворка пра наёмных працаўнікоў, якіх усё ж дазволілі. Калі прыбраць указ цалкам, дык у якім прававым полі застануцца наёмныя працаўнікі?

Грамадскі актывіст і прадпрымальнік Уладзімір Няпомняшчых мяркуе, што аддзяляць эканамічныя лозунгі ад палітычных — гэта тупіковы шлях.
— Першае патрабаванне — адмена ўказа №222, а другое патрабаванне, якое можна нават паставіць першым, — адстаўка Лукашэнкі. Іншага не дадзена. Няхай людзі вучаць гісторыю. Адносна Шумчанкі, дык я магу сказаць адно: ён спрабуе забалбатаць праблему. Нават людзей, прадпрымальнікаў, якія прыйшлі да яго на канферэнцыю і хацелі выказаць сваё меркаванне, што трэба выходзіць на плошчу і па-іншаму немагчыма, выкінулі адтуль за каўнер.
Страйк індывідуальных прадпрымальнікаў на беларускіх рынках працягваецца каля 1 месяца. Большасць гандляроў вопраткай і абуткам не выходзяць на свае працоўныя месцы з-за немагчымасці атрымання сертыфікатаў на тавары, якія ўвозяцца з краінаў Мытнага саюза.


