У МЗС Расіі «паразмаўлялі» з Уладзімірам Сямашкам з нагоды затрымання «вагнераўцаў»

Амбасадара Беларусі ў Расіі Уладзіміра Сямашку выклікалі ў МЗС Расіі, дзе яму было заяўлена аб беспадстаўнасці затрымання 33 расійцаў у Беларусі, і пра тое, што Масква настойвае на аб’ектыўным сумесным расследаванні гэтай сітуацыі, заявілі ў панядзелак у МЗС Расіі.

09fd2fec0ebe9d37591f57f0fbf77181_1068x712.jpg


Як адзначаецца ў паведамленні на сайце расійскага знешнепалітычнага ведамства, намеснік кіраўніка МЗС РФ Андрэй Рудэнка запрасіў Сямашку для грунтоўнай размовы «аб стане і перспектывах двухбаковых расійска-беларускіх адносін».

«Асаблівая ўвага была нададзена сітуацыі з нядаўнім затрыманнем у Беларусі 33 грамадзян Расіі. З расійскага боку было заяўлена, што арышт расійскіх грамадзян, здзейснены па неабгрунтаваных і надуманых падставах, не адпавядае духу брацкіх саюзніцкіх адносін паміж дзвюма краінамі і народамі», — адзначаецца ў паведамленні.

У МЗС РФ падкрэслілі, што «Расія ніколі не ўмешвалася і не збіраецца ўмешвацца ва ўнутраныя працэсы іншых дзяржаў, тым больш у Беларусі, якая з’яўляецца нашым найбліжэйшым сябрам і хаўруснікам».

«Настойваем на аб'ектыўным расследаванні беларускімі партнёрамі ў цесным узаемадзеянні з расійскімі калегамі ўсіх абставінаў таго, што адбылося, і хутчэйшым вызваленні затрыманых расійскіх грамадзян», — заявілі на Смаленскай плошчы.

Як паведамлялася, 30 ліпеня СБУ Украіны заявіла, што будзе ініцыяваць экстрадыцыю затрыманых у Беларусі расійцаў, якіх улады лічаць байцамі ПВК «Вагнер», што былі закінутыя ў Беларусь для арганізацыі масавых беспарадкаў.

«СБУ будзе ініцыяваць пытанне экстрадыцыі затрыманых у Беларусі баевікоў», — сказалі агенцтву «Інтэрфакс-Україна» ў прэс-цэнтры СБУ ў мінулы чацвер. На наступны дзень у офісе генпракурора Украіны паведамілі, што праінфармавалі кампетэнтныя органы Беларусі аб намеры патрабаваць экстрадыцыі затрыманых на яе тэрыторыі ўдзельнікаў баявых дзеянняў у Данбасе.

«28 асобам, з якіх дзевяць — грамадзян Украіны, абвешчана аб падазрэнні па факце ўдзелу ў тэрарыстычнай арганізацыі (арт. 258-3 КК Украіны)», — паведамілі ў офісе генпракурора. Украіна будзе прасіць аб выдачы 28 затрыманых, якім выстаўленыя абвінавачванні.

31 ліпеня МЗС Беларусі перадаў Украіне спіс затрыманых і звярнуўся з просьбай перадаць названы дакумент кампетэнтным органам Украіны.

Супрацоўнікі праваахоўных органаў Беларусі 29 ліпеня затрымалі пад Мінскам 33 грамадзяніна РФ. Увечары 29 ліпеня Лукашэнка сабраў тэрміновае пасяджэнне Савета Бяспекі. Інфармацыю аб затрыманні там пацвердзіў кіраўнік КДБ Валерый Вакульчык. Лукашэнка даручыў Вакульчыку звярнуцца ў расійскія дзяржорганы за тлумачэннем.

Між тым амбасадар РФ у Мінску Дзмітрый Мезенцаў заявіў, што Масква настойвае на хуткім вызваленні затрыманых у Беларусі расійскіх грамадзян і разлічвае на ўзаемадзеянне з праваахоўнымі органамі Беларусі.

У пятніцу пытанне аб затрыманні расійцаў у Беларусі абмяркоўвалася на анлайн-нарадзе кіраўніка Расіі Уладзіміра Пуціна з пастаяннымі членамі Рады бяспекі Расіі. «Была выказана надзея, што ўжо ў бліжэйшы час у гэтую гісторыю будзе ўнесена яснасць і беспадстаўна затрыманыя расійскія грамадзяне будуць вызваленыя», — заявіў прэс-сакратар кіраўніка РФ Дзмітрый Пяскоў.

Затрыманым абраная мера стрымання ў выглядзе заключэння пад варту.

Паводле interfax.by