Як НАУ абваліла каціроўкі беларускіх еўрааблігацый. Ці тое яшчэ будзе
Каціроўкі дзяржаўных еўрааблігацый Беларусі моцна знізіліся ў сакавіку. Прычынай можа быць актыўнасць на гэтым полі Народнага антыкрызіснага ўпраўлення (НАУ), мяркуе фінансавы аналітык кампаніі «Duff & Phelps» Максім Адаскевіч.
Як паведамляе тэлеграм-канал «Эканоміка па-беларуску», з
сакавіка каціроўкі ўсіх выпускаў беларускіх еўрабондаў рэзка пайшлі долу.
Асабліва жорстка праселі паперы з пагашэннем у 2030-2031 гадах, піша «Белсат».
За 12 сакавіка на Франкфурцкай біржы еўрааблігацыі Беларусі
з пагашэннем у лютым 2030 года апусціліся да 94,3% ад наміналу, у лютым 2031-га — да 92,5%. У канцы лютага гэтыя выпускі гандляваліся па 97,9% і 98,4% ад
наміналу.
Што за еўрааблігацыі?
Пытанні ў НАУ ўзніклі да еўрааблігацый, якія Міністэрства фінансаў Беларусі размясціла 24 чэрвеня 2020 года. Былі зробленыя два выпускі каштоўных папер на агульную суму $1,25 млрд.:
• Беларусь-2026 на $500 млн. з пагашэннем у лютым 2026 года
пад стаўку 5,875%. Еўрааблігацыі размешчаныя па цане 98,799% ад намінальнага
кошту;
• Беларусь-2031 на $750 млн. з пагашэннем у лютым 2031 года
пад стаўку 6,378% гадавых.
Аблігацыі размешчаны па цане 100,0% ад намінальнага кошту.
Грошы паступілі ў бюджэт 24 чэрвеня мінулага года.
Паўплывала НАУ?
У каментары belsat.eu фінансавы аналітык кампаніі «Duff & Phelps» Максім Адаскевіч звязаў падзенне каціровак беларускіх еўрааблігацый з дзейнасцю Народнага антыкрызіснага ўпраўлення.
У лютым кіраўнік НАУ Павел Латушка звярнуўся да інвестфондаў
з Вялікай Брытаніі, Францыі, Швейцарыі, ЗША і іншых краін, якія перад выбарамі
2020 года купілі беларускія еўрабонды на $1,2 млрд.
Лісты былі накіраваныя ўсім 27 інвестфондам, якія трымаюць
беларускія бонды, тром інвестбанкам («Societe Generale», «Citibank» і
«Raiffeisen»), якія размяшчалі аблігацыі, і Міжнароднаму валютнаму фонду (МВФ).
У НАУ заяўляюць, што «грошы з продажу еўрабондаў пайшлі не
на рэфінансаванне вонкавага доўгу, як гэта было заяўлена ў праспекце эмісіі, а
на рэпрэсіі супраць беларускага народа».
У выніку ў сакавіку тры інвестыцыйныя фонды Даніі
(«BankInvest», «Jyske Invest» і «Sparinvest») заявілі аб продажы
дзяржаблігацый Беларусі праз палітычную сітуацыю ў краіне. 11 сакавіка пра
гэта ж заявіў фонд «Nordea Asset Management», які мае ў беларускіх
еўрааблігацыях 30 млн. еўра.
А затым і аўстрыйскі «Raiffeisen Bank» паведаміў, што гатовы
на перамовы з беларускімі дэмакратычнымі сіламі адносна дзяржаблігацый Беларусі, выпушчаных перад выбарамі. Перамовы запланаваныя на гэты тыдзень.
«Я думаю, што тут даволі істотны менавіта продаж еўрабондаў,
які справакавала НАУ. У нас не такія вялікія выпускі, і нашыя аблігацыі не
такія ліквідныя, і продаж аблігацый двума-трыма фондамі, якія трымаюць
некалькі дзясяткаў мільёнаў долараў у нашых аблігацыях, даволі істотны. Гэта
ўплывае на каціроўкі», — заявіў Максім Адаскевіч.
