Хто абыходзіць санкцыі: «Гарызонт» ці Intel?

У снежні завод «Гарызонт» заявіў пра пачатак серыйнай вытворчасці і продажу ноўтбукаў уласнай зборкі пад брэндам H-book. Ноўтбукі працуюць на працэсарах Intel. Але яшчэ ў сакавіку 2022 года Intel заяўляла, што спыняе пастаўку прадукцыі ў Беларусь і Расію з-за пачатку вайны ва Украіне.

ghw_y0qgisk7kfkvkp7ybw.png


1 верасня 2022 года Лукашэнка прадэманстраваў школьнікам «першы беларускі камп'ютар», які яму падарылі «разумныя людзі». Па словах Лукашэнкі, у камп'ютары было «каля 12% беларускага, але да канца года будзе 30%». Пасля такой прэзентацыі навіны пра беларускі ноўтбук пачалі рэгулярна з'яўляцца ў дзяржаўных СМІ.

Аказалася, што ноўтбукі ад «Гарызонта» працуюць на працэсарах Intel, якія, па ідэі, не павінны пастаўляцца ў Беларусь праз санкцыі за саўдзел рэжыму ў вайне ва Украіне. На гэтую акалічнасць звярнула ўвагу выданне devby.іо і накіравала ў прэс-службу Intel шэраг пытанняў.

  • Ці ведаюць у Intel пра факт выкарыстання працэсараў Intel у ноўтбуках вытворчасці беларускага дзяржаўнага прадпрыемства Horizont Group?
  • Як працэсары Intel трапляюць у Беларусь, нягледзячы на анансаваную забарону на пастаўкі?
  • Якія крокі гатовыя распачаць у Intel, калі высветліцца, што працэсары пастаўляюцца ў Беларусь у абыход санкцый?

У Intel на пастаўленыя пытанні наўпрост не адказалі, але даслалі агульны каментар — паведамілі, што ўважліва сочаць за ўсімі санкцыямі ў дачыненні да Беларусі і не парушаюць іх:

«Intel працягвае выконваць усе экспартныя правілы і санкцыі ў краінах, у якіх працуе. Гэта ўключае ў сябе захаванне санкцый і экспартнага кантролю супраць Расіі і Беларусі, уведзеных ЗША і хаўруснікамі. Intel мае выразную палітыку, у адпаведнасці з якой яе дыстрыб'ютары і кліенты павінны выконваць усе экспартныя патрабаванні і міжнародныя законы», — гаворыцца ў адказе кампаніі.

У Intel не ўдакладнілі, як працэсары трапляюць у Беларусь, нягледзячы на анансаваную забарону паставак.

Яшчэ ў сакавіку мінулага года паведамлялася, што пастаўкі працэсараў AMD і Intel у Расію спыненыя. Тады прадстаўнікі Intel таксама сышлі ад прамога адказу на пытанне аб прыпыненні паставак: «Кампанія ўважліва сочыць за сітуацыяй і забяспечвае захаванне прыдатных санкцый і правілаў экспартнага кантролю, уключаючы новыя санкцыі, уведзеныя OFAC, і правілы, выдадзеныя BIS (Бюро індустрыі і бяспекі пры Міністэрстве гандлю ЗША)».

У кастрычніку гендырэктар холдынгу «Гарызонт» Юрый Прадко ў эфіры СТВ распавёў аб пачатку серыйнай вытворчасці ноўтбукаў: «Больш за 80 мадэляў мы гатовыя прадставіць рынку. Серыйная і масавая вытворчасць пачнецца ў лістападзе».

У снежні намеснік старшыні Мінгарвыканкама Надзея Лазарэвіч падзялілася напалеонаўскімі планамі: «Ноўтбукі як вырабляліся, так і вырабляюцца. Чатыры тысячы выпушчана гэтым годзе, і ўжо агучаны планы на наступны год — да 200 тысяч».

Лазарэвіч сказала гэта ў каментарах расійскаму выданню Sputnik.by. Многія расійскія выданні — у тым ліку тэхнічныя — перадрукавалі навіну пра беларускія ноўтбукі. Падобна, што гэта была піяр-кампанія па прасоўванні ноўтбукаў «Гарызонт» на расійскім рынку. Пра гэта сведчаць шматлікія хвалебныя загалоўкі ў навінах: «Знакамітыя беларускія ноўтбукі Horizont прывязуць у Расію. Братэрскае імпартазамяшчэнне», «Вытворца беларускіх ноўтбукаў мае намер скласці канкурэнцыю Apple і яе MacBook», «Такога яшчэ не вырабляюць: беларускія ноўтбукі “Гарызонт” пачнуць пастаўляць у Расію», «Вытворца беларускага ноўтбука распавёў аб канкурэнцыі з MacBook».

На расійскім інтэрнэт-агрэгатары Ozon з’явіўся тэг «ноўтбук Гарызонт», але для продажу на платформе дэвайс ўсё яшчэ недаступны.

Продажы ноўтбукаў«Гарызонт» у Беларусі пачаліся ў канцы снежня. Дзяржаўнае агенцтва БелТА паведаміла пра «ўрачыстую цырымонію старту продажаў беларускай навінкі ў святочнай атмасферы» ў ГЦ Galleria Minsk. Аднак хутка кропка продажу закрылася.


Затым ноўтбук стаў даступны для пакупкі ў адзінай інтэрнэт-краме — amd.by. Цяпер у amd.by даступная для куплі адна мадэль — Horizont H-book 15 МАК4. Гэта самая танная мадэль з мінімальнай камплектацыяй: працэсар Intel Core i3, 8 Гб аператыўнай памяці, 256 Гб SSD. Каштуе ноўтбук 1599 рублёў.

У каталогу на сайце анлайн-крамы «Гарызонт» (працуе на расійскім рынку) ёсць і іншыя, больш магутныя мадэлі — з працэсарамі Intel Core i5 і Intel Core i7. Яны павінны паступіць у продаж на працягу студзеня.