Карупцыя: паміж выпадковасцямі і заканамернасцямі

Народ абраў кіраўніка дзяржавы і палічыў, што свой абавязак прынцыпала ён на гэтым вычарпаў. Міжволі згадваюцца пачатковыя радкі «Інтэрнацыяналу»:



korr_3.jpg

«Никто не даст нам избавления (у тым ліку і ад карупцыйных пабораў) ни Бог, ни царь и ни герой…»

 

Чарговую «Азбуку паліталогіі» пачну з цытаты, запазычанай на галоўным дзяржаўным сайце: «Андрэй Кабякоў (кіраўнік прэзідэнцкай адміністрацыі) адзначыў, што будаўнічая галіна застаецца адной з найбольш падлеглых карупцыйным рызыкам. «У сферы будаўніцтва існуе ценявая сістэма адкатаў практычна на кожным яго этапе, а таксама кругавая парука», — сказаў ён».

 

Адзін з абавязковых этапаў будаўніцтва — праектаванне. Для разумення нацыянальнай спецыфікі гэтага этапу зноў звярнуся па дапамогу да кіраўніка АП: «Рынак праектных, каштарысных, вышукальніцкіх прац усё больш коціцца ў ценявую сферу, а структураванне задач яго ўдзельнікаў набывае ярка выяўленыя рысы злачынных арганізацый».

 

Нагадаю чытачам НЧ, што яшчэ на першым Усебеларускім народным сходзе ў 1996 годзе будаўніцтва жылля нароўні з экспартам і харчаваннем было вызначана ў якасці трох прыярытэтаў сацыяльна-эканамічнага развіцця Беларусі. За 17 гадоў адзін з прыярытэтаў ператварыўся ў пажыўнае асяроддзе для злачынных арганізацый. Што гэта — выпадковасць ці заканамернасць, спароджаная самой прыродай беларускай мадэлі?

 

Без паўлітра не разабрацца

 

«Новые угрозы и вызовы времени, в первую очередь связанные с борьбой с коррупцией в высших эшелонах власти». Аўтарства такога маштабнага абагульнення, спадзяюся, зразумелае. Ад сябе дадам, што ў шэрагу пагроз нацыянальнай бяспецы, карупцыя відавочна вырвалася ў лідары і пакінула далёка за сабой знешніх ворагаў і іх памагатых — «пятую калону».

 

Але карупцыя — гэта сфера адказнасці дзяржавы, тым больш што ў прыведзенай цытаце гаворка ідзе не пра побытавую карупцыю, а пра карупцыю «ў вышэйшых эшалонах улады». Такім чынам, галоўнай крыніцай небяспекі для беларускіх грамадзян з’яўляецца… беларуская дзяржава. З чым я і віншую чытачоў НЧ.

 

Без паўлітра і без тэарэтычнай мадэлі тут не разабрацца. Але практычнымі навыкамі самагонаварэння я не валодаю, таму адразу перайду да тэарэтычнай мадэлі.

 

Прынцыпал-агенцкая мадэль, распрацаваная істытуцыянальнымі эканамістамі, апісвае не столькі карупцыю «наогул», колькі карупцыйныя паводзіны. Першы персанаж гэтай мадэлі — прынцыпал (начальнік). Яго характарызуюць дзве ключавыя ўласцівасці: наяўнасць пэўных задач і рэсурсы для іх выканання.

 

Але прынцыпал, як правіла, не ў стане распарадзіцца ўсімі сваімі рэсурсамі самастойна, таму ён вымушаны падзяліць задачу на фрагменты і даручыць іх выкананне іншым персанажам мадэлі — агентам (падначаленым).

 

Пры далучэнні агентаў да вырашэння задачы прынцыпал вымушаны перадаваць агентам і частку рэсурсаў. Натуральна, ён спрабуе ўзяць выдаткаванне рэсурсаў пад асабісты кантроль. Эфектыўнасць кантролю, аднак, абмяжоўваецца асіметрыяй інфармацыі, якая ўзнікае паміж прынцыпалам і яго агентамі з прычыны спецыялізацыі апошніх. Д’ябал мае звычку хавацца ў дэталях, а для прапрацоўкі дэталяў якраз і патрэбныя агенты.

