«Кошт электраэнергіі БелАЭС можа стаць зброяй маніпуляцый у руках Крамля»

Продаж электраэнергіі БелАЭС па цане ніжэй за сабекошт можа стаць зброяй маніпуляцый у руках Крамля, лічыць лектар Інстытута міжнародных адносінаў і палітычных навук Віленскага ўніверсітэта Ромас Швядас.

belaes_800x400.jpg


"Калі лічыць з эканамічнага пункту гледжання, з працэнтамі за крэдыт, які Беларусь атрымала ў Расіі, кошт не павінен быць нізкім. Але тут у адносінах з Крамлём сітуацыя такая, што калі Беларусі няма каму будзе прадаваць электрычнасць, яна будзе гатовая да дэмпінгу коштаў, каб атрымаць хоць колькі сродкаў, каб праект мог існаваць", — сказаў ён у перадачы Delfi 11.
Па словах Швядаса, гэта можа стварыць праблемы ў краінах Балтыі, паколькі цана на беларускую электрычнасць будзе ніжэйшая.
"Дэмпінг — адна з папулярных тактык, якую можа выкарыстоўваць Крэмль, г. зн. спецыяльна кампенсаваць частку кошту, каб стварыць залежнасць і выклікаць хаос у рэгіёне.
Тут могуць спрацаваць элементы рынку, сістэмныя элементы, Беларусі няма куды будзе падзець электраэнергію. Могуць дзейнічаць і геапалітычныя меры, будуць наўмысна старацца пастаўляць у наш рэгіён больш танную электрычнасць і паспрабаваць выклікаць незадаволенасць мясцовай прамысловасці і бізнесу тым, што побач з мяжой такая танная электрычнасць, а мы яе не купляем. Як цяпер канкураваць з Кітаем? Кошта будзе асобнай і важнай тэмай", — прагназуе літоўскі спецыяліст.
Кіраўнік Дзяржаўнай інспекцыі бяспекі атамнай энергетыкі Саўлюс Кутас заўважыў, што пры абмеркаванні кошту электраэнергіі Астравецкай АЭС трэба ўлічыць і тое, што рана ці позна яе прыйдзецца закрываць.
"Закрыццё гэта асноўная ўмова і элемент падліку пры высвятленні кошту электрычнасці АЭС. Калі гэта не палічыць, то цана будзе скажоная. Груба кажучы, закрыццё АЭС каштуе столькі ж, колькі і будаўніцтва. Значыць, арыентацыйны кошт — кошт двух электрастанцый", — сказаў ён.
У сваю чаргу старшыня парламенцкай камісіі па энергетыцы і гарманічнаму развіццю Віргіліюс Подэрыс адзначыў, што кошт электраэнергіі вызначаецца і спецыфікай дзеяння АЭС.
"Калі АЭС запускаюць, яна працуе ўвесь час. У сістэму падаецца энергія, якую прадаюць. Няма нават пытання, ці будзе яна таннай. Яна будзе таннай. Але не праз нізкі сабекошт, на АЭС немагчыма змяніць рэжым. Яна працуе ў адным тэмпе і гандлюе. Калі трэба, прадаюць і па цане ніжэй сабекошту. Бо калі яна не працуе, Што рабіць? Банк жа не возьме", — сказаў ён.
Паведамляецца, што першы блок БелАЭС ужо амаль завершаны, а яго фізічны запуск запланаваны на жнівень.
Кутас растлумачыў, што тэарэтычна і юрыдычна ёсць два моманты запуску блока АЭС.
"Фізічны запуск, калі ў рэактар загружаюць паліва і становіцца магчымай ядзерная рэакцыя. Затым рэактар спрабуе запусціць генератар і ён сінхранізуецца з электрычнай сістэмай. Тады электраэнергія ўжо патрапіць у сеткі і значыць, што АЭС працуе. Праграма запуску вялікая, гэта комплекс сістэм. Усё яе дзеянне трэба наладзіць. Гэта працяглы працэс, які патрабуе нямала ведаў. Патрэбна і культура бяспекі абслуговага персаналу", — сказаў энергетык.
Паводле Швядаса, БелАЭС аказала істотнае ўздзеянне на балтыйскі рэгіён.
"Пасля запуску БелАЭС Крэмль працягне пачатае. Ён паспяхова карыстаецца тактыкай "падзяляй і ўладар", ён уносіць разлад у наш рэгіён, падзяляе яго. Мы гаворым аб ядзернай бяспецы, аб сістэме, гандлю электрычнасцю, але, па маёй ацэнцы, самая вялікая пагроза — павелічэнне залежнасці Літвы і Беларусі ад Крамля. У Крамля ў нашым рэгіёне ёсць аб'ект, з дапамогай якога можна намі маніпуляваць.
Хаос пачаўся як ва ўнутранай палітыцы Літвы, так і ў адносінах з латышамі і эстонцамі. Мы вымушаныя апраўдвацца. Вее прахалодай у адносінах з Беларуссю. Я думаю, у Крамлі гэтаму рады", — сказаў Швядас.
Паводле delfi.lt