Польшча высылае двух беларускіх консулаў
У МЗС Польшчы заявілі, што з краіны высылаюць двух беларускіх консулаў. Гэта стала адказам на высылку двух польскіх дыпламатаў з Гродна.
«У сувязі з працягам недружалюбных жэстаў Мінска ў дачыненні да польскіх дыпламатаў у рамках прынцыпу ўзаемнасці Міністэрства замежных спраў Польшчы прыняло рашэнне выслаць генеральнага консула Рэспублікі Беларусь у Беластоку і консула Рэспублікі Беларусь з місіі ў Варшаве», — паведаміў намеснік міністра замежных спраў Польшчы Марцін Пшыдач.
1 сакавіка ў Польшчы адзначаецца Нацыянальны дзень памяці «выклятых салдат», устаноўлены ў 2011 годзе. Гаворка ідзе пра ўдзельнікаў антысавецкага падполля, якія ў другой палове 1940-х гадоў змагаліся за незалежнасць краіны. Але сярод іх ёсць і салдаты атрада Рамуальда Райса (па мянушцы Буры), якія спалілі пяць вёсак на тэрыторыі Усходняй Польшчы, дзе жылі праваслаўныя беларусы. Тады загінулі 79 чалавек.
28 лютага гэтага года ў польскай сацыяльнай школе скаўтаў імя Рамуальда Траўгута ў Брэсце, якая адносіцца да Брэсцкага форума польскіх лакальных ініцыятыў, правялі мерапрыемствы з нагоды Дня памяці «выклятых салдат». Мерапрыемства наведаў консул Генеральнага консульства Польшчы ў Брэсце Ежы Цімафеюк. Пракуратура Брэста ўзбудзіла крымінальную справу па факце гераізацыі ваенных злачынцаў, затрыманы сузаснавальнік школы.
9 сакавіка ў МЗС Беларусі выклікалі часовага паверанага ў справах Польшчы ў Беларусі Марціна Вайцяхоўскага. Дыпламату ўручылі ноту пратэсту з-за ўдзелу консула ў мерапрыемстве ў Брэсце. У МЗС заявілі, што ўдзелам у гэтым мерапрыемстве польскі прадстаўнік парушыў нормы міжнароднага права. Консулу было прапанавана пакінуць тэрыторыю Беларусі.
У адказ Польшча прызнала персонай нон-грата дыпламата з амбасады Беларусі ў Варшаве.
11 сакавіка ў МЗС Беларусі зноў выклікалі часовага паверанага ў справах Польшчы. Польскаму боку ўручылі ноту з прапановай кіраўніку і консулу Генеральнага консульства Польшчы ў Гродне пакінуць тэрыторыю Беларусі на працягу 48 гадзін.
tut.by