ЗША асудзілі выгнанне з Беларусі трох польскіх дыпламатаў

ЗША асуджаюць выгнанне з Беларусі трох польскіх дыпламатаў, гаворыцца ў заяве, размешчанай на сайце амерыканскага пасольства.

sfkuagtm.jfif

«Злучаныя Штаты выказваюць салідарнасць з Польшчай і асуджаюць выгнанне з Беларусі трох дыпламатычных і консульскіх супрацоўнікаў генеральных консульстваў Польшчы ў Берасці і Гародні. Беларусь павінна прытрымлівацца сваіх міжнародных абавязацельстваў па абыходжанні з дыпламатамі ў рамках Венскай канвенцыі аб дыпламатычных зносінах», — падкрэсліваецца ў заяве.
Дыпламатычны канфлікт паміж Беларуссю і Польшчай пачаўся пасля таго, як 9 сакавіка часовы павераны ў справах Польшчы Марцін Вайцяхоўскі быў выкліканы ў беларускае МЗС, дзе яму быў заяўлены «рашучы пратэст у сувязі з удзелам консула генеральнага консульства Рэспублікі Польшча ў Брэсце Ежы Цімафеюка ў неафіцыйным мерапрыемстве, прысвечаным «дню праклятых жаўнераў», якое прайшло 28 лютага 2021 г. у г. Брэсце з удзелам прадстаўнікоў звязаных з Польшчай няўрадавых і моладзевых арганізацый».
Цімафеюку было прапанавана пакінуць краіну на працягу 48 гадзін. 10 сакавіка намеснік міністра замежных спраў Польшчы па пытаннях бяспекі, амерыканскай, азіяцкай і ўсходняй палітыкі Марцін Пшыдач паведаміў у «Твітэры», што адзін з супрацоўнікаў беларускага пасольства ў Варшаве абвешчаны персонай нон грата.
«У адказ на варожыя і неабгрунтаваныя дзеянні беларускіх уладаў у дачыненні да польскага консула ў Брэсце Польшча сёння абвясціла дыпламата з пасольства Беларусі ў Варшаве персонай нон грата. Адпаведная інфармацыя была перададзеная ў дыпламатычнай ноце падчас сустрэчы ў МЗС Польшчы», — напісаў Пшыдач. Пракурор Брэста 10 сакавіка распачаў крымінальную справу ў сувязі з правядзеннем у абласным цэнтры мерапрыемства, прысвечанага «дню праклятых жаўнераў».
Справа распачатая «па факце здзяйснення групай асоб наўмысных дзеянняў, накіраваных на распальванне нацыянальнай, рэлігійнай варожасці і варожасці па прыкмеце нацыянальнай, рэлігійнай, моўнай прыналежнасці, і ўчынення наўмысных дзеянняў па рэабілітацыі нацызму згодна з ч. 3 арт. 130 КК», паведаміла прэс-служба Генеральнай пракуратуры.
Як адзначыла ведамства, падчас даследчай праверкі ўстаноўлена, што 28 лютага 2021 года ў памяшканні, арандаваным культурна-адукацыйнай установай «Брэсцкі форум польскіх лакальных ініцыятыў» і ТАА «Польская школа», «з удзелам непаўналетніх і моладзі праведзенае незаконнае масавае мерапрыемства».
«Апранутыя ў нацыянальную форму польскай скаўцкай арганізацыі маладыя людзі выконвалі песні, чыталі вершы, што праслаўляюць ваенных злачынцаў, у тым ліку Рамуальда Райса, вядомага па мянушцы Буры», — гаварылася ў паведамленні. У рамках расследавання затрыманы сузаснавальнік «Польскай школы».
11 сакавіка МЗС Беларусі ўручыла Вайцяхоўскаму ноту, у якой кіраўніку і консулу генеральнага консульства Польшчы ў Гродне прапанавана пакінуць тэрыторыю краіны на працягу 48 гадзін. «У сувязі з празмерным, асіметрычным і дэструктыўным адказам Польшчы на правамоцнае і матываванае рашэнне Беларусі ў дачыненні да консула генеральнага консульства Польшчы ў Брэсце Е.Цімафеюка, а таксама ігнараваннем адпаведных просьбаў беларускага боку, на падставе арт. 23 і 55 Венскай канвенцыі аб консульскіх зносінах да польскага боку даведзенае рашэнне аб немэтазгоднасці прысутнасці на тэрыторыі Беларусі кіраўніка і консула генеральнага консульства Польшчы ў Гродне. Польскаму боку ўручаная нота з прапановай названым асобам пакінуць тэрыторыю Рэспублікі Беларусь на працягу 48 гадзін», — гаварылася ў паведамленні МЗС. Увечары 12 сакавіка Варшава абвясціла аб высылцы двух беларускіх дыпламатаў: консула з пасольства ў сталіцы краіны і кіраўніка генконсульства ў Беластоку.

Радыё Рацыя