Колькі чалавек у Беларусі жывуць за рысай беднасці?

Паводле Белстата, доля насельніцтва з узроўнем сярэднедушавых наяўных рэсурсаў ніжэй за бюджэт пражытковага мінімуму ў Беларусі ў другім квартале 2023 года знізілася да 3,6%. Аднак 3,6% — гэта каля 330 тысяч чалавек.

_zycce___ekanomika___ljudzi___belarus__fota_dzmitryeu_dzmitryj_novy_czas__2__logo_2.jpg

Для вызначэння парога беднасці Нацыянальны статыстычны камітэт выкарыстоўвае бюджэт пражытковага мінімуму, тлумачыць тэлеграм-канал «Нашы грошы». У другім квартале гэты паказчык у сярэднім на душу насельніцтва складаў 352,13 рублёў. Аднак гэта — «у сярэднім», а для розных катэгорый грамадзян Белстат лічыць гэты паказчык асобна. Так, для працаздольнага насельніцтва ён крыху большы (389,53 рубля), для пенсіянераў меншы (265,96 рублёў), для дзяцей у залежнасці ад узросту ад 224 да 378 рублёў. Менавіта гэтыя значэнні выкарыстоўвае Белстат пры вызначэнні ўзроўню беднасці.

Бюджэт пражытковага мінімуму — паказчык хітры. Так, напрыклад, узровень беднасці будзе зніжацца нават без росту аплаты працы ўслед за старэннем насельніцтва. Пры трапленні ў катэгорыю пенсіянераў парог беднасці рэзка апускаецца. Для старэючага соцыўму і пры любові нацыянальнай статыстыкі да прыгожых лічбаў такі паказчык — сапраўдная знаходка.

photo_2023_09_10_13_43_13.jpg

Між тым захоўваецца вялікае адрозненне паміж узроўнем беднасці ў гарадах і сельскай мясцовасці. Так, калі ў гарадах гэта ўсяго 2,9% насельніцтва ў другім квартале бягучага года, то на вёсцы ў два разы больш (6,3%). За квартал для горада паказчык знізіўся, а для вёскі вырас — было 3,3% і 6,0% адпаведна.

У сталіцы да такой катэгорыі насельніцтва адносіцца толькі 1,1% насельніцтва, а ў Мінскай вобласці ўжо 2,6%. Ніжэй за сярэдні па краіне ўзровень беднасці ў Гродзенскай вобласці (2,7%). У іншых абласцях ён адчувальна вышэйшы: у Віцебскай вобласці 5,0%, у Гомельскай вобласці 5,3%, у Брэсцкай вобласці 5,1%. Самы высокі ўзровень беднасці Белстат фіксуе ў кузні беларускіх кіраўнічых кадраў, у Магілёўскай вобласці — 5,6%.