У Беларусі ўзаконілі пірацтва — але толькі з «недружалюбных» краін
Улады ўзаконілі паралельны імпарт і інтэлектуальнае пірацтва. Цяпер гэта не злачынства, бо робіцца з добрымі намерамі — выключна дзеля «развіцця інтэлектуальнага і духоўна-маральнага патэнцыялу грамадства»!
![piraty.jpg piraty.jpg](/img/v1/images/piraty.jpg?f=f&h=396&o=0&u=1715395350&w=528)
Цяпер кампутарныя праграмы, фільмы, музычныя творы, тэлеперадачы ў Беларусі можна выкарыстоўваць — і не пытацца дазволу ў праваўладальнікаў. Новы закон «Аб абмежаванні выключных правоў на аб'екты інтэлектуальнай уласнасці» дазваляе гэта, калі праваўладальнікі — з «краін, якія здзяйсняюць недружалюбныя дзеянні» супраць Беларусі, піша «Нямецкая хваля».
Сярод мэтаў закона пазначаецца «развіццё інтэлектуальнага і духоўна-маральнага патэнцыялу грамадства, забеспячэння доступу да дасягненняў сусветнай культуры і падзеяў сучаснага жыцця».
Таксама дазваляецца паралельны імпарт — дапускаецца ўвоз тавараў без дазволу праваўладальнікаў з «замежных дзяржаў, у тым ліку тых, якія здзяйсняюць недружалюбныя дзеянні», калі гэтыя тавары з'яўляюцца важнымі для ўнутранага рынку.
Закон пачынае дзейнічаць з 16 студзеня і збіраецца працаваць да 31 снежня 2024 года.