 

Выкарыстанне агентамі рэсурсаў прынцыпала ў асабістых мэтах пад прыкрыццём асіметрычнага размеркавання інфармацыі прынята называць «апартуністычнымі паводзінамі». Такія паводзіны і ёсць карупцыя ў чыстым выглядзе. Карупцыя — гэта заўсёды здрада, бо агент выкарыстоўвае рэсурсы прынцыпала не для вырашэння яго задач, а для рашэння сваіх уласных, г. зн. ён крадзе рэсурсы прынцыпала.

 

Зразумела, асіметрычнае размеркаванне інфармацыі не варта разглядаць у якасці адзінай прычыны карупцыі. Не варта забываць і пра недасканаласць прынцыпала. Растлумачу цытатай з сацыёлага Георгія Сатарава: «Што такое традыцыйны кіраўнік? Гэта той, хто лічыць, што ён лепшы за ўсіх. Таму яму не прыйдзе ў галаву, што ён няправільна паставіў задачу, што ён непрадумана перадаў агенту рэсурсы, што ён не ўмее выкарыстоўваць інфармацыю і памяншаць яе асіметрыю. І прызначаную ім узнагароду ён, вядома, лічыць абсалютна правільнай».

 

«Дурная бясконцасць»

 

Прынцыпал, безумоўна, здагадваецца пра схільнасць сваіх агентаў да апартуністычных паводзін, і таму імкнецца зменшыць асіметрыю інфармацыі. Ён уводзіць кантроль за агентамі. Зразумела, яго асабістыя магчымасці ў якасці кантралёра абмежаваныя. Таму ў прынцыпал-агенцкую мадэль ён уводзіць дадатковага персанажа — агента кантролю.

 

Апусцімся з тэарэтычнай вяршыні на грэшную зямлю. 7 чэрвеня адзіны палітык (АП) наведаў Аператыўна-аналітычны цэнтр. Пра мэты і задачы гэтай спецыфічнай арганізацыі можна даведацца на яе сайце: «ААЦ з’яўляецца дзяржаўным органам, які здзяйсняе рэгуляванне дзейнасці па забеспячэнні абароны інфармацыі, што змяшчае звесткі, якія складаюць дзяржаўныя сакрэты Рэспублікі Беларусь ці іншыя звесткі, што ахоўваюцца ў адпаведнасці з заканадаўствам, ад уцечкі па тэхнічных каналах, несанкцыянаваных і ненаўмысных уздзеянняў».

 

Сам факт існавання арганізацыі з падобнымі мэтамі і задачамі ў наша інфармацыйнае стагоддзе не павінен здзіўляць. Але што канкрэтна прывяло АП у ААЦ, здагадаліся? Ну, вядома, — барацьба з карупцыяй у вышэйшых эшалонах улады. У тым ліку і для супрацьстаяння гэтаму злу спатрэбілася стварэнне «интеллектуально сильной, мобильной и независимой от корпоративных интересов и внешнего давления структуры», якая схавалася за абрэвіятурай з трох літар.

 

Тут неабходнае тлумачэнне. Агенты кантролю прынцыпова ні чым не адрозніваюцца ад агентаў, якіх яны кантралююць. Гэта азначае, што адносіны паміж прынцыпалам і агентам кантролю маюць недахопы, апісаныя вышэй, напрыклад, асіметрыю інфармацыі. Агент кантролю ведае, што робіць падкантрольны яму агент, а прынцыпал не ведае. Таму заўсёды існуе верагоднасць змовы за спіной прынцыпала, і апошняму нічога не застаецца, як уводзіць кантроль над агентамі кантролю.

 

Так запускаецца «дурная бясконцасць», якая натхніла ў свой час невядомага паэта:

 

У блох свои блошата есть,

И блох плодят они там.

У тех своих блошат не счесть,

И так ad infinitum (да бясконцасці).

 

Нескладана здагадацца, што ўнутраны кантроль практычна не вырашае праблему асіметрыі інфармацыі, а толькі прыводзіць да росту выдаткаў. Вось і даводзіцца прынцыпалу звяртацца да розных тэхнічных хітрыкаў. Найбольш папулярны — ратацыя агентаў кантролю. Прывяду фрагмент чэрвеньскага прэс-рэлізу, прысвечанага прызначэнню «галоўных інспектараў па абласцях»: «Кіраўнік дзяржавы падкрэсліў, што наўмысна адпраўляе ў Брэсцкую і Гродзенскую вобласці людзей, якія не знаёмыя блізка з працай гэтых рэгіёнаў, з той мэтай, каб не было кругавой парукі, каб інспектар ніяк не быў звязаны з кіраўніцтвам вобласці».

