Калі грошы не пахнуць. Як Беларусь гандлюе з акупаванымі Расіяй тэрыторыямі
Беларускія тавары можна знайсці не толькі ў Прыднястроўі, Абхазіі і так званых «ЛДНР», але нават у разбураным Марыупалі. Туды пастаўляюць прадукты, тэхніку, мэблю. Але прадпрыемствы, вядома, не афішуюць такі гандаль.
Расія ўзяла пад кантроль Марыупаль у траўні 2022 года, а ўжо летам у мясцовыя супермаркеты сталі завозіць беларускія прадукты. З паліц крымскіх крам яны і не знікалі. У Прыднястроўі ездзяць беларускія тралейбусы, а ў Абхазіі беларускія будаўнікі праектуюць турыстычны аб'ект ля мора. Фармальна Лукашэнка не прызнаў новы статус гэтых тэрыторый, але гэта не перашкаджае рэжыму зарабляць і пазбягаць санкцый, піша «Deutsche Welle».
Як беларускія тавары трапляюць ва Украіну пасля вайны
У Запарожскай вобласці Украіны, якая часткова знаходзіцца пад акупацыяй Расіі, збіраюцца наладзіць вытворчасць беларускіх трактароў «МАЗ». Таксама ў рэгіёне плануюць адкрыць філіял Аршанскага мясакансервавага камбіната.
І хоць фармальна Беларусь не прызнала за Расіяй захопленыя тэрыторыі, у тым ліку Крым, фактычна гандаль з гэтымі рэгіёнамі працягваецца. «Крым дэ-факта — расійскі, — заявіў Аляксандр Лукашэнка яшчэ ў 2021 годзе. — Пасля рэферэндуму ён і дэ-юрэ стаў расійскім». У ліпені 2022-га ён удакладніў, што таксама дэ-факта прызнаў так званыя «ЛНР» і «ДНР».
Асобнай статыстыкі па гандлі з акупаванымі ўкраінскімі тэрыторыямі няма, лічбы размываюцца ў даных па экспарце ў Расію. Як растлумачыў у каментары DW супрацоўнік Гродзенскай мэблевай фабрыкі, якая пастаўляе прадукцыю ў Крым, фармальна тавар адгружаецца ў расійскія гарады. «Далей ужо ідзе размеркаванне ў той жа Крым, — удакладняе ён. — З улікам складанай лагістыкі, павелічэння пасярэднікаў, прадукцыя даражэе, але многія беларускія прадпрыемствы працягваюць так працаваць. У Крыме ёсць нават асобныя крамы з беларускімі таварамі. Гэта ўжо ініцыятыва мясцовых, так яны прыцягваюць увагу пакупнікоў, таму што "беларускае" асацыюецца з высокай якасцю».
Так, паводле слоў суразмоўцы DW, прадпрыемства можа заключаць індывідуальныя дамовы з расійскімі партнёрамі. Або працаваць праз Гандлёва-прамысловую палату, якая дапамагае наладзіць кантакты, арганізуе ўдзел у форумах і выставах, калі партнёрскія пагадненні могуць заключацца ўжо паміж гарадамі.
У 2022-м Данецк падпісаў пагадненне аб супрацоўніцтве з «Магілёўліфтмашам» і «Амкадорам», улады самаабвешчанай рэспублікі дамовіліся наконт паставак ліфтаў, дарожнай і сельгастэхнікі на 23 млн. еўра. Улетку таго ж года беларускую прадукцыю пачалі пастаўляць у разбураны расійцамі Марыупаль, заявіў кіраўнік самаабвешчанай «ДНР» Дзяніс Пушылін. Мяркуючы па сэрвісах дастаўкі, у Марыупалі, як і ў Крыме, можна знайсці тавары прадпрыемстваў «Санта-Брэмар», «Беллакт», «Рагачоўскі малочна-кансервавы камбінат», «Бабушкина крынка», «Мінскі малочны завод №1», «Савушкін прадукт», «Тураўскі малочны камбінат», «Кобрынскі масласырзавод», «Спартак», «Камунарка», «Квінфуд» і іншых. Пастаўкі ідуць праз расійскія кампаніі, у прыватнасці, зарэгістраваныя ў Растове-на-Доне.
