ІП рыхтуюцца да самаабароны

У індывідуальных прадпрымальнікаў застаўся месяц для працы: улады патрабуюць ад ІП, якія не маюць накладных і сертыфікатаў, ліквідаваць астаткі тавараў і вывезці іх з гандлёвых цэнтраў і выставак.



ip_closed.jpg

А тым часам фіскальныя органы канфіскуюць буйныя партыі тавараў у прадпрымальнікаў за адсутнасць суправаджальных дакументаў. Таму лідары прадпрымальніцкага руху заклікалі выпрацаваць план кансалідацыі ІП і меры па самаабароне дробнага бізнесу.

Актывісты прадпрымальніцкага руху збяруцца 7 снежня ў Мінску, каб выпрацаваць агульную стратэгію дзеянняў пасля 1 студзеня 2016 года, паведамілі на прэс-канферэнцыі ў Мінску намеснік старшыні Руху салідарнасці «Разам» Алесь Макаеў і прадпрымальнік Міхась Латышаў з Гомеля.

Паводле іх словаў, пасля 1 студзеня 80% прадпрымальнікаў па ўсёй Беларусі сыходзяць з гандлёвых цэнтраў і выставак. А тым часам фіскальныя органы канфіскуюць буйныя партыі тавараў у прадпрымальнікаў за адсутнасць суправаджальных дакументаў. «Пакуль канфіскацыя не набыла масавы характар, але ідзе. Для кожнай гандлёвай кропкі, для кожнага прадпрымальніка гэта трагедыя, бо яны пазбаўляюцца сродкаў да існавання», — адзначае Алесь Макаеў.

Калі з гандлёвых кропак сыдуць «несертыфікаваныя» прадпрымальнікі, то за імі аўтаматычна сыдуць і прадпрымальнікі, якія маюць дакументы. «Прадпрымальніцкая дзейнасць на пустых рынках стане бессэнсоўнай», — прагназуе Алесь Макаеў.

Актывіст зазначыў, што па рэгіёнах прадпрымальнікі настроены па-рознаму. Але пры далейшым пагаршэнні ўмоў працы мінскія прадпрымальнікі гатовыя выходзіць на вуліцу, каб абараняць свае правы.

Лідары прадпрымальніцкага руху звярнулі ўвагу на тры «знакавыя» справы, калі дзяржава душыць прыватны бізнэс. Гаворка ідзе пра стварэнне невыносных умоў для прадпрымальніцкай дзейнасці на кірмашу «Давыдаўскім» Савецкага раёна Гомеля ды беспадстаўны пераслед лідараў прадпрымальніцкага руху Міколы Аўтуховіча з Ваўкавыска і Юрыя Ляшэнкі са Светлагорска.

Прадпрымальнік Міхась Латышаў адзначыў, што сёння немагчыма працаваць ІП на кірмашы «Давыдаўскі» праз неабгрунтаваныя і завышаныя тарыфы ставак арэнднай платы і камунальных плацяжоў. Усе звароты да адміністрацыі рынка, раённых і гарадскіх уладаў не толькі не прынеслі ніякага выніку, але паказалі, што ўлады не пойдуць на кампраміс з прадпрымальнікамі.

Алесь Макаеў казаў пра лідараў прадпрымальнікаў: інваліда-калясачніка Юрыя Ляшэнку са Светлагорска, якога за ўдзел у акцыях па ўшанаванню памяці ахвяраў сталінскіх рэпрэсіяў 29 кастрычніка ў Мінску пазбаўляюць права на перавозкі мясцовыя чыноўнікі, і ганаровага старшыню Руха салідарнасці «Разам» Мікалая Аўтуховіча, на якога ажыццяўляюць ціск праз транспартную інспекцыю Ваўкавыска.

«Мы прапануем паставіць на свае мабільнікі ў якасці рынгтона песню Віктара Цоя «Перемен» — на знак салідарнасці і як сведчанне гатоўнасці абараняць свае законныя правы праз выхад на цэнтральныя вуліцы беларускіх гарадоў», — сказаў Макаеў.

Паводле ўказа № 222, 1 сакавіка 2015 года мінуў тэрмін, калі ІП маглі рэалізаваць рэшткі прадукцыі легпрама, увезеныя з краін Мытнага саюза без дакументаў, якія пацвярджаюць набыццё і паступленне гэтых тавараў. Прадпрымальнікі неаднаразова спрабавалі адмяніць гэтую норму, бо з яе ўвядзеннем проста не здолеюць працаваць.

Пасля хвалі забастовак ІП, якія прайшлі ў сакавіку па ўсёй Беларусі, тэрмін рэалізацыі тавараў без дакументаў працягнулі да 1 студзеня 2016 года. Аднак ІП працягваюць заяўляюць, што не змогуць працаваць у новых умовах, паколькі іх пастаўшчыкі, пераважна з Расіі, альбо адмаўляюцца выдаваць дакументы на тавары, якія могуць пацвердзіць паходжанне прадукцыі, альбо выдаюць фальшывыя даведкі.