«Прадавалася як «Russian dress». Беларускі ў ЗША сабралі калекцыю нацыянальных строяў (фота)
Спявачка і кінавытворца Воля Дземка, якая жыве і працуе ў Сіетле, разам з паплечніцамі з гурта «Volya» больш за дзесяць гадоў збірала калекцыю беларускага жаночага адзення і аксэсуараў. Збор стаўся асноваю каталогу «Беларускі строй», які ўтрымлівае 79 прадметаў, прэзентуе розныя рэгіёны краіны і ахоплівае перыяд з 1880-х да 1940-х гадоў. Выданне на пяцідзесяці старонках выйшла ў ЗША і Беларусі, паведамляе «Белсат».
Паказаныя ў каталогу строі зробленыя цалкам уручную. Яны
адлюстроўваюць адметнасці пяці з шасці рэгіёнаў краіны. Паводле Волі Дземкі, у
іх не было мэты ствараць цэльны рэпрэзентацыйны падбор: беларускае адзенне на
аўкцыёнах і ў антыкварных крамах трапляецца вельмі рэдка, таму набывалі ўсё,
што было.
«На першую ў калекцыі неглюбскую кашулю я трапіла выпадкова
на eBay. Яна там прадавалася як «Russian dress». Потым уласнік сказаў, што
кашуля і два ручнікі сапраўды трапілі да яго ад бабулі з Веткаўскага раёну.
Пасля я злавіла дамачынскую спадніцу, пазначаную як «Eastern-European skirt», і
такім чынам лавіла амаль усё. У адной антыкварнай краме знайшла дзве
ашаламляльныя ювелірнай працы гарадзенскія наміткі — мы тады выграблі з
рахункаў гурта ўсё, што толькі можна. А два даматканыя андаракі незвычайнага
фіялетавага колеру я купіла за капейкі ў людзей, якія нават не думалі, што гэта
некаму спатрэбіцца».
Воля кажа, што расійскіх рэчаў на рынку шмат, таму, маючы
грошы, за паўгода можна сабраць шыкоўную калекцыю. Тое самае з украінскім
адзеннем, а беларускага тым часам амаль няма. «Я думаю, гэта праз тое, што
Беларусь была прахадной, выпаленай войнамі зямлёй. Да таго ж часта майстрыцы
трымалі свае найлепшыя строі для таго, каб быць у іх пахаванымі — маўляў, каб
«там» свае пазналі. А пасля вайны да гэтай культуры ставіліся даволі
пагардліва: даматканае адзенне асацыявалася з беднасцю і пакутамі, таму яго пазбаўляліся
і пераходзілі на гарадское. Многія не ўсведамлялі каштоўнасці таго, што маюць, — у экспедыцыях я бачыла старыя вышытыя ручнікі проста на падлозе».
Амаль усё ў калекцыі — арыгінальнае, узнаўляць даводзілася толькі нейкія элементы кшталту фартушкоў, каптурыкаў і вяночкаў. Ды і тое, рабіліся гэтыя рэчы з антыкварных стужак і тканін паводле адпаведных лякалаў, таму яны выглядаюць так, быццам толькі што з музею. Самы стары экзэмпляр збору — амаль празрыстая намітка з 1870-х. Праўда, яна не ўвайшла ў каталог.
Асноўных колераў у калекцыі тры — белы, чырвоны і чорны.
«Мне шалёна падабаецца беларускі строй, перадусім сваёй элегантнасцю. У
расійскім адзенні што ні рэгіён, то буянне колераў і тканін, а ў нас усё стрыманае,
далікатнае, паводле фігуры. А калі разгледзець рэч бліжэй, убачыш фантастычны
сусвет, на які пакладзена невядома колькі чалавекагадзін».
Калекцыя часткова задзейнічаная ў сцэнічнай дзейнасці фальклорнага гурта «Volya», але бяруцца толькі тыя рэчы, што могуць вытрымаць некалькі канцэртаў на год і падыходзяць памерам. «У нас збольшага вясельныя рэчы, гэта значыць, рэчы маладых дзяўчат 14-15 гадоў. Я іх называю «мышынымі». Калі я спрабавала надзець на манекен апошнюю набытую спаднічку, нават пачула характэрны хруст».
Уласніцы калекцыі пастанавілі, што трымаць у сябе гэтую
прыгажосць злачынна, таму быў створаны каталог. Прадстаўленыя ў ім адзенне і
аксесуары ніколі не выстаўляліся. «У мяне сабраныя ледзь не ўсе выданні пра
беларускія строі, якія толькі выходзілі. Звычайна яны вельмі навуковыя і
страшна дарагія — не для таго, каб пасядзець з філіжанкай кавы і абмеркаваць.
Мне здаецца, наш каталог, нягледзячы на тое, што паказвае прыватную калекцыю,
як бы для ўсіх. Тут таксама мелаваная папера і прэміюм-друк, але мінімум тэксту,
максімум прыгажосці».
Каталог «Беларускі строй» часткова даступны онлайн. Невялікі
наклад папяровага выдання выйшаў у Беларусі і хутка паступіць у продаж. Асобнік
таксама заўсёды можна замовіць на сайце выдавецтва «Lulu».