 

Гэта значыць, што першапачаткова поўнага даверу да сваіх «глаз и ушей на конкретной территории» АП не мае! І таму, робячы наказы сваім асабістым прадстаўнікам у абласцях, ён вымушаны быў падкрэсліць, што «помогать вам никто не будет, вы практически работаете в одиночку». Як тут ні прыгадаць легендарнага Штырліца з «Сямнаццаці імгненняў вясны».

 

«Мы, народ Рэспублікі Беларусь…»

 

Сіла беларускай дзяржавы — у вертыкалі ўлады, якая эфектыўна функцыянуе. Такая афіцыйная версія. Паводле ж прынцыпал-агенцкай мадэлі, вертыкаль улады — гэта своеасаблівая матрошка, у якой кожны кіраўнічы ўзровень варта разглядаць у якасці агента для вышэйшага ўзроўню і прынцыпала — для ніжэйшага. Адпаведна, кожны ўзровень спараджае сваю асіметрыю інфармацыі.

 

Зноў звярнуся па дапамогу да Георгія Сатарава: «Гэтак жа, як трэнне з’яўляецца непераадольнай праблемай механічных прыладаў, так і дэфекты прынцыпал-агенцкай мадэлі з’яўляюцца неад’емнай праблемай кіраўнічых структур. І вось што важна: вертыкальныя бюракратычныя структуры памнажаюць праблемы вертыкалі, павялічваюць выдаткі на пераадоленне гэтых праблем і павялічваюць верагоднасць карупцыі. Калі гэту тэндэнцыю працягнуць, то вертыкаль можа дасягнуць такога памеру, што яе кіраўнічая эфектыўнасць звядзецца да нуля. І больш за тое, гэта вертыкаль ператворыцца ў гіганцкую праблему для ўсяго, што знаходзіцца па-за яе межамі».

 

Прыклад такой некіравальнасці і дэманструе будаўнічы комплекс. Гэта не мая ацэнка. Гэта ацэнка АП: «Ситуация в строительстве не просто настораживает, а складывается критической. И не только потому, что у строителей недостаточные объемы, вопрос в том, что какое направление ни возьми — в строительстве полный обвал, начиная от неудовлетворенности граждан сроками, качеством и стоимостью строительства и заканчивая той коррупцией, в которой погрязла вся отрасль».

 

У карупцыі заўсёды ёсць ахвяра. Здавалася б, з дапамогай прынцыпал-агенцкай мадэлі яе персаніфікацыю вылучыць нескладана. Аднак не ўсё так проста. Адкрыем Канстытуцыю. Яе прэамбула пачынаецца са слоў: «Мы, народ Рэспублікі Беларусь…» Вы ўсё зразумелі? Па нашай Канстытуцыі, у кіраўніка дзяржавы ёсць прынцыпал. Гэта народ, які яго абірае.

 

Любая службовая асоба, якое б месца ва ўладнай вертыкалі яна ні займала, з’яўляецца агентам народа. Ад яго яна ў канчатковым выніку і атрымлівае рэсурсы — як уладныя, так і матэрыяльныя. Таму ў любога карупцыйнага злачынства існуе канчатковая ахвяра. Гэта ахвяра — народ краіны.

 

Ніякія сілы, сканцэнтраваныя ў асяроддзі ўладнай (бюракратычнай) вертыкалі, ад ролі ахвяры пазбавіць народ не могуць. Як тут ні прыгадаць вызначэнне дэмакратыі, што даў у свой час АП: «Народ осуществляет реальную демократию, избирая главу государства и законодательную власть. После этого глава государства и депутаты должны действовать в рамках Конституции. Вот и вся демократия».

 

Усё лагічна. Менавіта такі тып дэмакратыі і рэалізаваны ў Беларусі. Народ абраў кіраўніка дзяржавы і палічыў, што свой абавязак прынцыпала ён на гэтым вычарпаў. Міжволі згадваюцца пачатковыя радкі «Інтэрнацыяналу»: «Никто не даст нам избавления (у тым ліку і ад карупцыйных пабораў) ни Бог, ни царь и ни герой…»