Масавае банкруцтва беларускіх прадпрымальнікаў

Ільготаў не будзе. Але чакаюцца масавыя банкруцтвы ўжо з першага студзеня. Малы і сярэдні бізнес Беларусі як ніколі апынуўся пагрозаю. Сёння ў Мінску адбылося паседжанне кансультацыйнай рады ў развіцці прадпрымальніцтва. На спатканні прысутнічалі як чыноўнікі, гэтак і прадстаўнікі бізнесу. Аднак пачуць голас людзей улада чарговы раз не захацела.



ai_149232_aux_head_20150427_rynok_bymedia_net_360.jpg

bymedia.net

Пустыя гандлёвыя пункты і цэлыя рынкі. Такая карціна можа чакаць Беларусь ужо менш як праз месяц. Прадпрымальнікаў літаральна загналі ў кут. З першага студзеня ім канчаткова забараняецца гандляваць вырабамі без суправаджальных дакументаў і сертыфікацыі.

«Усе ў паніцы. Ніхто не ведае, што рабіць пасля новага года» — зазначае прадпрымальніца.

«Які можа быць настрой, калі ў нас няма будучыні?» — выказваецца іншы прадпрымальнік.

Сёння чыноўнікі мелі магчымасць яшчэ раз прыслухацца да голасу людзей. У Менску прайшло паседжанне адмысловай грамадска-кансультацыйнай рады. З боку прадпрымальніцкага аб’яднання «Перспектыва» выйшла прапанова падрыхтаваць «план Б», каб пазбегчы паралюшу рынкаў і банкруцтва тысячаў дробных бізнесоўцаў. Аднак адказ прадстаўнікоў уладаў быў адназначны.

«Працаваць вы мусіце паводле новых умоваў, ніякіх саступак не будзе. Гэта паседжанне было для галачкі, яно не мела ніякіх сэнсоўных вынікаў. Відавочна рашэнні будуць прымацца пасля першага студзеня. Яны будуць палітычныя. Тое, што гэта вялікая праблема для малога бізнесу — відавочна» — распавядае Анатоль Шумчанка, аб’яднанне «Перспектыва».

А галоўная праблема — гэта прэзідэнцкі ўказ нумар дзвесце дваццаць два, які набыў моц летась у ліпені. Паводле яго, гандляры абавязаныя мець суправаджальныя паперы ды пасведчанні сертыфікацыі на тавар. Але, як кажуць зацікаўленыя, атрымаць неабходныя дакументы ў большасці выпадкаў немагчыма.

«Мы завозім прадукцыю з Расіі. Там нічога не зроблена, каб мы маглі атрымаць неабходныя дакументы» — тлумачыць прадпрымальнік.

Дасюль дзеяў гэтак званы пераходны перыяд: гандляры атрымалі магчымасць прадаць рэшту тавару паводле старых правілаў. Але з першага з студзеня несертыфікаваную прадукцыю неабходна вывезці з гандлёвых пунктаў. Яе нельга не толькі прадаць, але нават падараваць. За парушэнні пагражаюць спаганяць ад 20 да 200 базавых велічыняў.

«Гэта пагражае знішчэннем усяго малога бізнесу. У прыватнасці індывідуальных прадпрымальнікаў» —  кажа Анатоль Шумчанка.

А як да такой перспектывы ставяцца самі пакупнікі?

«Мы мала зарабляем. У крамах дорага. Тут можна таней дамовіцца», —падкрэслівае пакупніца рынку.

Цяпер пытанне — у тым, як на новую сітуацыю зрэагуюць пасля новага года прадпрымальнікі. Ці вернуцца ў Беларусь буйныя акцыя пратэсту, на якія гадамі выходзілі бізнесоўцы, каб абараніць свае месцы працы? Як сцвярджаюць лідары руху, адказаць на гэтае пытанне можа кожны паасобку і ўсе разам.

Ян Бабіцкі, Belsat.eu