Як зняцце санкцый з Ірана паўплывае на валютны рынак і цану нафты?
Старшы аналітык кампаніі «Альпары» Вадзім Іосуб распавядае пра наступствы зняцця санкцый з Ірана.
Фота www.racyja.com
18 студзеня цана барэля нафты маркі «Brent» у пачатку гандлёвай сесіі апускаўся ніжэй за $28 за барэль.
Тым часам, на адкрыцці таргоў 18 студзеня ў Мінску долар ЗША падаражэў на 285 рублёў да 20,417, а еўра вырас на 255 рублёў да 22.241. Дэвальвацыя працягваецца.
— Навіна пра зняцце санкцый з Ірана ўжо дала пра сабе ведаць, — адзначае Вадзім Іосуб. — Сёння падчас адкрыцця на еўраазіяцкіх рынках цэны на нафту падалі да ўзроўню 27,7 долараў за барэль, а вярнуліся да 28,5. Таму рэакцыя ёсць, але мы бачым, што максімальнае падзенне адбылося ў момант адкрыцця і пасля гэтага кошты нават крыху аднавіліся. Гэта значыць, што рынак ведае пра тыя аб’ёмы, якія гатовы выдаць Іран на нафтавы рынак. Размова ідзе пра тое, што Іран тэрмінова павялічыць пастаўкі прыкладна на паўмільёна барэляў у дзень, а ў другім паўгоддзі можа іх павялічыць да мільёна барэляў у дзень. Але гэтую навіну ўжо, што называецца, адгулялі. Акрамя таго негатыву для нафтавага рынку, што Іран выходзіць пасля зняцця санкцый на гэты рынак, нейкай іншай негатыўнай інфармацыі не чакаецца. І, магчыма, нават, што сёння мы ўбачым нейкія лакальныя адзнакі, ад якіх нафта будзе нейкі час аднаўляцца, як мінімум да 30 долараў за барэль.
— Ці ёсць нейкае дно ў цэнаў на нафту?
— Насамрэч няма такое паняцця, як «дно цэнаў», яго прыдумалі абывацелі. Перакос попыту і прапановы можа паставіць цану на любы ўзровень — як дастаткова высокі, так і дастаткова нізкі. Часам можна чуць, што гэтае «дно цэнаў» можа быць звязана з сабекоштам здабычы нафты, але ж у розных рэгіёнах кошт здабычы розны і можа моцна адрознівацца. Акрамя таго, тэарэтычна перавышэнне прапановы над попытам на некаторы час можа загнаць кошты і ніжэй сабекошту. Таму «дно цэнаў» — штучна выдуманае паняцце.
— Як адрэагуе на ўсё гэта валютны рынак?
— У любым выпадку, росту цэнаў на нафту пакуль не адбылося, а таму заканамерна, што 18 студзеня працягнуў падаць расійскі рубель, а разам з ім і беларускі. Калі ж пачнуць расці цэны на нафту, то дынаміка развернецца ў супрацьлеглы бок.
Кастусь Заблоцкі, Беларускае Радыё Рацыя