НАК: Raiffeisen Bank гатовы да перамоваў па дзяржаблігацыях Беларусі

Raiffeisen Bank гатовы да перамоваў па дзяржаблігацыях Беларусі, выпушчаных перад выбарамі. Пра гэта паведаміў прэс-сакратар Народнага антыкрызіснага кіравання (НАК) Максім Паршута.

425570_347364965306375_1872002160_n.jpg


НАК накіравала лісты ўсім інвестфондам, якія трымаюць беларускія бонды, тром інвестбанкам, якія размяшчалі аблігацыі, і Міжнароднаму валютнаму фонду (МВФ). Сярод інвестбанкаў, якія займаліся размяшчэннем дзяржаблігацый, у тым ліку быў аўстрыйскі Raiffeisen. Як і яшчэ два інвестбанкі, ён праводзіў праверку беларускіх бондаў перад выпускам, ацэньваючы рызыкоўнасць аблігацый, піша REFORM.by.

НАК заклікала Raiffeisen да наступных дзеянняў:

  • скасаваць адносіны з беларускай уладай і звязанымі з ёй дзяржкампаніямі;
  • праверыць мэтавае выкарыстанне атрыманых ад продажу дзяржаблігацый грошай;
  • прыпыніць карэспандэнцкія адносіны з дзяржбанкамі да таго часу да спынення прадастаўлення імі паслугі фізічным і юрыдычным асобам, на якія накладзеныя санкцыі;
  • прызнаць, што выпуск еўрааблігацый Беларусь-2026 і Беларусь-2031 быў неправамерны і не павінен быў адбыцца. У гэтым выпадку ў інвестараў з’явілася б падстава патрабаваць датэрміновага пагашэння аблігацый;
  • зрабіць публічную заяву аб пазіцыі кампаніі ў дачыненні да сваёй далейшай дзейнасці і сувязяў з арганізацыямі і фізічнымі асобамі, датычнымі да грубых парушэнняў правоў чалавека ў Беларусі.

Паведамляецца, што прадстаўнікі Raiffeisen выйшлі на сувязь з НАК, паведаміўшы, што кампанія гатовая да перамоваў. Яны запланаваныя на наступны тыдзень і будуць тычыцца сітуацыі з беларускімі дзяржаблігацыямі.

Раней паведамлялася, што дацкія інвестфонды Nordea, BankInvest, Jyske Invest і Sparinvest таксама пазбавіліся ад дзяржаблігацый Беларусі з-за палітычнай сітуацыі ў нашай краіне. Акрамя таго, з 1 красавіка адмовіцца ад інвестыцый у дзяржаблігацыі Беларусі Дацкі Пенсійны фонд AkademikerPension.