Што гэта значыць
З іншага боку, дадаў аналітык, на сітуацыю ў Беларусі ў блізкай перспектыве гэтае падзенне каціровак паўплывае нямоцна.
«Гэта не значыць, што нейкія грошы сыходзяць з Беларусі.
Проста адзін іншаземны інвестар перапрадае іншаму. Грошы па гэтых аблігацыях ужо
даўно да нас прыйшлі, і адабраць іх магчыма толькі тады, калі Беларусь перастане
выконваць свае абавязкі — выплочваць працэнты», — адзначыў Максім Адаскевіч.
Тым не менш, на яго думку, калі ўлады Беларусі захочуць зноў
выпусціць еўрааблігацыі на сусветным рынку, то «пасля гэтых усіх гісторый гэта
будзе зрабіць вельмі цяжка».
«І раней верагоднасць гэтага была б вельмі малая. А
актыўнасць НАУ зрабіла гэта амаль немагчымым», — падкрэсліў эксперт.
Увесну міжнародныя рэйтынгавыя агенцтвы «Fitch» i «S&P»
будуць планава пераглядаць рэйтынгі Беларусі. Максім Адаскевіч кажа, што яны
праз свой кансерватызм моцна апусцяць крэдытныя рэйтынгі краіны. Але любое
паніжэнне рэйтынгаў можа паўплываць на рашэнні замежных фондаў адносна
беларускіх еўрабондаў.
«Любое паніжэнне рэйтынгу адбіваецца негатыўна. І я думаю,
што тут выключэнняў нават не можа быць», — падкрэсліў фінансавы аналітык.
У НАУ распавялі пра далейшыя планы
У Народным антыкрызісным упраўленні паведамілі, што «задаволеныя бягучымі вынікам кампаніі» і асобна падзякавалі дыяспары беларусаў у Даніі, якія «прарабілі вялікую працу».
«Пакуль што еўрабонды прададзеныя іншым трымальнікам, але мы
верым, што ў хуткім часе даўгавыя абавязкі будуць прадстаўленыя пазычальніку
для датэрміновага пагашэння. Тым фондам, якія ўбачылі магчымасць куплі
беларускіх еўрааблігацый у тых, хто вырашыў іх прадаць у межах кампаніі НАУ,
мы хочам сказаць, што гэта не самае ўдалае рашэнне: для іх гэта пагражае
фінансавымі і рэпутацыйнымі стратамі», — паведамілі ў Народным антыкрызісным
упраўленні.
У НАУ адзначылі, што праца ў гэтым кірунку працягваецца.
«Мы не стамляемся тлумачыць інвестарам, каму і на што яны
далі грошы. Яшчэ адна наша мэта — прызнанне нелегітымнасці Лукашэнкі на ўзроўні
Міжнароднага валютнага фонду, каб рэжым больш не мог фінансаваць рэпрэсіі за
кошт вонкавых запазычанняў», — заявілі ў НАУ.
Таксама ўпраўленне працягвае змагацца за тое, каб прыкладам
дацкіх інвестфондаў скарысталіся іншыя ўладальнікі беларускіх еўрабондаў і
нарвежская кампанія «Yara», «якая працягвае верыць у тое, што можна прымусіць
стаўленікаў Лукашэнкі не парушаць правы шахцёраў».
У Народным антыкрызісным упраўленні падкрэслілі, што
«Беларусі і беларусам патрэбныя інвестыцыі і фінансавая падтрымка, але для
развіцця дзяржавы, эканомікі, грамадства, а не для аплаты асабістай раскошы
Лукашэнкі і прадстаўнікоў яго сілавога апарата, а таксама будаўніцтва турмаў,
СІЗА, задушвання правоў і свабод грамадзян».