Як ашчаджаць пры набыцці аўто?
Без аўтамабіля пры сучасным рытме жыцця складана. І калі ў горадзе альтэрнатывамі могуць быць таксоўкі і каршэрынг (кароткачасовая арэнда), то ёсць жа яшчэ лецішчы ды вандроўкі. Як сёння набыць сродак перасоўвання, каб ён не стаў раскошай і праблемай? Прапануем актуальныя заканадаўчыя і эканамічныя лайфхакі.
Калі вы надумалі прыгнаць самі ці праз пасярэдніка аўто з-за мяжы, то звярніце ўвагу на ўказ №140, які пачаў дзейнічаць сёлета ў красавіку. Цяпер дзяржава кампенсуе людзям з інваліднасцю 1 і 2 групаў, а таксама шматдзетным сем’ям палову ад мытных пошлінаў на аўтамабіль, які ўвозіцца.
Як гэты дакумент працуе? Першы варыянт атрымання льготы: пры ўвозе машыны паказваеце на мытні адпаведныя пасведчанні, што пацвярджаюць інваліднасць ці шматдзетнасць, і плаціце 50% ад мытаў. Другі варыянт: калі дакументы не паказалі падчас дэкларавання на мяжы, іх можна прадставіць мытнікам цягам года пасля афармлення, напісаць заяву на зварот — і атрымаць палову ад сплачаных мытаў.
«Перагоны» і «вешалкі»
Паводле натарыяльна аформленай даверанасці ажыццявіць за шматдзетных бацькоў ці людзей з інваліднасцю пакупку і мытныя працэдуры можа любая асоба. Увезці ў Беларусь аўтамабіль паводле гэтага ўказу можна раз на год. Прычым скарыстацца такой магчымасцю можа ў адной сям’і як шматдзетны бацька, так і маці.
Кошт пытання, выгады? За аўтамабілі ўзростам 3–5 гадоў, на якія ўстаноўленыя нізкія тарыфы мытныя тарыфы, з аб’ёмам рухавіка 1500 кубічных сантыметраў 100% мытаў складаюць 2550 еўра, адпаведна, 50% — гэта 1275 еўра. Пры аб’ёме рухавіка 1800 кубічных сантыметраў мыты такія — 4500 і 2250 еўра. Калі рухавік на 2000 кубічных сантыметраў, то 5400 і 2700 адпаведна. Тут ужо выгада, як бачым, вельмі істотная.
Паводле ўказа, ніякіх абмежаванняў па карыстанні і распараджэнні на ўвезенае такім чынам аўто няма. Таму пасля апрылюднівання дакумента адразу загаварылі пра тое, што «перагоны» здабылі кантактныя базы асобаў з інваліднасцю і шматдзетных сем’яў і пачалі іх абтэлефаноўваць з прапановамі скарыстацца за пэўную суму іх правам на льготны ўвоз аўто.
Вось што распавёў «Новаму Часу» адзін з былых перагоншчыкаў аўтамабіляў: «Наўрад ці гэта масавая з’ява ці стане такой. Не думаю, што «перагонам» цікавыя такія «вешалкі», як іх называюць. Па-першае, калі я б ганяў машыны і цяпер, то спакойна знайшоў бы тых самых людзей з інваліднасцю сярод знаёмых ці сваякоў». І сапраўды, паводле статыстыкі, у Беларусі такіх асобаў каля паўмільёна.
«Звязвацца з незнаёмымі людзьмі, купляць і афармляць на іх аўтамабіль — таксама вялікая рызыка. Дый іх потым падатковая можа спытаць, калі аўто дарагое, адкуль грошы ўзятыя», — працягвае наш суразмоўца. Дарэчы, улады ўжо паабяцалі наладзіць праваахоўны кантроль за імавернымі падазронымі схемамі паводле ўказу №140.
Бюджэтнік на крэдыт
Малаверагодна, што ўказ спародзіць бум па прыгоне аўтамабіляў з-за мяжы, бо для многіх людзей з абмежаванымі магчымасцямі і шматдзетных сем’яў гэта нават з ільготай непад’ёмная пакупка, калі яна тут і адразу. Наогул, пакупніцкі попыт у Беларусі трывала мяняецца на карысць набыцця новых бюджэтных аўтамабіляў. Перадусім дзякуючы развіццю адмысловых фінансавых інструментаў: крэдыту і лізінгу. У 2018 годзе, паводле дадзеных Беларускай аўтамабільнай асацыяцыі, беларусы набылі амаль 53 тысячы новых машын, з іх прыкладна 49 тысяч — легкавікі, астатнія — камерцыйныя. У параўнанні з 2017 годам рост продажаў склаў 54%! Дарэчы, 90% новых аўто, набытых беларусамі, — машыны расійскай зборкі. А дзясятка самых папулярных марак выглядае так: «Рэно», «Лада», «Фольксваген», «Джылі», «Шкода», «Нісан», «Кіа», «Хёндэ», «ГАЗ» і «Форд».