Удар у спіну Арменіі
Адразу пасля заканчэння вайны ў Нагорным Карабаху Аляксандр Лукашэнка наведаў Азербайджан, дзе дамовіўся, што Беларусь пабудуе ў адным з разбураных раёнаў аграгарадок для 420 сем'яў. «Надышоў час, калі трэба адраджаць гэтыя землі, трэба вяртаць людзей», — сказаў палітык.
Візіт выклікаў незадаволенасць у Арменіі. Паводле слоў дырэктара Інстытута Каўказа ў Ерэване Аляксандра Іскандарана, канфлікт з Беларуссю наспяваў з другой Карабахскай вайны — з 2018-га па 2022 год Мінск пастаўляў Баку ўзбраенне. «Заява Лукашэнкі аб падтрымцы Азербайджана сталі ўжо апошняй кропляй, бо фармальна Беларусь і Арменія з'яўляюцца саюзнікамі адразу ў трох аб'яднаннях — СНД, АДКБ і ЕАЭС», — растлумачыў эксперт.
Прэм'ер-міністр Арменіі Нікол Пашынян заявіў, што, пакуль у Беларусі кіраўніком застаецца Лукашэнка, ён не мае намеру наведваць гэтую краіну, як і іншыя афіцыйныя прадстаўнікі Арменіі. У Ерэване па-ранейшаму абмяркоўваюць магчымы выхад з АДКБ. У першым паўгоддзі 2024-га экспарт Беларусі ў Арменію скараціўся на 35%.
Малдова і Грузія абураныя, але санкцыі не ўводзяць
На афіцыйным узроўні Беларусь не прызнае так званую «Прыднястроўскую малдаўскую рэспубліку», але супрацоўнічае ў гандлёвай сферы — пастаўляе прадукты, транспарт. Здзелкі праходзяць праз беларускую Гандлёва-прамысловую палату, якая рэгулярна заключае пагадненні з аналагічнай арганізацыяй у Прыднястроўі. У 2012 годзе тавараабарот перавысіў 100 млн. долараў, праз дзесяць гадоў скараціўся да 30 млн.
Малдова не ўводзіць у адказ эканамічныя санкцыі. Нядаўна міністр замежных спраў Міхай Папшой прызнаў, што ў рэспублікі «ёсць значныя таварныя пазіцыі, асабліва ў сельскай гаспадарцы, якія Малдова экспартуе на беларускі рынак». Беларусь — найбуйнейшы імпарцёр малдаўскага віна. «Мы не імкнемся нашкодзіць нашым адносінам», — дадаў чыноўнік. Пры гэтым агулам аб'ём імпарту ў Малдову з Беларусі за год скараціўся амаль на 25%.
Падобная сітуацыя з Абхазіяй: на афіцыйным узроўні Мінск не прызнаў рэспубліку. Пры гэтым улады Абхазіі называюць Беларусь адным з найбуйнейшых міжнародных партнёраў. Апошнія даныя прадстаўлены за 2021 год, калі беларускі імпарт склаў амаль 4 млн. еўра, годам раней — 3 млн. Асноўныя пазіцыі — хімія, прадукты, сельгастэхніка.
У 2022 годзе самаабвешчаную рэспубліку наведаў Аляксандр Лукашэнка, праз паўгода візіт у адказ нанёс кіраўнік самаабвешчанай рэспублікі Аслан Бжанія. Бакі дамовіліся пра будаўніцтва турыстычнага аб'екта ў Абхазіі. Лукашэнка паабяцаў зняць мытныя пошліны пры ўвозе тавараў з Абхазіі. «Для нас гэта азначае эканамічнае прызнанне», — заявіў кіраўнік так званага МЗС Інал Ардзінба.
У Тбілісі дзеянні Лукашэнкі назвалі грубым парушэннем суверэнітэту і тэрытарыяльнай цэласнасці дзяржавы. Аднак эканамічных санкцый не было. Наадварот, у 2023 годзе Грузія на 30 млн. еўра павялічыла імпарт з Беларусі — да 100 млн.