Акурат гэтыя брэнды прапануюць так званыя «бюджэтнікі» — дастаткова даступныя, асабліва з дапамогай розных крэдытных праграмаў, аўтамабілі коштам да 12–13 тысяч долараў. Натуральна, што самае прыемнае ў такіх машынах — цана, тым не меней кіроўцы ўсё адно наракаюць на іх мінусы: дрэнную шумаізаляцыю, танныя аздабляльныя матэрыялы ўнутры салона, слабае тэхнічнае начынне (напрыклад, можа не быць кандыцыянеру), раннюю карозію кузава, а таксама, што пераважна гэта седаны з бензінавымі рухавікамі. Ну і тых, хто ўсё жыццё ездзіў на былых ва ўжытку аўтамабілях, вельмі расстройвае ў новых машынах (бюджэтныя яны ці не) іх перапродажны кошт ужо праз некалькі гадоў. Ён значна падае ў параўнанні з коштам набыцця — пытанне з эканамічна-псіхалагічнай плашчыні.
Крэдыт можна ўзяць і на патрыманае аўто. Калі ваша сям’я вырашыла набыць машыну такім чынам, то будзьце пільнымі. Не, усё будзе законна, але галоўнае — памятаць, што бюракратычна-калькулятарны д’ябал хаваецца за рознымі маркетынгавымі завабамі ў дамоўных дэталях, а банкі сабе ў страту працаваць дакладна не будуць. Канешне, лепей не браць крэдыт, а пазычыць, калі маецца такая магчымасць, беспрацэнтна. А калі не, то ўсё адно варта мець як мага больш грошай на першапачатковы ўнёсак, каб выплатныя працэнты далей налічаліся з як мага меншай рэшткавай сумы.
Ну і імкніцеся накапляць нешта, апроч, выплаты крэдыту, каб пагасіць яго датэрмінова. Амаль ва ўсіх банках цяпер гэта можна зрабіць без штрафных санкцыяў. Так вы зменшыце крэдытную пераплату. Гэта важна яшчэ і таму, што на набытую з дапамогай крэдыту машыну вам давядзецца афармляць дастаткова дарагую страхоўку КАСКА, якая павінна дзейнічаць на ўвесь перыяд аўтакрэдытавання. І паколькі, апроч працэнтных ставак, у прапановах банкаў будуць разнастайныя дадатковыя плацяжы (афармленне дамовы і гэтак далей), лепей адразу падсумаваць усё, што вам давядзецца выплаціць. І прыняць рашэнне на карысць прапановы з меншай пераплатай звыш кошту аўто.
Аўтамахлярства па-старому і па-новаму
А цяпер пра круцялі з машынамі і крэдытамі. Апошнімі месяцамі актывізаваліся некалькі махлярскіх схемаў, ад якіх могуць пацярпець як прадаўцы, так і пакупнікі легкавікоў.
Тым, хто прадае аўто, варта асцерагацца старой і прымітыўнай (але дзейснай) махлярскай схемы ад уяўных пакупнікоў. Прадаўцу тэлефануюць (звычайна не з беларускіх нумароў), зацікаўлена распытваюць пра аўто і ў выніку бяруць нават не гледзячы. Маўляў, прыедуць жыўцом неўзабаве, а пакуль прапануюць пералічыць задатак, каб замацаваць дамоўленасць. Задаволенага верагоднай дамовай прадаўца просяць даслаць дадзеныя банкаўскай карткі. Калі рэквізіты атрыманыя, ідзе новае тэлефанаванне: уяўны пакупнік кажа, што нешта грошы не праходзяць, і просіць паведаміць яму карткавы трохлічбавы CVC-код (код бяспекі). Калі вы яго далі, то развітайцеся са сваімі грашыма на картцы! І нават ведаючы толькі нумар вашай карткі і тэрмін дзеяння, а таксама імя-прозвішча, махляр можа рабіць пакупкі ў некаторых інтэрнэт-крамах.
Партал ABW.by правёў расследаванне афёры, якая апошнім часам прыйшла да нас з Расіі і ахвярай якой могуць стаць пакупнікі аўтамабіляў. Прычым датычна яе ёсць пытанні да банкаў і ДАІ. Гаворка пра схему, калі ў продажы з’яўляюцца машыны, што знаходзяцца ў закладзе ў банку.
На продаж выстаўляюцца бюджэтныя аўтамабілі без прабегу. Прадаўцы не кажуць пакупнікам, што яны ў банкаўскім закладзе, то-бок, набытыя ў крэдыт. Яны адразу ж прадаюцца дзеля атрымання наяўных грошай. Раней так прадаваліся аўто, закладзеныя ў расійскіх банках. Пасля выяўлення шэрагу такіх выпадкаў беларусы сталі правяраць гісторыю аўто з краіны-суседкі на сайце тамтэйшай Федэральнай натарыяльнай палаты. Адразу занатуйце: у Беларусі таксама маецца база закладавай маёмасці — reestr-zalogov.by. Даступнасць яе платная: каля 17 рублёў за тры запыты цягам месяца.
Цяпер жа аўтасалонам на камісію сталі прапаноўваць машыны гэтага і мінулага гадоў выпуску, набытыя на крэдыт аднаго з беларускіх банкаў. Прычым аўто было знятае з уліку адразу пасля пакупкі і рэгістрацыі ў ДАІ, а ўзяты на 10 гадоў крэдыт за яго, натуральна, не выплачаны. Схема ясная, так? Бяруць крэдыт, купляюць за яго аўто, затым хочуць прадаць машыну за наяўныя, крэдыт не выплачваецца, а проста перавешваецца на новага ўладальніка.
Праблему вырашыць проста: ДАІ і банкам трэба папросту мець агульную базу дадзеных па закладных аўтамабілях. Лепш абмінуць такія схемы загадзя, чым потым праводзіць следства па махлярстве, марнуючы час, грошы і нервы людзей.